Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго можна было перавыхаваць». Байцовага сабаку з Горадні, які кідаўся на дзяцей, усыпілі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Горадзенскага сабаку, які ўзімку парваў хлопчыку твар, а ў чэрвені ўкусіў малую дзяўчынку, усыпілі.

Сабаку трымалі на карантыне ў Горадзенскай гарадзкой вэтэрынарнай станцыі 10 дзён пасьля таго, як ён укусіў дзіця.

Зоаабаронца Тацяна Красільнікава расказала, што рашэньне забіць сабаку было не прымусовым, а добраахвотным з боку гаспадара. Гадаванцу было каля 1 году.

Паводле Красільнікавай, якая каля 20 гадоў займаецца стафардшырскімі тэр’ерамі і пітбулямі, сабака быў ня чыстым стафам, а мяшанцам, незвычайна для гэтай пароды высокага росту. Яна мела магчымасьць назіраць за гэтым сабакам незадоўга да таго, як яго ўсыпілі. Па ўражаньнях зоаабаронцы, гадаванец ня быў агрэсіўным, хутчэй запужаным і нявыхаваным.

Экспэртка сьцьвярджае, што сабак, якія кепска сябе паводзяць і кідаюцца на дзяцей, можна перавыхаваць да двух гадоў. Дрэсіроўка можа заняць усяго месяц. Паводле яе, паводзіны гадаванца залежаць не ад «небясьпечнай» пароды, а ад стаўленьня людзей. Яна прапаноўвала гаспадарам забраць сабе гэтага сабаку, аднак яны не пагадзіліся.

Закону, які дазваляў бы забраць сабаку зь сям’і, няма, бо гэта прыватная ўласнасьць, тлумачыць Тацяна Красільнікава. Аднак такое рашэньне можа прыняць суд. Неўзабаве распачнецца разгляд справы аб выпадку, калі гэты мяшанец стафа разарваў твар дзіцяці.

Вядома, што гэтыя ж гаспадары ўсыпілі свайго папярэдняга гадаванца, калі ў сям’і нарадзілася дзіця.

На думку зоаабаронцы, такім людзям, якія не займаюцца дрэсіроўкай, трэба забараніць браць сабак або іншых жывёлаў на выхаваньне. Да таго ж яны несправядліва ствараюць нэгатыўны імідж іншым сабакам і гаспадарам.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG