Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інакш ён бы парваў дачцэ руку». У Горадні байцовы сабака зноў напаў на дзіця


Стафардшырскі тэр’ер, ілюстрацыйнае фота
Стафардшырскі тэр’ер, ілюстрацыйнае фота

Стафардшырскі тэр’ер, які ўзімку пагрыз твар малому хлопчыку, удзень 2 чэрвеня накінуўся на дзяўчынку. Міліцыя праводзіць праверку.

Сабака схапіў за локаць

Гарадзенка Юлія, маці сямігадовай Паліны, расказала, што адпусьціла дачку зь ейным старэйшым братам схадзіць у летнюю кавярню паблізу ад дому, каб набыць квас.

«Яна вярнулася зарумзаная, адразу не магла расказаць, што здарылася, заікалася», — кажа маці.

Са словаў відавочцаў жанчына зразумела, што адбылося. За столікам у кавярні сядзеў 31-гадовы мужчына, побач зь ім быў сабака, — як пазьней высьветлілася, той самы стафардшырскі тэр’ер, ад якога ўжо пацярпела адно дзіця. Калі Паліна праходзіла побач са столікам, сабака кінуўся на яе і схапіў яе за руку ля локця.

«Яна не падыходзіла да яго, ня гладзіла. Яна баіцца нават маленькіх сабачак», — кажа Юлія.

Пасьля гэтага дачцэ прыклалі нешта халоднае да рукі. Гаспадар жа забраў свайго сабаку і пайшоў з кавярні. За ім накіраваўся адзін з кліентаў, каб не дазволіць яму схавацца. Выклікалі міліцыю. Маці напісала заяву.

Месца ўкусу
Месца ўкусу

Яна патлумачыла, што на сабаку быў наморднік, але такі, які дазваляе жывёліне адкрыць пашчу, хоць ня вельмі шырока.

«Інакш ён бы парваў ёй руку», — тлумачыць жанчына.

Балюча згінаць руку, пачало торгацца вока

У Паліны засталіся праколы на скуры ад зубоў сабакі і сіняк, балюча згінаць руку. У яе пачало торгацца вока ад моцнага сполаху. Цяпер дзяўчынцы робяць уколы ад шаленства, бацькі павядуць яе да псыхоляга.

Як расказала Юлія, гаспадар сабакі выбачыўся перад ёй у прысутнасьці міліцыі і сказаў, што ня ведае, чаму сабака напаў на дзіця. Паводле яе, мужчына быў выпіўшы. На пытаньні яе мужа, чаму мужчына сышоў з кавярні, а не пайшоў да іх адразу прасіць прабачэньня і вырашаць сытуацыю, гаспадар сабакі не адказваў.

Маці пацярпелай дзяўчынкі бачыць справядлівасьць у тым, каб сабаку вывезьлі з гораду і пазбавілі магчымасьці кантактаваць зь дзецьмі.

«Я разумею, што віна сабакі толькі ўскосная. Хутчэй тут віна гаспадара. Але яе трэба пасадзіць на ланцуг або ў прытулак, дзе б не было паблізу дзяцей», — мяркуе маці пацярпелай Паліны.

Гаспадара сабакі ўжо штрафавалі

Як паведамляе ўпраўленьне ўнутраных спраў Горадзенскага райвыканкаму, прызначаная судова-мэдычная экспэртыза, якая вызначыць цяжар пашкоджаньняў. Кастрычніцкі РАУС Горадні праводзіць праверку. Сёлета ўладальніка сабакі ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў утрыманьня свойскіх жывёл. Тады яго пакаралі штрафам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG