Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іншаземцы пытаюцца: а чаму не відаць вашых мужчын, чым яны так занятыя?»


Аграсядзіба «На Зарэчнай вуліцы» на Корбыншчыне.
Аграсядзіба «На Зарэчнай вуліцы» на Корбыншчыне.

Як жанчыны ствараюць і прасоўваюць агратурыстычны бізнэс і чым прывабліваюць турыстаў у свае аграсядзібы? Чаму менавіта жанчыны пераважаюць у гэтым бізнэсе? Абмяркоўваюць уладальніца аграсядзібы «Белавеская сьвятліца» у Белавескай пушчы Алена Андрушчанка, гаспадыня аграсядзібы «Прыазёрная» Лепельскага раёну, адна зь кіраўніц аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Вольга Маханенка і гаспадыня аграсядзібы «На Зарэчнай вуліцы» на Корбыншчыне Ала Палікарпук.

Сьцісла

  • Андрушчанка: Я бачыла аграсядзібы, якія рабілі адны мужчыны, дык там няма душы. Жанчына ўносіць у гэты бізнэс сваё сэрца.
  • Маханенка: Жанчыны пераважаюць у агратурызьме, таму што яны ў Беларусі больш актыўныя, ім больш усяго патрэбна.
  • Палікарпук: Усё ж мала агратурызм прасоўваецца ў краіне. Турыст губляецца ў нашай Беларусі, ня ведае, куды рухацца, як у пустыні.

Як становяцца гаспадынямі аграсядзібаў

Ала Палікарпук
Ала Палікарпук

Ала Палікарпук: Мы былі фэрмэрамі, мелі вялікі ўчастак зямлі на беразе ракі. Да гэтага я чула, што «гуляе» па краіне агратурызм, але ня ведала, як ён выглядае і з чым яго ядуць. Калісьці пад Менскам праходзіў сэмінар для фэрмэраў, на якім гаспадар сядзібы патлумачыў, што выйшаў адпаведны ўказ, што ніхто ня лезе і не чапае, што мінімальныя падаткі. А ў нас такое цудоўнае месца, каб прымаць гасьцей — на беразе ракі, недалёка ад трасы. І я люблю гатаваць, кантактаваць зь людзьмі. Усе сказалі, што табе толькі гэтым і займацца. Мы задумаліся, рызыкнулі, адкрыліся — і ў нас атрымалася. Ужо 11 гадоў вядзём гэты бізнэс. Наша аграсядзіба першая ў Кобрынскім раёне. На Берасьцейшчыне ў 2007 годзе было 15 аграсядзібаў.

Вольга Маханенка
Вольга Маханенка

Вольга Маханенка: Для мяне агратурызм — лад жыцьця. Я ўсё жыцьцё займаюся прасоўваньнем культурніцкіх праектаў, і агратурызм дазволіў мне займацца любімай справай бяз вонкавага ўзьдзеяньня, самой плянаваць свой час. Займаюся традыцыйнай культурай, знаёмлю людзей з нашай культурнай спадчынай, рэгіянальнай культурай. Гэта абрады, кухня, лад вясковага жыцьця ў рэгіёне. У нас ёсьць абрады, унесеныя ў сьпіс нацыянальных каштоўнасьцяў. Напрыклад, беларуская народная гульня для нежанатай моладзі «Абрад Цярэшкі» на Каляды. Летам заўсёды ладзім сьвята летняга сонцастаяньня, праводзім Купальле зь сябрамі, як рабілі нашы продкі, не для кагосьці, а для паглыбленьня ў свой сьвяточны жыцьцёвы лад.

Алена Андрушчанка
Алена Андрушчанка

Алена Андрушчанка: Калі я пабачыла добра захаваны старажытны дом з утульным дваром і старымі пабудовамі, мне захацелася ўдыхнуць у яго новае жыцьцё і падзяліцца гэтай прыгажосьцю і атмасфэрай. Інтарэс да агратурызму ў Беларусі стаў расьці сямімільнымі крокамі. Мне было цікава гэтым займацца, паколькі я творчы чалавек. Справа была новая, гэтаму нідзе ня вучаць. Дзякуючы маім падарожжам і кантактамі ўсё атрымалася добра. Адукацыя ў мяне юрыдычная. Дзесяць гадоў працавала ў дзяржаўнай агенцыі нерухомасьці ў Берасьці. Мне проста захацелася рэалізавацца як найлепшай гаспадыні дома, я прагнула творчай рэалізацыі. І калі я пабачыла гэтую прыгажосьць, то проста закахалася ў яе.

Чым завабліваюць турыстаў

Мачанка з блінамі ад Алы Палікарпук
Мачанка з блінамі ад Алы Палікарпук

Ала Палікарпук: Найперш кухня, рэгіянальныя палескія стравы, якія нашы продкі гатавалі на Палесьсі на Берасьцейшчыне. Мы спрабуем крыху адрадзіць культуру харчаваньня ў Беларусі. Турыст, асабліва калі іншаземец, хоча пакаштаваць мясцовыя стравы. Праз гэта мы вельмі добра прыцягнулі турыстаў. Брэндам стаў мой пірог са шчаўем, які я гатую паводле бабулінага рэцэпту. У выпечку я не кладу яек, дабаўляю алей, і яна доўга не чарсьцьвее. Бабуля мая так пякла на Вялікдзень пірагі ў печы. Мачанка (грыбная, рыбная, мясная, з гародніны) і вялікія, мяккія дражджавыя бліны з падлівай вельмі папулярныя. Усе мясныя вырабы — пячыста, паляндвічка, пальцам пханая кілбаса. Квас хлебны і бураковы, аўсяны кісель, як мая бабуля варыла. Я яго крыху з рознымі дадаткамі інтэрпрэтую для турыстаў. Гэтую страву гатуюць толькі ў Беларусі. Я з аўсяным кісялём майстар-клясы ўвесь час раблю.

Абрад «Жаніцьба Цярэшкі»
Абрад «Жаніцьба Цярэшкі»

Вольга Маханенка: У мяне ёсьць магчымасьць паглыбленьня ў вясковае жыцьцё. У мяне этнаграфічная аграсядзіба, невялікая па памерах, але я сама жыву па тых прынцыпах, што жыла мая бабуля, як жылі мае продкі. Калі прыяжджаюць турысты, то я не прапаноўваю ім нейкі стандартны набор паслуг, яны проста паглыбляюцца ў тую атмасфэру, у якой я жыву сама. Калі я люблю кветкі, і нехта іх любіць, мы абмяркоўваем кветкі. Вакол мяне шмат селіцца розных птушак, і ёсьць магчымасьць паглядзець і адчуць гэтую атмасфэру. Я жыву традыцыйна. Тыя рэчы, якія раней выкарыстоўваліся ў доме, у мяне не ў музэйным парадку ляжаць, я імі ўвесь час карыстаюся. Гэта хатні турызм, ён прываблівае людзей. Мае турысты — мае аднадумцы, якія хочуць пазнаць Беларусь і адчуць яе на эмацыйным узроўні. Я не раблю паслуг на замову — калі сама іду ў лазьню, значыць, турысты таксама ідуць са мной у лазьню. Калі я гатую фаршаваную рыбу, і турысты са мной яе робяць.

​Ад цывілізацыі ў мяне ўсё ёсьць — лазьня, душ, туалет, цёплая вада, але ўсё на мясцовым узроўні, не цэнтралізавана. Цэнтралізавана на вёсках паўсюдна гэтага няма, у нас толькі летась водаправод правялі, нягледзячы на тое, што мы жывём недалёка ад гораду. Мая хата ў традыцыйным стылі. Там няма асобных пакояў, захаваліся старыя ручнікі, сапраўдныя посьцілкі на ложках, сапраўдныя палавікі на падлозе.

Аграсядзіба «Белавеская сьвятліца»
Аграсядзіба «Белавеская сьвятліца»

Алена Андрушчанка: Дом пабудавалі ў 1947 годзе, у ім ёсьць душа людзей, які пабудавалі яго сваімі рукамі без адзінага цьвіка, з сапраўднага пушчанскага лесу на вялікіх валунах, са старажытнай печкай. Гэты дом я рэстаўравала ў вясковым стылі. Пакінула ўсё, як было раней, каб людзі маглі прыехаць і паглядзець. У мяне можна пакаштаваць старажытную беларускую кухню па рэцэптах маёй бабулі і мамы. Дранікі зь мясам — фірмовая страва маёй мамы. Мы робім майстар-клясы з гасьцямі — лепім пельмені, варэнікі, частуем морсам з журавін.

Наша сядзіба знаходзіцца ў Белавескай пушчы, а гэта апошні рэліктавы лес Эўропы, лёгкія Эўропы. У нас найчысьцейшае паветра і цудоўная вада са сьвідравіны. Ёсьць і водаправод, і цёплая падлога ў санвузьле. Гэта спалучэньне старога побыту з усімі сучаснымі выгодамі.

Штогод у Белавескую пушчу прыяжджае каля паўмільёна гасьцей. Тут трыццаць відаў зьвяроў, жыве чырвонакніжны зубар, самая вялікая жывёла Эўропы. Нашая сядзіба знаходзіцца за 2 кілямэтры ад кармушкі зуброў. З акна ці з тэрасы сядзібы можна пабачыць раніцай, як зубры выходзяць. Тут можна растварыцца з прыродай. Гэта апошняя хата ў вёсцы. Ёсьць гісторыя ня толькі нашага дома, але і гэтага месца. У 1794 годзе апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падарыў гэтую вёску з маёнткам Тамашу Клаву за добрую и доўгую службу як найлепшаму егеру Белавескай пушчы.

Што трэба ад дзяржавы — дапамогі ці каб ня ўмешвалася?

Ала Палікарпук: Усё ж мала агратурызм прасоўваецца ў краіне. Для турыстаў вельмі мала паказальнікаў на ўсіх мовах, як у Эўропе. Трэба, каб на аўтобусных прыпынках былі паказальнікі, што куды і дзе. Турыст губляецца ў нашай Беларусі, ня ведае, куды рухацца, як у пустыні. У гэтым хацелася б ад дзяржавы большага прасоўваньня. Турыстычныя выставы пакідаюць жадаць лепшага. Самі аграсядзібы ўжо збочылі ў банкетна-вясельны кірунак. Я лічу, што гэта з турызмам мала зьвязана. Трэба, акрамя рэстараннага бізнэсу, нешта і турыстычнае прапаноўваць — маршруты, ровары, забавы, беларускую кухню. Але гэта ўжо не ад дзяржавы залежыць, а ад таго, як гаспадары разумеюць агратурызм.

Вольга Маханенка: У часе разьвіцьця агратурызму зь дзяржавай ужо склаліся пэўныя стасункі, выпрацаваныя правілы гульні, таму проста хацелася б іх не парушаць. Калі ёсьць нейкая цікавасьць для правядзеньня мерапрыемства зь мясцовымі ўладамі, мы на дамоўных умовах праводзім; калі не, то кожны займаецца сваёй справай. І ў рамках указу прэзыдэнту мы таксама нічога ня просім, але, вядома, хочам, каб нічога не мянялася і каб не перашкаджалі. Пакуль усё добра.

Алена Андрушчанка: Усё добра. Галоўнае, каб не перашкаджалі.

Хто асноўныя кліенты аграсядзібаў — беларусы ці іншаземцы? Што б вы адказалі беларусам, якія кажуць, што ёсьць вёска ці лецішча, дык навошта аграсядзіба?

Ля сядзібы Вольгі Маханенкі
Ля сядзібы Вольгі Маханенкі

Вольга Маханенка: Нават тыя, што маюць лецішча, усё роўна хочуць прыехаць і адпачыць, таму што на лецішчы працаваць трэба, а тут можна ўсё ж палюбавацца прыгажосьцю. Апошнім часам у мяне адпачывае шмат моладзі. Ідзе нацыянальнае абуджэньне, і яны цягнуцца да вытокаў. Калі пачуюць, што мы нешта цікавае праводзім, прыяжджаюць на імпрэзы і ў мяне жывуць. Я не магу сказаць, што турыстаў у Беларусі ўвогуле шмат. Іх няшмат, таму што мы яшчэ толькі крочым па гэтым шляху, але тое, што да краіны зьявілася цікавасьць, гэта праўда. Усё больш зьяўляецца людзей, якія хочуць адчуць дух народу, зразумець, чым беларусы адрозьніваюцца ад іншых постсавецкіх краінаў, той жа Расеі. Часта прыяжджаюць госьці зь Нямеччыны, Латвіі. Калі раней гэта быў арганізаваны турызм, то цяпер людзі шукаюць месцы індывідуальна. Нават на нумарах машынаў, якія да нас прыяжджаюць, відаць, колькі едзе турыстаў з розных краінаў.

Аграсядзіба «Белавеская сьвятліца»
Аграсядзіба «Белавеская сьвятліца»

Алена Андрушчанка: Ёсьць вялікая цікаваць іншаземных гасьцей, яна расьце. З замежжа да нас едуць у асноўным расейцы, якія хочуць падыхаць сьвежым паветрам, паесьці экалягічна чыстыя прадукты і адпачыць ад бурнага жыцьця. Іншаземцы цікавяцца беларускай культурай, іх прываблівае нашая адкрытасьць, гасьціннасьць, вясковы побыт мінулага стагодзьдзя. Грыбы і ягады зьбіраюць. У нас паўнёва-заходняя частка, буфэрная зона пушчы. Гэта вельмі добрая лякацыя, паколькі мы яшчэ не знаходзімся ў цэнтры Белавескай пушчы, дзе гэтага нельга рабіць. І паляваньне можна арганізаваць, натуральна, па ўзгадненьні зь Белавескай пушчай, а там усё вельмі строга.

Ала Палікарпук: Мая аграсядзіба адышла ад рэстарана-банкетнага кірунку. Мы прапаноўваем шырокую праграму — ад 3 гадзінаў да 3-4 дзён: кухня, забавы, мясцовыя музэі, майстар-клясы рамесьнікаў, кулінарныя майстар-клясы; і на конях пакатацца, і казу падаіць. Карацей, сельскі турызм. Гэтая праграма карыстаецца попытам і ў беларусаў у тым ліку. Гэта ня проста банальна сесьці за стол павячэраць, а пазнавальная гістарычная і забаўляльная праграма. У нас ёсьць праграмы для дзяцей усіх узростаў. Летам ладзім Купальле. Мы самі цікавыя, і людзі да нас цягнуцца таму. З розных краінаў турысты былі — Новая Зэляндыя, Кітай, Японія, Канада, Штаты, Заходняя Эўропа. Я сама па-ангельску не гавару, муж крыху ангельскую ўспамінае, калі трэба. Я трохі польскую, украінскую і беларускую мову ведаю. Калі турысты ўсё праз гаджэты перакладаюць, або мовай жэстаў кантактуем. Ніякіх праблем у нас пакуль не было.

Чаму пераважна жанчыны працуюць у агратурызме? Ці магчымая аграсядзіба без жанчыны? А без мужчыны?

Пачастунак у сядзібе Алены Андрушчанкі
Пачастунак у сядзібе Алены Андрушчанкі

Алена Андрушчанка: Без жанчыны гэта немагчыма. Я бачыла аграсядзібы, якія рабілі адны мужчыны, дык там няма душы. Жанчына ўносіць у гэты бізнэс сваё сэрца. Бяз гэтага немагчыма гэты бізнэс рабіць. Я без дапамогі мужчын усё раблю сама. Гэта вельмі цяжка, але магчыма. У нас шмат жанчыны самі ўсё робяць, ня толькі я адна. Я яшчэ не знайшла мужчыну, зь якім бы захацела разьдзяліць жыцьцё. Чаму я не магу гэтым займацца адна? Я магу.

Вольга Маханенка: У нас агратурызм вельмі камэрны, хатні, таму гаспадыня — гэта візытоўка, душа. Вядома, што гаспадыня павінна быць. Калі халасьцяцкія вечарыны (гэта ўсё ж аматарства), то можа і можна, гледзячы для якога сэгмэнту турызму. Але добра, калі ўдзельнічаюць у гэтым як мужчыны, так і жанчыны. Жанчыны пераважаюць, таму што яны ў Беларусі больш актыўныя, ім больш усяго патрэбна. Гэта, дарэчы, усе іншаземцы адзначаюць, калі праяжджаюць. Пытаюцца, а чаму не відаць вашых мужчын, чым яны так занятыя? Я кажу, як чым? Будоўляй занятыя, гаспадаркай. У мяне ёсьць муж. У нас поўная сямʼя, усё добра, шмат сяброў, якія дапамагаюць, але ўсё ж мужчыны прыслухоўваюцца да думкі. Мужчына — галава, жанчына — шыя. Калі паглядзець на абʼяднаньне «Адпачынак у вёсцы», то жанчын там адсоткаў 60. Мужчыны ёсьць, і даволі цікавыя людзі, але жанчыны ўсё ж больш актыўныя.

Ала Палікарпук з мужам
Ала Палікарпук з мужам

Ала Палікарпук: Ёсьць шмат гаспадароў, якія працуюць самі. Жанчына — гэта больш кірунак у бок сямейных каштоўнасьцяў. Гасьціннасьць, утульнасьць у доме стварае жанчына. Гатуе ў асноўным жанчына, нават ляндшафтны дызайн — усё жанчына бярэ на сябе са сваім прыродным мастацкім густам. Мне падаецца, што жанчына больш схільная да сямейных каштоўнасьцяў, а мужчына за яе плячыма — салдат нябачнага фронту. Ён — дапаможнік у пляне здабыць, адрамантаваць, арганізаваць, давесьці. Жанчыне адной вельмі цяжка цягнуць, а калі ў пары, яшчэ і дзеці дапамагаюць, тады атрымліваецца добра арганізавана прымаць турыстаў.

У нас сямейны бізнэс, робім усё самі, сваімі сіламі. Спраўляемся. Можам аўтобус турыстаў накарміць. Цудоўна наладзілі супрацу зь некалькімі турагенцтвамі, праграму добра адпрацавалі спакойна прымаем любыя групы. Аднойчы на двух аўтобусах адначасова 120 чалавек прыехалі на 6-гадзінную праграму, і мы цудоўна справіліся. Людзі апладзіравалі і зьехалі вельмі задаволеныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG