Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя перасьцерагае новага прэзыдэнта Літвы ад супрацоўніцтва з Лукашэнкам


Новавыбраны прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Чатыры лідэры беларускай апазыцыі — Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Павал Севярынец — накіравалі адкрыты ліст новавыбранаму прэзыдэнту Літвы Гітанасу Наўседу, у якім перасьцераглі яго ад супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, піша БелаПАН.

«Мы разумеем і падтрымліваем мэту, прадэкляраваную вамі, спадар прэзыдэнт: разьвіцьцё добрасуседзкіх адносін зь Беларусьсю зьяўляецца несумнеўным прынцыпам як для вас, так і для ўсіх нас. Мы не прыхільнікі ізаляцыі Беларусі. Аднак цяперашні рэжым не прадстаўляе Беларусь — і гуляць па ягоных правілах нельга. Рэжым мае зусім іншыя мэты», — гаворыцца ў лісьце, разьмешчаным на сайце hramada.org.

«Мы хацелі б, — пішуць палітыкі, — і далей разьлічваць на падтрымку і прынцыповую пазыцыю Літвы як дзяржавы, якая вельмі добра разумее спэцыфіку Беларусі».

Аўтары разьлічваюць, што Літва працягне прынцыпова абараняць чалавечыя каштоўнасьці і дэмакратычныя свабоды, не засяроджваючыся «выключна на эканамічных, прагматычных падыходах», паколькі «любыя кароткатэрміновыя выгады ад супрацоўніцтва з рэжымам, для якога не існуе правоў чалавека..., могуць абярнуцца стратамі міжнароднага аўтарытэту» для Літвы і Наўседы асабіста.

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ўпэўнены, што новы прэзыдэнт краіны-суседкі зьяўляецца лідэрам, здольным аб’яднаць Эўрапейскі зьвяз для вырашэньня праблемы БелАЭС. «Неабходна цьвёрдая пазыцыя усяго ЭЗ. Калі гэтая пазыцыя будзе непарушнай, будаўніцтва Астравецкай АЭС усё яшчэ можа быць спынена», — лічаць аўтары.

На іх думку, вялікай памылкай Літвы будзе зьмена яе пазыцыі і згода на перамовы зь Менскам аб бясьпецы або маніторынгу АЭС, «як гэта нядаўна абмяркоўвалася ў перапісцы паміж урадамі нашых краін». «Пры кіруючым у Беларусі рэжыме ніякая бясьпека, у тым ліку бясьпека АЭС, ня можа быць гарантаваная, што пацьвярджаецца некалькімі аварыямі яшчэ падчас будаўніцтва атамнай электрастанцыі», — пішуць палітыкі.

Яны таксама падкрэсьліваюць, што незалежнасьць Беларусі знаходзіцца пад двайной пагрозай — «і з боку рэжыму, і з боку Крамля». «Лукашэнка не змагаецца за сувэрэнітэт краіны, яго хвалюе толькі сувэрэнітэт асабістай улады», — лічаць аўтары. Менавіта таму, перакананыя яны, Лукашэнка актыўна працуе на Захадзе «праз свой дыпляматычны корпус і службы бясьпекі». Галоўная мэта — «пераканаць дэмакратычную грамадзкасьць, што няма альтэрнатывы пэрсанальнаму дзяржаве Лукашэнкі».

Лідэры беларускай апазыцыі раяць Наўседу вельмі ўважліва сачыць за тым, хто будзе даваць яму парады ў беларускім пытаньні, у тым ліку наконт АЭС. «Вы непазьбежна прыйдзеце да высновы, што супрацоўніцтва з рэжымам ні да чога не прывядзе, што яно — згубны шлях для абодвух народаў», — лічаць аўтары.

Як паведаміў БелаПАН Павел Севярынец, ліст быў падрыхтаваны 13 чэрвеня на ініцыятыву Статкевіча і Някляева. Адказу пакуль не было.

Незалежны кандыдат Гітанас Наўседа выйграў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Літве 26 траўня. Яго інаўгурацыя адбудзецца 12 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG