Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйскія могілкі ўпершыню атрымалі ахоўны статус у Беларусі

абноўлена

Пляцоўка, на якой вядзецца рамонт і рэстаўрацыя надмагільляў
Пляцоўка, на якой вядзецца рамонт і рэстаўрацыя надмагільляў

Магілёўскі аблвыканкам прызнаў «гісторыка-мэмарыяльным месцам пахаваньня» гістарычную частку габрэйскіх могілак у Магілёве.

Такі статус габрэйскія клады атрымалі ўпершыню ў Беларусі. Мясцовая габрэйская грамада дамагалася ад уладаў такога рашэньня зь мінулага году. Гістарычныя габрэйскія могілкі ў Магілёве захаваліся да нашых дзён. У большасьці абласных цэнтраў Беларусі такія клады былі зьнішчаныя ў савецкі час.

«Габрэйскія могілкі Магілёва каштоўныя для ўсёй Беларусі»

У габрэйскай дыяспары гораду спадзяюцца, што статус «будзе служыць ахоўнай граматай для могілак».

«Гэтыя могілкі каштоўныя ня толькі для габрэйскай грамады і ня толькі для Магілёва, але і для ўсёй Беларусі», — кажа кажа старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Магілёўская габрэйская грамада» Аляксей Каплан.

Адрэстаўраваныя помнікі на габрэйскіх могілках
Адрэстаўраваныя помнікі на габрэйскіх могілках

Габрэйскія могілкі займаюць 6,6 гектара. Гістарычная частка ахоплівае траціну гэтай плошчы. Яна зарасла хмызьняком. Нямала помнікаў паламана ці перакулена, дагледзець іх няма каму.

Новая рэдакцыя закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дала права мясцоваму дзяржаўнаму спэцыялізаванаму прадпрыемству ўтылізаваць надмагільлі, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне».

Пад пагрозай зьнішчэньня апынулася больш за сто пахаваньняў ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў.

У кастрычніку 2018 году на прыватныя ахвяраваньні, якія зьбірае юдэйская рэлігійная грамада «Хабат», пачаўся рамонт і рэстаўрацыя старых помнікаў на пляцоўцы памерам 15 на 15 мэтраў. Работы на ёй блізяцца да завяршэньня. Сума выдаткаў не агучваецца, але прызнаецца, што ўвесь аб’ём работ абыдзецца ў дзясяткі тысяч даляраў.

Што дае могілкам статус гісторыка-мэмарыяльнага месца пахаваньня

Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, гэты статус «дае могілках вышэйшую ступень аховы».

«Такі статус бароніць могілкі ад руйнаваньня надмагільляў, зьяўленьня новых пахаваньняў на месцы старых, а таксама ўскладае большую адказнасьць мясцовых органаў улады за захаванасьцю могілак», —тлумачыць ён.

Статус гісторыка-мэмарыяльнага месца пахаваньня надаецца, калі на могілках ёсьць:

  • матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці, уключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь;
  • унікальныя аб’екты культавага прызначэньня, або матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі, ці дакумэнтальнымі ўласьцівасьцямі;
  • месцы пахаваньня вядомых і знаных асобаў, якія маюць заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам;
  • масавыя пахаваньні, зьвязаныя з найвялікшымі падзеямі нацыянальнай гісторыі.

З гісторыі габрэйскіх могілак

Гістарычная частка габрэйскіх могілак, якая чакае рамонту і рэстаўрацыі
Гістарычная частка габрэйскіх могілак, якая чакае рамонту і рэстаўрацыі

  • Сёньня ў Беларусі захавалася блізу 300 габрэйскіх могілак. Большасьць зь іх у мястэчках і вёсках закінутыя з прычыны зьнікненьня габрэйскай грамады.​ Гістарычныя могілкі ў Менску, Гомлі, Горадні, Бабруйску, Віцебску і Берасьці зьнішчаныя.
  • Габрэйскія могілкі ў Магілёве існуюць з 1809 году. Пляцоўку пад іх тагачасная габрэйская грамада выкупіла ў гораду.
  • З другой паловы 1970-х могілкі пачалі занепадаць. У той час значна скарацілася габрэйская грамада.
  • Фармальна магілёўскія могілкі лічацца закрытымі. Хаваць дазваляецца толькі пры наяўнасьці месца на агароджаных пляцоўках. Ад 1970-х гадоў на іх хаваюць асобаў розных веравызнаньняў.
  • У 2014 годзе актывісты габрэйскай грамады апісалі больш за 600 тутэйшых старых магіл. Кожнай шостай пагражала зьнішчэньне адпаведна новай рэдакцыі закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе».
  • У 2018 годзе сытуацыяй на могілках у Магілёве зацікавілася амбасада Ізраілю. Прадстаўнікі гарвыканкаму паабяцалі хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб могілкам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Чыноўнікі выставілі ўмову: на працягу двух гадоў на кладах мае быць наведзены парадак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG