Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прыняў адстаўку кіраўніка Пэнтагону


Дональд Трамп і Патрык Шэнаган (зьлева за ім), архіўнае фота
Дональд Трамп і Патрык Шэнаган (зьлева за ім), архіўнае фота

Выканаўца абавязкаў міністра абароны Злучаных Штатаў Патрык Шэнаган сам вырашыў пайсьці ў адстаўку, расказаў у Twitter прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. На яго пасаду прызначаны дзейны міністар войска ЗША Марк Эспэр.

«Я ўдзячны (Патрыку) за яго выдатную службу», — напісаў Трамп. Шэнаган, на яго думку, «зрабіў выдатную працу». Прычынай адмовы чыноўніка ад працягу працэдуры прызначэньня на пасаду кіраўніка Пэнтагону Трамп назваў жаданьне Шэнагана «ўдзяліць больш увагі сям'і».

Паводле зьвестак The Washington Post, гаворка можа ісьці пра сына Шэнагана, у якога некалькі гадоў таму адбыўся сурʼёзны інцыдэнт з маці. Патрык Шэнахан першапачаткова называў дзеяньні сына самаабаронай і дапамагаў яму пасьля інцыдэнту. У межах працэдуры прызначэньня на пасаду міністра абароны той сямейны інцыдэнт расьсьледаваўся Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў, паведамляе выданьне.

Згодна дзейнай у ЗША працэдуры, Трамп у траўні гэтага году афіцыйна прапанаваў Сэнату кандыдатуру Шэнагана на пасаду кіраўніка Пэнтагону. Патрык Шэнахан кіраваў працай Пэнтагону ад 1 студзеня 2019 года, зьмяніўшы на гэтай пасадзе генэрала Джэймса Мэтыса, якога Трамп адправіў у адстаўку ў канцы 2018 году. Прычынай сыходу Мэтыса зь ведамства нібыта стала нязгода з рашэньнем Трампа вывесьці амэрыканскія войскі з Сырыі. Ужо пасьля яго адстаўкі Мэтыса Трамп часткова перагледзеў свае намеры наконт войскаў ЗША ў Сырыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG