Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пакаралі афіцэра за несанкцыянаванае наведваньне Беларусі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Кіраўнік катэдры высокамабільных дэсантных войскаў і сілаў спэцыяльных апэрацый Нацыянальнага ўнівэрсытэту абароны Ўкраіны пакараны штрафам за парушэньне заканадаўства ў сфэры аховы дзяржаўнай тайны.

Адпаведнае рашэньне ўхваліў Саломянскі раённы суд Кіева па выніках разгляду справы, адкрытай Галоўным упраўленьнем вайсковай контравыведкі Службы бясьпекі Ўкраіны па факце несанкцыянаванага наведваньня вайскоўцам Беларусі.

У судовым рашэньні прозьвішча вайскоўца адсутнічае, але вядома, што гэтую катэдру ў Нацыянальным унівэрсытэце абароны ўзначальвае палкоўнік Ігар Данілюк.

Ён мае доступ да інфармацыі з грыфамі «сакрэтна» і «зусім сакрэтна», таму мусіў паведаміць свайму кіраўніцтву пра пляны паездкі за межы Ўкраіны, але гэтага не зрабіў.

Паводле інфармацыі СБУ, ён перасякаў мяжу 29 красавіка 2017 году ў пункце пропуску «Выступовічы». У той жа час у судовым рашэньні не ўдакладняецца мэта і час знаходжаньня ўкраінскага вайскоўца ў Беларусі.

Вайсковец аштрафаваны паводле мінімальнай шкалы, прадугледжанай Кодэксам Украіны аб адміністрацыйных парушэньнях за такія дзеяньні — на 510 грыўняў (прыблізна 20 даляраў у эквіваленце). Апроч таго, ён мусіць заплаціць 384 грыўні судовага збору (15 даляраў).

Згодна з патрабаваньнямі, ухваленымі ўрадам Украіны ў 2013 годзе, ён мусіў перад прыватным выездам за мяжу пісьмова папярэдзіць сваё кіраўніцтва і рэжымна-сакрэтны орган. Апошняму пасьля паездкі вайсковец меў паведаміць пра абставіны, якія маглі прывесьці да ўцечкі сакрэтнай інфармацыі, а таксама пра зацікаўленасьць такой інфармацыяй з боку іншаземцаў.

Аналягічныя патрабаваньні ва Ўкраіне існуюць і да прадстаўнікоў рэгіянальных і мясцовых уладаў.

У жніўні 2018-га дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны сваім загадам абавязала ўсіх судзьдзяў загадзя паведамляць пра намеры наведаць Беларусь, а таксама Расею, непрызнаныя Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, Крым і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласьцей. Па вяртаньні яны мусяць даць пісьмовую справаздачу аб выніках паездак.

Сёлета ў сакавіку за аналягічную паездку ў Беларусь без паведамленьня кіраўніцтву быў пакараны начальнік апэратыўна-плянавага аддзяленьня, намесьнік начальніка штабу вайсковай часткі А3628. Ён выехаў у Беларусь на службовым транспарце 27 кастрычніка 2018 году і ў той жа дзень вярнуўся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG