Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» зноў пачалі галадоўку: патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам


Галадоўка маці-328 у 2018 годзе

13 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу будуць прымаць зьмены ў 2-й і 3-й частцы 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Плянуецца паменшыць мінімальныя тэрміны пакараньня паводле гэтых частак антынаркатычнага артыкулу.

За два дні да гэтага тры актывісткі руху «Маці 328», дзеці якіх адбываюць пакараньне паводле наркатычнага артыкулу, абвясьцілі галадоўку.

Як і летась, галадоўніцы выбралі сваёй базай лецішча адной з актывістак у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. Мінулы раз галадоўка ў Востраве доўжылася 18 дзён.

Спадзяюцца на Лукашэнку

Актывісткі руху «Маці 328», якія адважыліся на галадоўку, кажуць, што плянаванае зьмякчэньне наркатычнага артыкулу недастатковае.

«Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам мы дамагаемся, каб патлумачыць, што заплянаваных зьменаў недастаткова, і тое, чаму кіраўніцтва міліцыі супраць. Магчыма, цяпер, у сувязі з адстаўкай Ігара Шуневіча, які быў настроены асабліва нэгатыўна да нашых прапаноў, нам удасца пераканаць кіраўніка дзяржавы. На нашу думку, кіраўніцтва міліцыі зацікаўленае ў вялікай колькасьць асуджаных паводле артыкулу 328, бо гэта танная працоўная сіла для розных прадпрыемстваў у сыстэме выкананьня пакараньняў. Фактычна гэта ўзаконенае рабства», — сказала Свабодзе Ала Беналь.

Цяпер, паводле афіцыйных крыніц, болей за 4 тысячы чалавек адбываюць пакараньне па 328-м артыкуле КК. Актывісткі «Маці 328» лічаць, што можна дамагчыся зьмяншэньня гэтай колькасьць асуджаных ня менш як удвая.

Хочуць перагляду спраў

Маці патрабуюць таксама перагляду справаў асуджаных паводле 4-й часткі 328-га артыкулу — за распаўсюд наркотыкаў у складзе злачыннай арганізаванай групоўкі.

«Такіх спраў у судах цяпер усё болей, судзяць адначасова па 20-30 чалавек, хоць часта юнакі нават ня ведаюць адзін аднаго. Ім пагражае да 20 гадоў, і вельмі часта 18-гадовыя такія тэрміны і атрымліваюць. І што ў выніку? Чалавек, які адбыў на зоне 20 гадоў, палову жыцьця, ужо страчаны для грамадзтва.

Мы патрабуем перагледзець ужо вынесеныя прысуды паводле 4-й часткі і зьменшыць удвая максымальныя тэрміны. А для тых, хто вызваляецца, прымаць праграмы рэабілітацыі наркаманаў, такія, як дзейнічаюць у суседняй Польшчы. І таксама трэба больш рашуча змагацца з арганізатарамі наркатрафіку ў Беларусь», — мяркуе галадоўніца Алена Кузьміна.

Зьменшыць і максымальныя тэрміны

«Цяпер прапанавана крыху паменшыць мінімальныя тэрміны ў гэтых частках; гэта добра, але недастаткова. Мы працягваем настойваць на тым, што зьмяншэньні мусяць быць і для максымальных тэрмінаў, а таксама трэба прывязаць тэрміны пакараньня да вагі наркотыкаў», — мяркуе Ала Берналь.

Што такое эстафэтная галадоўка

Паводле кіраўніцы руху «Маці 328» Ларысы Жыгар, галадоўка, якую пачалі 3 актывісткі ў Пухавіцкім раёне, будзе эстафэтнай.

«Гэта значыць, што да галадоўніц будуць далучацца актывісткі зь іншых рэгіёнаў. Летась нас падтрымалі Горадня, Ліда, Віцебск, усяго ў акцыі бралі ўдзел больш за 20 актывістак. Цяпер таксама чакаем падтрымкі з рэгіёнаў», — сказала Ларыса Жыгар.

Паводле ўдзельніц акцыі, яны паведамілі пра сваю галадоўку ў Пухавіцкі райвыканкам і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Валянціну Гайдукевічу, вылучэнцу Пухавіцкага раёну.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG