Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі агратурызм трымаецца на расейцах


Падчас нядаўняга наведваньня фэрмэрскай гаспадаркі «Белавежтур» у Пружанскім раёне на Берасьцейшчыне Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад падначаленых больш інтэнсіўна разьвіваць сфэру агратурызму і не чыніць перашкодаў патэнцыйным інвэстарам. Але ці можна чакаць плёну ва ўмовах палітычнай ды візавай ізаляцыі Беларусі?

Хоць сельскі турызм у Беларусі пачаў культывавацца адносна нядаўна, за некалькі апошніх гадоў свае паслугі беларусам і замежнікам прапануюць ужо больш за паўтысячы сядзібаў па ўсёй краіне. Як узор прасунутасьці ў гэтай галіне Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі гаспадарку «Белавежтур» у вёсцы Клетнае на Пружаншчыне, у разьвіцьцё якой ураджэнец гэтых мясьцінаў Мікалай Бурноў маецца ўкласьці 40 мільёнаў даляраў. Тут ужо ёсьць невялікі гатэль, 8 гасьцявых домікаў, кавярня, на стадыі будаўніцтва яшчэ адзін гатэль, лазьня, басэйн, спартыўны комплекс. Прадпрымальнік лічыць справу надзвычай пэрспэктыўнай:

«Увогуле турыстаў досыць шмат, вельмі многія просяцца сюды прыехаць. Перадусім, натуральна, гэта расейцы, з Санкт-Пецярбургу, з Масквы. Але таксама выяўляюць цікавасьць турысты з Чэхіі, з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. То бок, геаграфія шырокая. Мы зараз і сайт рыхтуем, каб там больш было выкладзена матэрыялу. Таму спадзяемся, што празь некаторы час усё будзе занятае ў нас круглы год».

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка заклікае зарабляць на расейскіх турыстах, якія маюць грошы, але пазбаўленыя магчымасьці атрымаць у сваёй краіне сельскі адпачынак высокага ўзроўню. А вось каб завабіць заходнікаў, цяперашняга сэрвісу, відаць, яшчэ не хапае:

«Калі я пачынаю займацца гэтым турызмам — амаль гэтак жа, як вёскай — гэта не азначае, што тут усё непрадумана. Я скажу элемэнтарна: сёньня хоць і вялікая Расея, але людзям падзецца няма куды. І вось яны бачаць тут Беларусь. Бальшыня нашых турыстаў, на 80% — гэта расейцы. Але нам якая розьніца, хто сюды едзе, немец ці расеец? Калі расейцы, то нават лепей: перакладчыкі непатрэбныя, размаўляем на адной мове, цэны — тыя ж. Расейцы на сёньня самыя багатыя людзі, едуць сюды з задавальненьнем і адпачываюць. Таму пакуль ня позна, пакуль яшчэ там сьпяць, нафтай і газам займаюцца, нам трэба своечасова схамянуцца, як у сельскай гаспадарцы, і гэтым займацца. Калі мы створым умовы — значыць, будзе вынік».
Расейцы на сёньня самыя багатыя людзі, едуць сюды з задавальненьнем і адпачываюць.

На каго перадусім разьлічаны агратурызм? На беларусаў ці ўсё ж на замежнікаў? Сяргей Гулянкоў, гаспадар сядзібы ў Смалявіцкім раёне, сябра аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» і Грамадзкай рады ў разьвіцьці аграэкатурызму ў Менскай вобласьці выказвае на гэты конт такое меркаваньне:

«Што тычыцца мяне, то ў большай ступені гэта беларусы — гараджане, якім хацелася б правесьці час за горадам. То бок, па сутнасьці экатурызм — гэта турызм за межамі гораду, калі людзі выяжджаюць, маюць адпачынак на прыродзе. А калі ён яшчэ і арганізаваны ў вёсцы, то гэта і ёсьць сельскі турызм. Я прапаную знаходжаньне, разьмяшчэньне і забаўляльныя магчымасьці ў вёсцы. І тая частка грамадзтва, якой гэта цікава, і якая не урбанізаваная да каранёў валасоў, яна сюды едзе. Калі казаць пра замежнікаў, то абсалютная большасьць — гэта грамадзяне Расеі. У меншай ступені — прыбалтыйскіх краінаў. І яшчэ менш прадстаўнікоў эўрапейскіх дзяржаў. Па сабе сказаў бы, што ў мяне замежнікі складаюць, напэўна, 25-30%, астатнія — беларусы. Але, ведаючы сытуацыю на розных сядзібах, дзесьці статыстыка зусім адваротная, часам іншаземцаў нават больш. Часьцей гэта, зноў жа, расейцы».

Стаўка на расейцаў — невыпадковая: усходнім суседзям не патрэбная беларуская віза, дый даехаць да Беларусі не вялікая праблема. А вось абсалютная большасьць замежных грамадзянаў, якія прызвычаіліся да вольнага перамяшчэньня прынамсі ў межах Эўразьвязу, плаціць немалыя грошы за беларускую візу не гатовыя.

Да таго ж, сёлета ў студзені працэдура афармленьня візавых дакумэнтаў наўпрост у аэрапорце падаражэла ўтрая, што, на думку кіраўніка Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянціна Цэхмэйстара, ніяк не спрыяе падвышэньню прывабнасьці Беларусі ў сьвеце:

«Хоць прэзыдэнт у канцы мінулага году і сказаў пра тое, што такога кшталту візавая практыка ў будучым будзе выкараненая, але, магчыма, гэта быў апошні станоўчы водгалас 2009 году. Тым ня меней атрымалася так, што візавая рэвізія вельмі нэгатыўна адбілася на дзелавой рэпутацыі турыстычнага бізнэсу ў нашай краіне. Дый адносна канструктыўнага кроку на фармаваньне іміджу гасьціннасьці мы ніяк ня можам у гэтым выпадку пахваліцца. Таму што гэта ня той крок, які трэба было зрабіць нават з гледзішча павелічэньня зваротаў непасрэдна па месцы знаходжаньня амбасадаў Беларусі, каб адкрываць візы там».

Калі б візавыя бар’еры былі скасаваныя ці хаця б спрошчаныя, агратурызм мог бы спадзявацца на істотны штуршок у сваім разьвіцьці. Пра гэта гавораць практычна ўсе зацікаўленыя асобы зь ліку ўладальнікаў аграсядзібаў, уключна з Сяргеем Гулянковым:
У гарадах усё альбо па-расейску, альбо па-беларуску, а турызм — гэта інтарэсы розных народаў.

«Несумненна. І гэта ў пэўнай ступені адказ на рытарычнае пытаньне: што ў цэлым перашкаджае разьвіцьцю турыстычнай галіны? Відавочна, што ў першую чаргу менавіта візавыя бар’еры. Але міжнародныя экспэрты, якія прыяжджаюць да нас у краіну, адзначаюць ня толькі праблемы зь візамі, цэнамі на іх і, можа быць, нягнуткасьцю зь іх атрыманьнем. Другая праблема — адсутнасьць указальнікаў, знакаў на замежных мовах, перш за ўсё на ангельскай. У гарадах усё альбо па-расейску, альбо па-беларуску, а турызм — гэта інтарэсы розных народаў. У дадзеным выпадку па-ангельску надпісаў зусім мала, у тым ліку тых, якія належаць да турыстычнай інфраструктуры. У гэтым, мне здаецца, ёсьць над чым папрацаваць і гаспадарам, і дзяржаве».

Між тым намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга перакананы, што ў Беларусь людзі з-за мяжы пацягнуцца. Найперш з памежных рэгіёнаў, якія неўзабаве мусяць адчуць палёгку ў афармленьні дазвольных дакумэнтаў. Але ці папоўняць яны статыстыку наведнікаў беларускіх аграсядзібаў — загадваць складана:

«Яшчэ падчас наведваньня Нарачанскага рэгіёну кіраўнік дзяржавы заявіў, што трэба прапрацаваць у гэтым годзе крокі на спрашчэньне візавага рэжыму, найперш для грамадзянаў суседніх краінаў, Літвы, Латвіі, Польшчы. Да 1 лістапада гэтыя прапановы былі ўнесеныя. Якія канкрэтна — няма асаблівай неабходнасьці абмяркоўваць. Напэўна, да канца году нарэшце будзе ратыфікаванае пагадненьне, падпісанае з Польшчай, наконт памежнага абмену ў 20-кілямэтровай зоне. Гэтаксама на падыходзе Літва, што дае неаспрэчныя плюсы для памежных тэрыторый. Калі мы атрымлівалі права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе, гэтаксама заяўлялася, што для дзяржаў-удзельніц, дакладней, заўзятараў з гэтых краінаў, на пэрыяд чэмпіянату будзе бязьвізавых рэжым. Ва ўсялякім разе, праца ідзе. Калі прасьцейшай будзе магчымасьць атрыманьня візы і ўезду ў нашу краіну, ад гэтага ўсе толькі выйграюць. І ў першую чаргу беларускі турызм».

Хоць Аляксандар Лукашэнка і перакананы, што ад разьвіцьця турыстычнай сфэры можна атрымліваць мільённыя прыбыткі, хваліцца нейкімі дасягненьнямі ў галіне не выпадае. Зрэшты, гэта прызнаюць і чыноўнікі. Так, міністар спорту і турызму Алег Качан у справаздачы кіраўніку дзяржавы расказаў, што за мінулы год рост паступленьняў ад міжнароднага турызму склаў 1%. Па ягоных словах, гэта няшмат, але галоўнае, што «патрапілі не дапусьціць спаду». Іншымі словамі, маральна трэба быць гатовымі і да таго, што імкнуцца ў Беларусь асабліва ніхто і ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG