Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Досьвед, ня варты перайманьня. За што беларускіх турыстаў штрафуюць ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота. Турысты на пляжы ў Адэсе, Украіна

Свабода вывучыла судовыя выракі па адміністратыўных справах, вынесеныя апошнім часам супраць грамадзян Беларусі ва Ўкраіне, і выбрала найбольш характэрныя і павучальныя прыклады.

Апошнія некалькі гадоў турыстычны паток зь Беларусі ва Ўкраіну павялічваецца. Летась у Кіеве беларускія турысты па колькасьці выйшлі на першае месца, абышоўшы гасьцей з Ізраілю, ЗША, Нямеччыны і Турэччыны.

Апрача Кіева, найчасьцей беларусы наведваюць марскія рэгіёны Ўкраіны — Прычарнамор’е і Прыазоўе. Не застаюцца па-за іхнай увагай і Львоў, Чарнігаў, Івана-Франкоўшчына зь яе вядомымі рафтынгавымі маршрутамі. Адначасова з патокам беларускіх турыстаў расьце колькасьць правапарушэньняў, учыненых імі на тэрыторыі Ўкраіны.

За ўвоз алькаголю і тытуню

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Найчасьцей праблемы ў беларусаў пачынаюцца на мяжы, калі, абіраючы «зялёны» калідор, яны спрабуюць увезьці на тэрыторыю Ўкраіны забароненыя тавары (у тым ліку наркотыкі ці сродкі самаабароны без дазволу) альбо дазволеныя, але ў большых аб’ёмах, чым прадугледжана заканадаўствам (найперш — тытунёвыя і алькагольныя вырабы).

Паводле Мытнага кодэксу Ўкраіны, грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, могуць увозіць на ўкраінскую тэрыторыю бяз мытных плацяжоў і дэкляраваньня 200 цыгарэт (або 50 цыгар ці 250 грамаў тытуню), прычым агульная вага тытунёвых вырабаў ня можа перавышаць 250 грамаў, а таксама 5 літраў піва, 2 літры віна, 1 літар моцнага напою.

Найбольшы штраф за парушэньне правілаў увозу алькаголю адзін зь беларусаў сплаціў сёлета ў сакавіку, калі спрабаваў увезьці амаль 7 літраў моцных напояў — іх канфіскавалі мытнікі, а суд спагнаў 1,7 тысячы грыўняў штрафу (больш за 60 даляраў у эквіваленце), 1,2 тысячы грыўняў (45 даляраў) у якасьці аплаты за захоўваньне тавару на мытні і 384 грыўні (15 даляраў) судовага збору.

Перавышэньне дазволеных нормаў увозу тытунёвых вырабаў часта кваліфікуецца як кантрабанда — гэта ўжо залежыць ад колькасьці прадукцыі, якую знайшлі мытнікі, і ад таго, ці ёсьць на ёй акцызныя маркі. Адказнасьць за гэтыя правапарушэньні таксама розная. Напрыклад, адзін беларус, едучы па службовых справах з Расеі ў Румынію, прыхапіў з сабой 250 пачак беларускіх цыгарэт, а пры складаньні пратаколу шчыра прызнаўся, што вёз іх для продажу ў Румыніі. Зарабіць яму не ўдалося — Чарнавецкая мытня прадукцыю канфіскавала. Беларусу прысудзілі 5,85 тысячы грыўняў штрафу (216 даляраў) і 384 грыўні судовага збору.

У рэйтынгу «кантрабандных» спраў на першым месцы пакуль застаецца сытуацыя з жыхаром аграгарадку Вістычы Берасьцейскай вобласьці Дзьмітрыем Бярозкам. За спробу ўвезьці 2,5 тысячы пачак цыгарэт ён ня толькі сплаціў амаль 2,5 тысячы даляраў штрафу, але і страціў свой аўтамабіль.

За ўвоз лекаў, жывёл і расьлін

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманыя на мяжы папугаі
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманыя на мяжы папугаі

​Украінскае заканадаўства абмяжоўвае ўвоз лекавых прэпаратаў — іх можна перавозіць у багажы і ручной паклажы, але ня больш як 5 упаковак на аднаго чалавека (лекі, якія ўтрымліваюць наркатычныя і псыхатропныя рэчывы, цалкам забароненыя для перамяшчэньня).

Што праўда, ёсьць і выключэньне — калі грамадзянін увозіць мэдычныя сродкі для ўласнага карыстаньня. Але гэта трэба пацьвердзіць рэцэптам, у якім лекар павінен абавязкова пазначыць неабходную колькасьць лекаў.

Беларусы ж часта выкарыстоўваюць гэтыя правілы, каб увезьці беларускія лекі на продаж. Найчасьцей у судовых рашэньнях сустракаюцца выпадкі з перавышэньнем нормаў увозу беларускіх лекаў «Мукасат» і «Эсэнцыкапс». Найбольшае фінансавае пакараньне (больш як 1200 даляраў у эквіваленце) атрымала беларуска, якая спрабавала ўвезьці без дэкляраваньня 152 упакоўкі «Мукасату» і 20 — «Эсэнцыкапсу». Спробы іншых беларусаў увезьці гэтыя лекі караліся лягчэй, але і колькасьць тавару ў іх была меншая.

Асобную групу складаюць парушэньні, зьвязаныя зь перавозам перманганату калію — марганцоўкі. Ва Ўкраіне яна наагул не прадаецца. Штраф за такое парушэньне ў некалькі разоў меншы, чым судовы збор, які мусяць сплачваць беларусы па выніках разгляду справы ў судзе.

Усё часьцей у «штрафныя зводкі» трапляюць беларусы, якія ўвозяць ва Ўкраіну насеньне. Найбольш папулярныя зь іх — насеньне ячменю, буракоў гатунку «Мулатка» і морквы «Шантанэ Сквірская». Найбольшы штраф — 1,7 тысячы грыўняў (60 даляраў у эквіваленце) атрымаў жыхар Наваградзкага раёну за ўвоз 30 кіляграмаў насеньня ячменю.

У лютым 2019 году гамяльчук накіраваўся ва Ўкраіну на выстаўку птушак. Але 28 сваіх дэкаратыўных галубоў спрабаваў увезьці па «зялёным» калідоры, бяз мытнага афармленьня. У выніку птушак канфіскавалі і перадалі ў Менскі заалягічны парк (у Чарнігаўскай вобласьці, у райцэнтры Мена). Суд спагнаў зь беларуса 60 даляраў штрафу і яшчэ 140 — на ўтрыманьне птушак у заапарку.

Для ўвозу жывёл ва Ўкраіну неабходна мець вэтэрынарны пашпарт і вэтэрынарнае пасьведчаньне, выдадзенае не пазьней як за 72 гадзіны да перасячэньня мяжы.

За што караюць аўтамабілістаў

Украінская дарожная паліцыя пачала пільней прыглядацца і да беларускага аўтатранспарту — як легкавога, гэтак і грузавога. Апроч «традыцыйных» парушэньняў, такіх як перавышэньне хуткасьці і кіраваньне аўтамабілем нападпітку, беларускіх аўтамабілістаў караюць за неадпаведнасьць транспартнага сродку стандартам абсталяваньня і тэхнічным умовам.

Паводле судовых рашэньняў як мінімум двое беларусаў — уладальнікаў легкавых аўтамабіляў сплацілі штраф 340 грыўняў (12 даляраў) за адсутнасьць талёна аб праходжаньні тэхнічнага агляду. Кіроўцам двух грузавых аўтамабіляў пашанцавала менш — за адсутнасьць пырскавікоў і выкарыстаньне шынаў розных мадэляў з рознымі малюнкамі пратэктараў яны ня толькі сплацілі штраф, але і былі пазбаўленыя права кіраваньня транспартным сродкам на тры месяцы.

Ілюстрацыйнае фота. Дарожная паліцыя Кіева
Ілюстрацыйнае фота. Дарожная паліцыя Кіева

На пачатку траўня ледзь не пазбавіўся правоў кіраваньня і беларускі прадпрымальнік, які на чарнігаўскай трасе зьбіў лася. Ён ехаў разам са сваімі маці і сястрой, калі жывёліна нечакана выскачыла на дарогу. У выніку кіроўца і аўтамабіль атрымалі пашкоджаньні, пасажыры не пацярпелі. Ці выжыў лось, які ва Ўкраіне ўнесены ў Чырвоную кнігу, у судовым рашэньні не ўдакладняецца. Але суд адхіліў пазоў паліцыі і пастанавіў, што беларус невінаваты — зрабіў усё, каб пазьбегнуць сутыкненьня.

У 2017 годзе яшчэ адзін грамадзянін Беларусі вырашыў папрактыкавацца ў экстрэмальным кіраваньні — у стане алькагольнага ап’яненьня ён на сваім уседарожніку SsangYong Rexton пакатаўся проста пляжы Oasis Beach у гарадку Лазурным Хэрсонскай вобласьці. У выніку атрымаў штраф амаль 400 даляраў і пазбавіўся на год правоў на кіраваньне аўтамабілем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG