Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастака Алеся Пушкіна аштрафавалі за акцыю каля «Эўраопту». Судзьдзя вяла працэс па-беларуску


Акцыя Алеся Пушкіна 6 чэрвеня

Суд Крупскага раёну прызнаў Алеся Пушкіна вінаватым у правядзеньні несанкцыяванай акцыі 6 чэрвеня на ганку крамы «Эўраопт». Сам мастак лічыць свае дзеяньні мастацкім пэрформансам.

6 чэрвеня а 16:30 Алесь Пушкін выйшаў да крамы «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі Achtung Russia! і Bloodymir! з выявамі Пуціна, а таксама плякатамі Stop russian agression on Europe («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), Russia — war! («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу. Праз паўгадзіны яго затрымалі. Пушкін адмовіўся ісьці сам — і міліцыянты зацягнулі яго ў аўтамабіль сілай. З пастарунку яго выдпусьцілі амаль праз суткі.

«Мяне ледзь не пабілі за пытаньне «А дзе ў вас тут распушчальная кава?»

Паводле Пушкіна, 8 траўня ён прыйшоў у крупскі «Эўраопт» і спытаўся ў работніка крамы, дзе знайсьці распушчальную каву. Але той яго не зразумеў, зьняважыў беларускую мову і правакаваў Пушкіна на бойку.

«Ён выцягну мяне з крамы, там далучыўся яшчэ адзін супрацоўнік, мяне ледзь не пабілі».

Пасьля інцыдэнту мастак зьвярнуўся ў пракуратуру, але там парушэньня закону не знайшлі.

«Дзяржаўная сыстэма паўстае на абарону не беларускамоўнага грамадзяніна, а тых, хто парушае закон аб дзяржаўнасьці мовы», — абурыўся ў судзе Пушкін.

Пушкін расказаў, што плякаты супраць Пуціна зрабіў наўмысна для акцыі.

«Што будзе, калі Пуцін дасьць расейскія пашпарты такім людзям, як тыя супрацоўнікі „Эўраопту“?» — сказаў ён у судзе.

Камуфляжная форма, акуляры і павязка на твары, паводле Пушкіна, сымбалізавалі «ветлівых людзей», якія ў 2014 годзе захапілі Крым. Гэтым ён хацеў паказаць, як «небясьпечна для ўсіх нас, калі мы не заўважаем пагрозу, якая ідзе з Усходу».

Плякат «Беларусь у NATO» Пушкін падняў, бо лічыць, што «NATO — адзіная сіла, якая можа спыніць захоп Беларусі Расеяй», патлумачыў ён у судзе.

Сваёй акцыяй Пушкін таксама хацеў дабіцца, каб у «Эўраопт» набіралі пэрсанал з улікам веданьня беларускай мовы — ня толькі ў Крупках, але і ва ўсёй Беларусі.

Алесь Пушкін у судзе
Алесь Пушкін у судзе

Дазвол ва ўладаў ён ня браў, бо лічыць акцыю мастацкай, а не палітычнай.

«Уявіце: раніцай прыйшло натхненьне, і я зладзіў плэнэр на вашай цудоўнай вуліцы ў Крупках. Дык што, прасіць дазвол?»

«Мая здача — мастацкімі сродкамі прыцягнуць увагу грамадзтва», — сказаў на судзе Пушкін.

Мастак прызнаў, што, калі міліцыянты цягнулі яго ў службовы аўтамабіль, ён «пасіўна супраціўляўся». І гэта, паводле мастака, была часткай мастацкай задумкі. «Каб пэрформанс працягваўся, каб потым была максымальная агалоска». Пры гэтым ён адзначыў, што нікога ня біў і нікому шкоды не наносіў.

«Я мог бы іншымі справамі заняцца». Якую шкоду нанёс Пушкін міліцыі

Нечаканым паваротам у справе сталася рашэньне Крупскага РАУС, што Пушкін вулічнай акцыяй нанёс міліцыі шкоду. Пацярпелым прызналі маёра Віталя Таберку, які затрымліваў мастака.

Адвакат Пушкіна Вадзім Мушынскі назваў гэта нонсэнсам.

Маёр Таберка сказаў, што пашкоджаньняў ад дзеяньняў Алеся Пушкіна ў яго не было. «Хіба тое, што крыху адцянуў нашу увагу ад нясеньня службы. Я мог бы іншымі справамі заняцца», — сказаў пацярпелы.

У якасьці мастацтвазнаўцы ў судзе выступіў Валер Буйвал. Ён сказаў, што Пушкін правёў не пікет, а пэрфоманс у культурных традыцыях беларускага народу.

«Гэта быў заклік да міру, супраць вайны, акцыя насіла яўны гуманістычны характар», — заявіў Буйвал.

Што казаў адвакат Алеся Пушкіна?

  • Беларусаў часта прыцягваюць да адказнасьці за выказваньні сваіх думак, у тым ліку ў абарону беларускай мовы.
  • У дзеяньнях Алеся Пушкіна не было адміністрацыйнага парушэньня.
  • Ягонае затрыманьне было незаконным.
  • Калі б была шкода міліцыянту, гэта была б крымінальная справа, але не адміністрацыйная.

Пасьля прагляду відэазапісу зь месца падзей судзьдзя аштрафаваў Пушкіна на 204 рублі — і за несанкцыянаваную акцыю, і за шкоду міліцыянту.

Алесь Пушкін абскарджваць прысуд ня будзе: «Баюся, каб не далі яшчэ больш».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG