Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пакаралі вайскоўца за наведваньне Беларусі. Трэці выпадак з пачатку году


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Контравыведка СБУ ўзмацняе кантроль за несанкцыянаванымі паездкамі ўкраінскіх афіцэраў у Беларусь.

Саломенскі раённы суд Кіева пакараў штрафам у 510 грыўняў (20 даляраў у эквіваленце) аднаго з афіцэраў Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны за не санкцыянаванае вышэйшым кіраўніцтвам наведваньне тэрыторыі Беларусі. Дадаткова вайсковец мусіць сплаціць і 384 грыўні (15 даляраў) судовага збору.

Такое рашэньне суд ухваліў па выніках разгляду матэрыялаў Дэпартамэнту контравыведкі Галоўнага ўпраўленьня вайсковай контравыведкі Службы бясьпекі Ўкраіны. Згодна зь імі афіцэр, маючы доступ да сакрэтных матэрыялаў вышэйшай ступені таемнасьці, 27 ліпеня 2018 году, «у пэрыяд сьвятаў», перасек украінска-беларускую мяжу, не паведаміўшы ва ўстаноўленым парадку пра свае пляны выезду за межы Ўкраіны.

Пакараны афіцэр служыць у аддзеле стратэгічнага плянаваньня баявой гатоўнасьці Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны.

З пачатку 2019 году гэта трэці выпадак пакараньня вайскоўцаў за парушэньне заканадаўства ў сфэры аховы дзяржаўнай тайны пры наведваньні Беларусі.

У сакавіку аналягічнае спагнаньне атрымаў начальнік апэратыўна-плянавага аддзелу, намесьнік начальніка штабу вайсковай часткі А3628, што дысьлякуецца ў Браварах пад Кіевам.

У траўні — кіраўнік катэдры высокамабільных дэсантных войскаў і сілаў спэцыяльных апэрацый Нацыянальнага ўнівэрсытэту абароны Ўкраіны Ігар Данілюк.

Згодна з патрабаваньнямі, ухваленымі ўрадам Украіны ў 2013 годзе, яны мусілі перад прыватным выездам за мяжу пісьмова папярэдзіць сваё кіраўніцтва і рэжымна-сакрэтны орган. Апошняму пасьля паездкі вайсковец павінен быў паведаміць пра абставіны, якія маглі прывесьці да ўцечкі сакрэтнай інфармацыі, а таксама пра зацікаўленасьць такой інфармацыяй з боку іншаземцаў.

Аналягічныя патрабаваньні ва Ўкраіне існуюць і да прадстаўнікоў рэгіянальных і мясцовых уладаў.

У жніўні 2018-га дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны сваім загадам абавязала ўсіх судзьдзяў загадзя паведамляць пра намеры наведаць Беларусь і Расею, непрызнаныя Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, Крым і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласьцей. Па вяртаньні яны мусяць даваць пісьмовую справаздачу пра вынікі паездак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG