Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне вайскоўца пакаралі за несанкцыянаваную паездку ў Беларусь


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Браварскі міжраённы суд Кіеўскай вобласьці аштрафаваў на 510 грыўняў (20 даляраў у эквіваленце) начальніка апэратыўна-плянавага аддзяленьня, намесьніка начальніка штабу вайсковай часткі А3628 за парушэньне заканадаўства аб абароне дзяржаўных сакрэтаў.

Гэтая вайсковае падразьдзяленьне ўваходзіць у склад 99-га асобнага батальёну кіраваньня і забесьпячэньня Сілаў спэцыяльнага прызначэньня і месьціцца ў Браварах пад Кіевам.

Рашэньне ўхвалена на падставе матэрыялаў, сабраных Галоўным упраўленьнем вайсковай контравыведкі Службы бясьпекі Ўкраіны.

Вайсковец, які меў доступ да дзяржаўнай таямніцы, выехаў у Беларусь на службовым транспарце 27 кастрычніка 2018 году і ў той жа дзень вярнуўся ва Ўкраіну.

Згодна з патрабаваньнямі, ухваленымі ўрадам Украіны ў 2013 годзе, ён мусіў перад прыватным выездам за мяжу пісьмова папярэдзіць сваё кіраўніцтва і рэжымна-сакрэтны орган. Апошняму пасьля паездкі вайсковец меў паведаміць пра абставіны, што маглі прывесьці да працёку сакрэтнай інфармацыі, а таксама пра зацікаўленасьць такой інфармацыяй з боку іншаземцаў.

Аналягічныя патрабаваньні ва Ўкраіне існуюць і да прадстаўнікоў рэгіянальных і мясцовых уладаў.

У жніўні 2018-га дзяржаўная судовая адміністрацыя Ўкраіны сваім загадам абавязала ўсіх судзьдзяў загадзя паведамляць аб намерах наведаць Беларусь, а таксама Расею, непрызнаныя Прыднястроўскую Малдаўскую Рэспубліку, Абхазію, Паўднёвую Асэтыю, Крым і акупаваныя часткі Данецкай і Луганскай абласьцей. Па вяртаньні яны мусяць здаць пісьмовую справаздачу аб выніках паездак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG