Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыстую нафту часткова пусьцілі праз трубаправод «Дружба». Брудную вяртаюць у Расею


Часткова адноўлена транспарціроўка нафты праз трубаправод «Дружба» у напрамку Польшчы, інфармуе канцэрн «Белнафтахім».

У паведамленьні на сайце канцэрну гаворыцца, што беларускі апэратар нафтаправоду выканаў шэраг мерапрыемстваў, каб у дзьвюх нітках трубаправоду «Дружба» — ад Мазыра да мяжы з Польшчай — выцесьніць нафту, у якой ёсьць хлорарганіка. «Рэвэрсам на тэрыторыю РФ вернута 450 тыс. тон забруджанай нафты, яна была замешчаная нафтай, якая адпавядае ГОСТу».

Як адзначылі ў «Белнафтахіме», гэта дазволіла ўвечары 8 чэрвеня атрымаць чыстую нафту на прымежнай польскай станцыі перакачкі Адамава.

Пасьля праверкі якасьці нафты вырашылі 9 чэрвеня аднавіць транзытную транспарціроўку нафты ў напрамку НПЗ Польшчы і Нямеччыны.

Паводле беларускага канцэрну, «у чэрвені ў заходнім напрамку плянуецца штосутачная прапампоўка ў аб’ёме 65 тыс. тон».

Пры гэтым адзначаецца, што «транзытная транспарціроўка нафты ў напрамку Украіны ажыцьцяўляецца паводле графіку».

Наступным этапам прадугледжваецца выцясьненьне бруднай нафты па трэцяй нітцы трубаправода ад Адамава да Мазыра. Гэты этап завершыцца ў пачатку ліпеня. Затым будзе ачышчаная забруджаная нітка трубаправоду ад Мазыра да расейскай Унечы. Этап працягнецца да сярэдзіны жніўня, паведамляе «Белнафтахім».

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць у Беларусь па трубаправодзе ў красавіку. З прычыны няякаснай расейскай нафты на Мазырскім НПЗ сапсавалася дарагое абсталяваньне. Неўзабаве транзыт нафты ў Эўропу праз трубаправод «Дружба» быў цалкам спынены. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня.

На пачатак чэрвеня на тэрыторыі Беларусі заставалася за 1 млн тон забруджанай нафты. Чакаецца, што ўся яна будзе адкачаная назад у Расею да сярэдзіны жніўня.

У траўні Лукашэнка заяўляў, што праз пастаўкі няякаснай нафты Беларусь страціла «велізарныя грошы» — сотні мільёнаў даляраў. Паводле ацэнкі беларускіх спэцыялістаў, Беларусь у красавіку недаатрымала 108 млн даляраў даходу ад рэалізацыі нафтапрадуктаў, а шкода ад пашкоджанага абсталяваньня Мазырскага НПЗ — склала прыкладна 30 млн даляраў.

Ацэнкай шкоды ад аварыі на «Дружбе» займаецца рабочая група, створаная Беларусьсю і Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG