Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая газета» апублікавала дакумэнты, якія зьвязваюць Расею са зьбітым на Данбасе «Боінгам» 


Расейская «Новая газета» паведаміла, што атрымала дакумэнты, зь якіх вынікае, што больш чым 170 вайскоўцаў падразьдзяленьняў супрацьпаветранай абароны Расеі знаходзіліся паблізу мяжы з Украінай у Растоўскай вобласьці ў 2014 годзе ў дзень, калі з ўстаноўкі ЗРК «Бук» быў атакаваны рэйс МН17.

А 15 ліпеня, за два дні да трагедыі, яны атрымалі сухія пайкі на 5 сутак. Каб ацаніць дакладнасьць прыведзеных у дакумэнтах зьвестак, «Новая газета» зьвярнулася да Міністэрства абароны РФ па тлумачэньні. Аўтары артыкулу пішуць, што новыя зьвесткі пацьвярджаюць высновы міжнароднай сьледчай групы аб датычнасьці Расеі да зьбіцьця самалёта.

«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 года ў небе над Данбасам. Яго абломкі ўпалі недалёка ад вёскі Грабава на тэрыторыі сэпаратысцкай «ДНР». Загінулі 298 чалавек, больш за дзьвесьце былі грамадзянамі Нідэрляндаў, на борце былі таксама грамадзяне Малайзіі, Аўстраліі і іншых краін.

Расьсьледаваньне катастрофы ўжо пяты год вядзе Сумесная сьледчая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі, Нідэрляндаў і Ўкраіны.

Згодна зь яе высновамі, самалёт быў зьбіты вырабленай у Расеі ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які належаў 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе узброеных сіл РФ, дысьлякаванай у Курску. Устаноўка была перакінутая на тэрыторыю сэпаратыстаў, непадкантрольную Кіеву, з тэрыторыі Расеі.

У лістападзе 2018 году сваякі 55 загінулых пры крушэньні самалёта падалі супраць Расеі пазоў у Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Праз паўгода пасьля таго, як міжнародныя сьледчыя афіцыйна абвясьцілі аб датычнасьці Расеі да крушэньня самалёта, сваякі запатрабавалі ад Масквы прызнацца ў злачынстве і не замінаць расьсьледаваньню.

«Расея не дала важнай інфармацыі Міжнароднай групе сьледчых. Больш за тое, нададзеныя [краінай] факты ў канчатковым выніку аказаліся ілжывымі», — заявіў адвакат сваякоў.

Раней ў 2016 годзе сваякі ахвяр з Аўстраліі, Малайзіі і Новай Зэляндыі падалі ў суд на расейскага грамадзяніна і былога «міністра абароны» так званай «ДНР» Ігара Стралкова (Гіркіна). Сваякі абвінавацілі Стралкова ў арганізацыі пуску ракеты па пасажырскім самалёце. Ён, згодна з пазовам, або асабіста кіраваў тымі, хто выпусьціў ракету, або «спусьціў зьверху» такі загад. Сваякі загінулых сьцьвярджаюць, што Стралкоў удзельнічаў у канфлікце ва Ўкраіне «з багаславеньня Крамля», таксама і ў той час, калі сэпаратысты зьбілі самалёт. На гэтай падставе пазоўнікі патрабуюць ад Гіркіна кампэнсацыі ў памеры 900 мільенаў даляраў.

Расея дачыненьне да крушэньня самалёта адпрэчвае. Міністэрства абароны Расеі летась заявіла, што ракета, якой зьбілі самалёт, была пастаўлена не ў расейскую брыгаду ў Курску, а ў вайсковую частку 20152 — зэнітна-ракетную брыгаду, дысьлякаваную ў Цярнопальскай вобласьці Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG