Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Эўрагульняў у Менску выставілі карціну, аўтарства якой прыпісваюць Казіміру Малевічу. ФОТА


Фрагмэнт экспазыцыі з карцінай «Чалавек з рыдлёўкай»
Фрагмэнт экспазыцыі з карцінай «Чалавек з рыдлёўкай»

У рамках культурнай праграмы ІІ Эўрагульняў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 14 чэрвеня адкрываецца выстава «Казімір Малевіч і ХХІ стагодзьдзе».

Упершыню на выставе ў Менску будзе выстаўленая карціна, імаверны аўтар якой Казімір Малевіч.

Чалавек з рыдлёўкай

Шкіц (недароблены малюнак) пад назвай «Чалавек з рыдлёўкай» апошнюю чвэрць стагодзьдзя захоўваецца ў Новым замку Горадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю. За мінулы час зацікаўленыя асобы ні ў Горадні, ні ў Менску так і ня здолелі арганізаваць мастацкую экспэртызу, каб зьняць пытальнік у подпісе: аўтара ідэнтыфікуюць на падставе творчай манэры.

Стэнд з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку
Стэнд з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку

Казімір Малевіч у 1919-1922 гадах выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску. Але на сёньня на тэрыторыі Беларусі не засталося дакумэнтальных сьведчаньняў ягонай дзейнасьці — ніводнай працы, ніводнага радка з рукапісаў. Толькі гэтая карціна, аўтарства якой да канца ня вызначанае.

Як кажуць мастацтвазнаўцы ў прыватным парадку, ніхто ня хоча стаць сьведкам сцэны расчараваньня: на гэты момант Новы замак фармальна валодае адзінай у Беларусі працай Малевіча, і калі такое дапушчэньне раптам не пацьвердзіцца, вагі музэйнай экспазыцыі гэта не дадасьць.

Без мастацкай экспэртызы

Раней на запыт Свабоды ў Міністэрстве культуры Беларусі адказалі, што ведамства ня будзе самастойна ініцыяваць мастацкую экспэртызу, бо гэта цалкам у кампэтэнцыі абласных уладаў. Але адрэагуе, калі такая просьба паступіць ад кіраўніцтва музэйнай установы. Тым ня менш спатрэбілася асабістае ўмяшаньне міністра культуры Юрыя Бондара, каб упершыню твор даехаў да Менску.

Карціна, чыё аўтарства прыпісваецца Казіміру Малевічу
Карціна, чыё аўтарства прыпісваецца Казіміру Малевічу

У гутарцы са Свабодай дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў сказаў, што ня бачыць перашкод на шляху арганізацыі мастацкай экспэртызы карціны. Ён мае кантакты з кіраўніцтвам маскоўскай Трацьцякоўскай галерэі, дзе дастаткова твораў Малевіча 1920-х гадоў. Паводле яго, расейскім экспэртам самім было б цікава паўдзельнічаць у нараджэньні сэнсацыі — што, магчыма, хвалюе горадзенскіх калег: пасьля ідэнтыфікацыі «Чалавек з рыдлёўкай» можа не вярнуцца на старое месца.

А вось Ігар Малевіч, прадаўжальнік роду па лініі Казіміравага брата Паўла, навуковец і аўтар біяграфічнага дасьледаваньня «Ўзыходжаньне на крыж лёсу», без экспэртыз перакананы ў арыгінальнасьці твору. І яго не зусім задавальняе, як працу зьбіраюцца прэзэнтаваць у галерэі — паміж вялізнымі карцінамі яна проста губляецца.

Ігар Малевіч і «Чалавек з рыдлёўкай»
Ігар Малевіч і «Чалавек з рыдлёўкай»

«Доўгія гады я спрабаваў знайсьці нейкія сьляды, разумеючы бясплённасьць высілкаў — усе працы Казіміра Малевіча, Марка Шагала былі даўно вывезеныя зь Віцебску, — кажа ён. — Але ўсё ж лёс быў да мяне добразычлівы: карціна знайшлася... у Горадні! Шмат часу пайшло на ўзгадненьні, і вось яна тут. Праўда, у маім разуменьні праект мусіў быць крыху іншы, хацелася больш акцэнтаваць увагу на гэтай працы. Эўрагульні — унікальная падзея, прыедуць людзі з розных краін. І акурат вакол Малевіча варта стварыць вялікую гуманітарную акцыю».

Гісторыя знаходкі

Праца памерам 36,5×26,5 сантымэтраў зьявілася ў горадзенскім музэі на пачатку 1990-х. Выкананая яна алеем на фанэры, датуецца прыблізна 1920-мі гадамі. Спачатку ляжала ў запасьніках, некалькі апошніх гадоў экспануецца на адмысловым стэндзе разам зь іншымі ўратаванымі каштоўнасьцямі.

«Вялікі Казімір», аўтарка Эвеліна Крыштаповіч
«Вялікі Казімір», аўтарка Эвеліна Крыштаповіч

Атрымаць гэты твор установе дапамог статус Горадні як «памежнага буфэра». З развалам СССР бальшыні людзей было не да духоўных каштоўнасьцяў, чым карысталіся заходнія калекцыянэры: музэі, асабліва расейскія, расьцягваліся, экспанаты на чорным рынку прадаваліся за бесцань. Па згадках тагачаснай кіраўніцы службы мастацтвазнаўцаў упраўленьня культуры Горадзенскага аблвыканкаму Марыны Загідулінай, яе каманда працавала суткамі: зь цягнікоў, якія ішлі ў бок Польшчы, прадметы мастацкай каштоўнасьці выграбалі зьвязкамі.

У адзін з надглядаў быў спынены ад вывазу і так званы шкіц, у назву якога ўжо самі мастацтвазнаўцы прыляпілі «рыдлёўку», а аўтарства пазначылі як найшырэй: «пасьлядоўнікі школы Малевіча».

Аўтарства пад пытальнікам
Аўтарства пад пытальнікам

Агулам тады на экспэртызу даставілі больш за паўтара дзясятка прадметаў: карціны Айвазоўскага, Багалюбава, Макоўскага; фарфоравыя статуэткі, камінны гадзіньнік, люлька, партабак, пудраніца, тэатральны бінокль, латунная чарніліца, усё XVIII–XIX стагодзьдзяў. Малевіча прынесьлі апошнім, яго знайшлі схаваным у абіўцы вагона.

«Калі ўсё расклалі, зайшоў памежнік, кінуў нешта на стол і сказаў: „Вось яшчэ нейкая фанэрка. Хацеў выкінуць, але была разам з усім іншым, дык пакінуў“. Гэта быў той самы эскіз. Сапраўды, на фоне ўсяго іншага магло і ня ўразіць. І мог выкінуць гэта без пытаньняў. Зь першага погляду склалася меркаваньне, што гэта менавіта Малевіч. Але мы цудоўна разумеем, што дакладна вызначыць аўтарства павінна мастацкая экспэртыза. Бо як выдалі ў 1990-х, што гэта „Малевіч пад пытаньнем“, так і засталося».

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна
Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна

Дырэктар музэю Юры Кітурка спасылаецца на традыцыйныя праблемы дзяржаўных установаў — няма сродкаў, каб ускласьці на сябе немалыя выдаткі па ідэнтыфікацыі. Правесьці такую экспэртызу аўтаномна ў Беларусі немагчыма — трэба мець хаця б яшчэ адзін аўтарскі твор для параўнаньня, прычым таго ж самага часу, бо калі будзе іншы, дык і фарбы могуць мець іншы хімічны склад.

«Гэтая вялікая пакрокавая праца, — кажа адмысловец. — Спачатку трэба аднесьці карціну да пэўнага пэрыяду паводле стылістыкі. Далей знайсьці ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, недзе яшчэ творы, падобныя да нашага, дамовіцца, што яны на такое супрацоўніцтва пагаджаюцца. Потым правесьці дасьледаваньне карціны зь іхняй калекцыі і нашай у адной мэтодыцы і аднымі прыборамі. Надзвычай карпатлівая праца. Але галоўнае — вялізныя выдаткі, і на бюджэт нам іх не пакласьці».

Кантрабанда таваразнаўцы

За даўнасьцю гадоў амаль забылася, каго ў 1992 годзе «раскулачылі» мытнікі. Ігар Малевіч у гэтым зьвязку згадвае нечаканае знаёмства ў амстэрдамскім музэі Stedelijk, дзе захоўваецца больш за паўсотні твораў ягонага славутага сваяка.

Сьцяна Малевіча ў амстэрдамскім Стэдэліку
Сьцяна Малевіча ў амстэрдамскім Стэдэліку

«Пасьля сустрэчы з мастацтвазнаўцамі падышоў малады чалавек і кажа: „Мая сям’я мае некалькі работ Малевіча, ці не маглі б зірнуць?“ Кажу, я не спэцыяліст, ня мае ніякага значэньня, што я там пабачу. А той расказаў дзіўную гісторыю. Ягоная родная цётка працавала дзесьці ў Расеі таваразнаўцам. Карыстаючыся становішчам і знаёмствамі, раз-пораз вывозіла на Захад мастацкія каштоўнасьці. Аднойчы ў Горадні яе арыштавалі. Калекцыю рарытэтаў ацанілі ў сотні тысяч даляраў, жанчыну асудзілі, яна адседзела 6 гадоў турмы».

Што цікава, каб аматарка даўніны адседзела тэрмін, не прызнаўшы сябе вінаватай, дык магла б прэтэндаваць на канфіскаваныя творы мастацтва. Але калі пагадзілася з абвінавачаньнем, аўтаматычна абагаціла Беларусь бясцэннымі экспанатамі. Скарбы былі перададзеныя Горадзенскаму аддзяленьню Беларускага фонду культуры, а ўжо адтуль у 1994 годзе перакачавалі ў Гісторыка-археалягічны музэй.

Беларускія карані

Музэі і калекцыянэры ва ўсім сьвеце скупляюць творы Казіміра Малевіча па завоблачных цэнах. За паходжаньне і спадчыну майстра змагаюцца расейцы, украінцы, палякі. Беларусы — у найменшай ступені.

Афіша выставы на Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў
Афіша выставы на Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў

Дырэктар Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч, адкрываючы выставу, прызнаўся, што пра існаваньне «Чалавека з рыдлёўкай» даведаўся толькі год таму ад Ігара Малевіча і задаўся мэтай паказаць працу ў рамках культурнай праграмы Эўрагульняў.

Сам Ігар Малевіч перасьледуе і іншую задачу — давесьці грамадзкасьці факты, якія сьведчаць пра тутэйшае паходжаньне сваяка. Згодна зь ягонай вэрсіяй, Сьцяпан-Севярын Малевіч (бацька Казіміра, удзельнік вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага), ратуючы сям’ю ад карных атрадаў Мураўёва-вешальніка зьехаў з роднай Капыльшчыны і разам зь іншымі ўцекачамі-літвінамі атабарыўся пад Канатопам. Так у ягонай біяграфіі зьявіўся ўкраінскі сьлед.

Працы сучасных пасьлядоўнікаў Казіміра Малевіча
Працы сучасных пасьлядоўнікаў Казіміра Малевіча

У Першую сусьветную вайну Казімір вяртаецца на зямлю продкаў, ён — салдат інтэнданцкага палку, раскватараванага ля Смаргоняў. Ягоныя супрэматычныя працы зь лініі фронту знаходзяць прызнаньне ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Паміж гэтымі гарадамі, зь якімі будзе зьвязанае пазьнейшае жыцьцё, паўстане яшчэ адзін беларускі куток — Віцебск.

Працуючы ў Народнай мастацкай вучэльні, якую ўзначальваў Марк Шагал, засяродзіўся на тэарэтычнай дзейнасьці, выдаў філязофскую працу «Супрэматызм. Сьвет як беспрадметнасьць ці вечны спакой». Ствараў архітэктоны, быў натхняльнікам авангарднага аб’яднаньня «УНОВИС» («Утвердители нового искусства»).

Выстава «Казімір Малевіч і ХХІ стагодзьдзе»
Выстава «Казімір Малевіч і ХХІ стагодзьдзе»

Сёньня самы вялікі збор твораў Казіміра Малевіча сканцэнтраваны ў Музэі сучаснага мастацтва «Стэдэлік» у Амстэрдаме (Stedelijk museum). 68 твораў рознага пэрыяду былі набытыя гарадзкім музэем у 1958 годзе — сюды яны трапілі зь Нямеччыны, дзе пасьля Бэрлінскай выставы 1927 году засталіся на захаваньні ў архітэктара Х’юга Герынга ў ягоным радавым маёнтку блізу Мюнхэна.

Самога Малевіча тады тэрмінова адклікалі ў СССР, больш ён сваіх твораў ня бачыў. Яшчэ некалькі карцін зь Нямеччыны выправіліся за акіян, а два дзясяткі аселі ў прыватных калекцыях.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG