Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Макея лічаць мэнтарам Віктара Лукашэнкі». Што былы польскі пасол у Менску напісаў у кнізе пра Беларусь


Віктар Лукашэнка і Ўладзімер Макей
Віктар Лукашэнка і Ўладзімер Макей

Кніжка былога польскага пасла ў Менску Лешэка Шэрэпкі выйшла ў сьвет яшчэ некалькі гадоў таму. Але на беларускую мову яна не паракладалася, нягледзячы на тое, што ў ёй, апрача рэфлексіяў дыплямата над беларускай рэчаіснасьцю, нямала цікавых дэталяў пра дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам і адносіны ўнутры беларускай улады.

Свабода выбрала найцікавейшыя моманты з кнігі, якую сам аўтар называе крытычнаю да беларускай рэчаіснасьці. Але Шэрэпка перакананы, што гэта можа пайсьці Беларусі на карысьць.

Лешэк Шэрэпка
Лешэк Шэрэпка

Сьцісла пра аўтара

  • Кніга былога польскага пасла ў Менску называецца «Абліччы Беларусі. Нататкі амбасадара».
  • Лешэк Шэрэпка скончыў факультэт гісторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Шмат гадоў працаваў у Цэнтры ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.
  • Паслом у Менску быў ад 2011 да 2015 году. Да гэтага працаваў дыпляматам у Маскве і Кіеве.
  • Аўтар шматлікіх артыкулаў пра краіны на тэрыторыі былога СССР у польскіх мэдыя.

«Квасьнеўскі пасьля сустрэчы з Лукашэнкам спрабаваў залезьці ў свой лімузын праз багажнік»

Пасьля абвяшчэньня Менскам незалежнасьці дынаміка двухбаковых дачыненьняў пачала хутка расьці. Гэтаму спрыяла адсутнасьць сур’ёзных канфліктаў і гістарычных крыўдаў. Пазытыўная дынаміка пачала псавацца пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі.

Пачаткова рэакцыя Варшавы на правакацыйныя паводзіны прэзыдэнта Беларусі была стрыманая і кіравалася клопатам пра добрасуседзкія адносіны. 30 сакавіка 1996 года ў славутых Віскулях Аляксандар Квасьнеўскі сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Размовы прэзыдэнтаў адбываліся ў прыемнай атмасфэры, пра што сьведчаць заўважаныя СМІ паводзіны польскага прэзыдэнта. Пасьля сустрэчы Квасьнеўскі спрабаваў залезьці ў свой лімузын праз багажнік.

«Сікорскі параіў Лукашэнку трымаць напагатове самалёт, каб ня скончыць, як Кадафі»

З такім тыпам палітыкаў, як Лукашэнка, трэба размаўляць, заўсёды памятаючы пра прынцып primum non nocere (па-першае, не нашкодзіць). Перад сустрэчай трэба дасканала зразумець сытуацыю, дакладна

акрэсьліць мэты і дапаможныя аргумэнты для іх дасягненьня. У гэтым выпадку было інакш. Нехта палічыў, што вынік інтэлектуальнай сутычкі выпускніка Pembroke College Оксфардзкага ўнівэрсытэту з выпускніком Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту загадзя вядомы. Магчыма, хтосьці палічыў, што Лукашэнка толькі з удзячнасьці за тое, што польскі бок пагадзіўся зь ім размаўляць, пойдзе на саступкі ў двухбаковых адносінах, сярод іншага, у пытаньнях сытуацыі польскай меншасьці ў Беларусі.

У 2011 годзе ў Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя «Салідарныя зь Беларусьсю». Міністар Сікорскі падчас выступу параіў тады Лукашэнку трымаць напагатове самалёт, бо ён можа скончыць жыцьцё, як Муамар Кадафі. Цікава, ці, паказваючы сваё раздражненьне (бо меў быць посьпех, а выйшла фіяска), міністар падумаў пра будучыя стасункі з суседняй Беларусьсю, на чале якой яшчэ шмат гадоў можа быць яе «вечны прэзыдэнт», злапомны чалавек.

«Лукашэнка ўмее адчуваць эмоцыі і гуляць імі»

Лукашэнка — гэта палітычны самародак, які ўсё, чаго ён дасягнуў, дасягнуў сваімі здольнасьцямі. Калі палітыка ацэньваць такімі меркамі, як спосаб прыходу да ўлады і ўменьне яе захаваць, то беларускі лідэр — адзін з самых выбітных палітыкаў сучаснай Эўропы.

Лукашэнка ўмее адчуваць эмоцыі і гуляць імі. Ён някепскі псыхоляг, экспэрт у галіне страху. На жаль, ягоныя інтарэсы супярэчаць польскім нацыянальным інтарэсам. Нават калі пэўны час мы будзем ісьці побач — у выніку нам зь ім не па дарозе.

Ацэнка яго кіраваньня будзе залежаць толькі ад таго, якім будзе лёс Беларусі, які для Аляксандра Лукашэнкі, на жаль, ня быў (і ня ёсьць) прыярытэтам.

«Сын Віктар — другая асоба ў дзяржаве»

Мікалай і Віктар Лукашэнкі
Мікалай і Віктар Лукашэнкі

​Уся сыстэма ў Беларусі падпарадкаваная адной асобе. Іншыя толькі фон, але гэта ня значыць, што іхная роля неістотная.

Сын Віктар — дарадца Лукашэнкі ў нацыянальнай бясьпецы, гэта другая асоба ў дзяржаве. Галоўная задача Віктара — кантроль над сілавымі структурамі, ключавымі для стабільнасьці рэжыму. Сярэдні сын, Дзьмітры, актыўны ў спартовай палітыцы і бізнэсе, але ягоная пазыцыя слабейшая, чым братава.

Віктар Шэйман адказвае за лягістыку (фінансы, нерухомасьць) і, як кажуць плёткі, усё яшчэ выкарыстоўваецца патронам для розных далікатных місіяў.

Роля Ўладзімера Макея далёка выходзіць за ягоную пасаду. Макея, які выйшаў з вайсковай выведкі (ГРУ), лічаць мэнтарам Віктара Лукашэнкі і адным з найспрытнейшых беларускіх палітыкаў. Многія экспэрты лічаць, што менавіта Макей — сапраўдны архітэктар беларускае палітыкі.

Міхаіл Мясьніковіч — нэстар беларускай намэнклятуры. Ён неаднаразова выконваў для прэзыдэнта каштоўныя паслугі.

Вокам і вухам Лукашэнкі ў царкве ёсьць айцец Фёдар Поўны. «Духоўнік» Лукашэнкі — так можна акрэсьліць ягоную ролю.

Самы ўплывовы бізнэсовец — Аляксандар Шакуцін, галава рады дырэктараў «Амкадора» і кіраўнік Фэдэрацыі тэнісу.

Ёсьць шмат плётак наконт грошай Лукашэнкі. Калісьці ён паабяцаў аддаць усе свае грошы таму, хто іх знойдзе. «Банкірам» Лукашэнкі называюць Васіля Мацюшэўскага, першага віцэ-прэм’ера, прафэсійнага банкіра.

Да найбліжэйшых людзей Лукашэнкі належаць кіраўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта і КГБ.

«Беларускія дыпляматы прасілі эўрапейцаў ня скрэсьліваць Макея з „чорнага сьпісу“»

Сярод сьвіты Лукашэнкі пануе вельмі затхлая атмасфэра, у якой кожны мае быць напагатове. Шмат пра што кажа рэакцыя на прапанову ў 2013 годзе скрэсьліць са сьпісу непажаданых у ЭЗ Уладзімера Макея. Беларускія дыпляматы прасілі эўрапейцаў, каб яны адмовіліся ад гэтай ідэі, бо яна можа аслабіць пазыцыю міністра ва ўнутраных гульнях, выклікаючы падазронасьць прэзыдэнта. Ініцыятары санкцыяў не чакалі, што іхны «чорны сьпіс» будзе доказам ляяльнасьці.

«Некаторыя лідэры апазыцыі зрасьліся з роляй апазыцыянэраў і ня здольныя на іншую»

У моманты шчырасьці Лукашэнка прызнаецца, што «дай Бог кожнаму прэзыдэнту такую апазыцыю, якая нават уласнага народу ня можа спрытна ашукаць. Я дбаю пра яе і цаню». І на гэтым, каб нікога не пакрыўдзіць, можна было б скончыць развагі пра сутнасьць беларускай апазыцыі.

Аляксандар Мілінкевіч з розных прычынаў быў выгадны ўладзе. Памяркоўны, нерашучы, яму лёгка было прышпіліць цэтлік «польскага праекту».

Адзін з кандыдатаў (у 2010 годзе. — РС), вылучаны паважанай АГП, грунтаваў сваю кампанію на лёзунгу «Мільён рабочых месцаў». У краіне, дзе беспрацоўе ня ёсьць галоўнай праблемай. Іншыя прасоўвалі тэзу, што досыць толькі пазбавіцца цяперашняга прэзыдэнта — і Беларусь расквітнее.

Трэба быць адважным чалавекам, каб у сучаснай Беларусі запісацца ў шэрагі апазыцыі. Большасьць апазыцыянэраў, апрача, вядома, тых, хто займаецца гэтай дзейнасьцю службова, заслугоўваюць павагі. Але іхная дзейнасьць мае больш маральнае значэньне, чым палітычнае. Апазыцыя слабая і перасвараная. Нельга чакаць, што яны могуць плённа размаўляць з грамадзтвам, калі нават ва ўласным коле маюць з гэтым праблемы. Лідэрам бракуе рашучасьці, некаторыя зь іх зрасьліся з роляй апазыцыянэраў і ня здольныя на іншую ролю.

Пра «гандаль» палітвязьнямі

Нікалай Младэнаў
Нікалай Младэнаў

​Гандаль вакол палітычных вязьняў пачаўся летам 2011 году. Магчыма, гэта было зьвязана з заплянаваным на верасень самітам «Усходняга партнэрства» у Варшаве. Зь вядомых толькі яму прычынаў беларускі бок абраў сваім партнэрам для перамоваў тагачаснага баўгарскага дыплямата Нікалая Младэнава, які напрыканцы жніўня наведаў канфідэнцыйна Беларусь і сустрэўся з Лукашэнкам. Той паабяцаў, што палітвязьні выйдуць да канца кастрычніка. У пацьверджаньне гэтых словаў перад прылётам Младэнава і неўзабаве пасьля з турмаў вызвалілі 24 асобы.

«Расейцы трываюць Лукашэнку, бо яны бачаць у гэтым карысьць для Расеі»

Недаацэньваньне розуму лідэраў Расеі, якіх Лукашэнка нібыта разыгрывае як хоча дзеля ўласных мэтаў, — гэта памылка. Уладары Крамля дасканала ведаюць характар лідэра Беларусі, магчымасьці, пляны і матывацыю ягоных дзеяньняў. Інфармацыю на гэты конт яны маюць са шматлікіх і давераных крыніц. Напрыклад, ад былых блізкіх супрацоўнікаў Лукашэнкі, якія цяпер зарабляюць у Маскве на хлеб з маслам.

Тое, што расейцы трываюць Лукашэнку і стыль ягонай улады, сьведчыць толькі, што яны бачаць у гэтым карысьць для інтарэсаў Расеі. Цэняць яго заслугі ў русыфікацыі, якая прывяла да таго, што беларусы адчуваюць сябе меншасьцю ва ўласнай краіне.

Лукашэнка давёў Беларусь да таго, што яе могуць успрымаць максымум як буфэрную дзяржаву з абмежаваным сувэрэнітэтам.

«Найбольшую польскую інвэстыцыю ў Беларусі плянаваў мільярдэр Ян Кульчык»

У Польшчы пра Беларусь дагэтуль распаўсюджаны міт, што гэта сялянская краіна, зь лясамі і балотамі. Тымчасам узровень урбанізацыі ў Беларусі вышэйшы, чым у Польшчы. Сучасная Беларусь — краіна прамысловых гігантаў. Частка прамысловых цэнтраў была створаная на базе вывезеных пасьля вайны зь Нямеччыны фабрык.

У Беларусі эканоміка цалкам падпарадкаваная палітычным інтарэсам рэжыму. Эфэктыўнасьць і рацыянальнасьць гаспадараньня ў беларускіх умовах заўсёды ацэньваецца з гледзішча іх уплыву на стабільнасьць улады.

Найбольшую польскую інвэстыцыю ў Беларусі плянаваў мільярдэр Ян Кульчык (электрастанцыя ў Зэльве). Такія інвэстары дамаўляюцца пра дэталі кантракту непасрэдна з прэзыдэнтам Лукашэнкам. А дыпляматы ўспрымаюцца як непатрэбныя сьведкі.

У ацэнцы канкрэтных праектаў з ЭЗ найважнейшае значэньне для ўладаў Беларусі маюць карысныя найперш для ўлады, кшталту «мадэрнізацыя турмаў».

«Польскі пасол карыстаецца ў афіцыйных выступах беларускаю моваю часьцей, чым лідэр гэтай краіны»

Лешэк Шэрэпка (у цэнтры) уручае грашовую частку прэміі Гедройца Ўладзмеру Някляеву (зьлева)
Лешэк Шэрэпка (у цэнтры) уручае грашовую частку прэміі Гедройца Ўладзмеру Някляеву (зьлева)

​Папулярызацыяй беларускае мовы займаюцца грамадзянскія ініцыятывы ў Беларусі. Мы павінны іх падтрымліваць, бо такія ж мэты і ў эўрапейскай палітыкі. І Польшча шмат для гэтага робіць. Польскі пасол карыстаецца ў афіцыйных выступах беларускаю моваю часьцей, чым лідэр гэтай краіны. Нашыя ўстановы намагаюцца весьці афіцыйнае ліставаньне па-беларуску, але гэта не заўсёды знаходзіць разуменьне ў нашых партнэраў.

З польскай ініцыятывы ўзьнікла самая прэстыжная ў Беларусі літаратурная прэмія — імя Гейдроця. Польшча ўзяла на сябе асноўны фінансавы цяжар у фінансаваньні Белсату і Радыё Рацыя. А на Падляшшы была распрацаваная стратэгія разьвіцьця беларускай мовы, якая ў пяці гмінах мае статус дапаможнае мовы.

Створаная Лукашэнкам сыстэма ня мае таталітарных рысаў, то бок яна ня ў стане кантраляваць усяго. Што да гісторыкаў, сыстэма разьлічвае хутчэй на аўтацэнзуру. Яны ведаюць, што найбольш бясьпечна проста пашыраць савецкія ўзоры. Усялякія новыя падыходы, спроба пераасэнсаваньня існых тэзаў, беларусацэнтрычны пункт гледжаньня могуць ускладніць здабыцьцё навуковай ступені, заблякаваць публікацыю, а нават мець вынікам страту пасады.

«Лукашэнка сваёй палітыкай спрыяе будове Расеяй цывілізацыйнага муру паміж Усходам і Захадам Эўропы»

Калі Беларусь гуляе з Захадам, Менск ахвотна выкарыстоўвае аргумэнт, што Беларусь знаходзіцца паміж Расеяй і ЭЗ. Гэта сьвядомы самападман. Рэспубліка зьяўляецца інтэгральнаю часткаю саюзнай дзяржавы і таму яна не «паміж», а па канкрэтным геапалітычным баку. Мяжа аддзяляе беларусаў ад заходняга сьвету і робіць іх часткай так званага рускага міру. Прэзыдэнт Лукашэнка сваёй палітыкай рупліва дадае цэглу да будаванага, найперш Расеяй, цыівілізацыйнага муру паміж Усходам і Захадам Эўропы. У інтарэсе беларусаў і палякаў, каб гэты мур ніколі не паўстаў, каб мяжа была шанцам, а не бар’ерам для разьвіцьця, каб яна аб’ядноўвала, а не дзяліла.

«Беларусы за эўрапейскі ўзровень жыцьця, але не каштоўнасьці»

Людзі, якія аптымістычна глядзяць на пэрспэктывы беларускай дзяржаўнасьці, прыводзяць шмат аргумэнтаў у абарону сваёй тэзы. Падкрэсьліваюць вялікую розьніцу паміж мэнталітэтам беларусаў і расейцаў, кажуць пра інакшую канфэсійную структуру грамадзтва, рознае гістарычнае мінулае, параўнальна высокую падтрымку эўраінтэграцыі, карысьці ад наяўнасьці ўласнай дзяржавы, якая стала трывалым элемэнтам палітычнага ладу ў Эўропе і, урэшце рэшт, пра страх перад узроўнем расейскай карупцыі і авантурнай ваеннай палітыкай Крамля. Гэтых аргумэнтаў ня варта ігнараваць, хаця зь імі можна палемізаваць.

Падтрымку эўрапейскай інтэграцыі варта хутчэй тлумачыць падтрымкай узроўню жыцьця, але не каштоўнасьцяў. Розьніцы ў мэнталітэце не перашкаджаюць расейцам у Беларусі і беларусам у Расеі хутка і трывала інтэгравацца ў мясцовае асяродзьдзе.

Расейская правінцыя таксама даволі непрыхільна ставіцца да Масквы і яе жыхароў, называючы іх нахлебнікамі, якія праядаюць супольнае багацьце. Але гонар за тое, што ты частка імпэрыі, якая вяршыць лёсы сьвету, можа кампэнсаваць многія страхі.

Пачуцьцё свабоды і дэмакратыі нельга экспартаваць. Яны павінны запусьціць карані, сасьпець як каштоўнасьць, каб маглі зьявіцца тыя, хто зможа ўзяць на сябе адказасьць. У Беларусі гэтыя працэсы ідуць, але ў вельмі неспрыяльных умовах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG