Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны выратавалі сьвет». Параўноўваем, як жывецца ліквідатарам у Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне


Брыгада ліквідатараў, занятая на аднаўленчых працах на трэцім энэргаблёку ЧАЭС
Брыгада ліквідатараў, занятая на аднаўленчых працах на трэцім энэргаблёку ЧАЭС

Амэрыканска-брытанскі сэрыял «Чарнобыль»​ прыцягнуў увагу усясьветнай аўдыторыі да подзьвігу ліквідатараў —​ людзей, якія коштам уласнага здароўя (а часта і жыцьця) змагаліся з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі, Украіне і Расеі сёньня жыве больш за 2 мільёны ліквідатараў. Як ставіцца да іх дзяржава? Якія льготы яны маюць? Свабода пагутарыла зь ліквідатарамі ў трох краінах.

Беларусь

У Беларусі каля 80 тысяч чалавек, якія ў 1986–1988 гадах бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. (33 гады таму іх было каля 400 тысяч.) Зь іх каля 8 тысяч інвалідаў (10% ад агульнай колькасьці), якія карыстаюцца пэўнымі льготамі. Астатнім асноўныя льготы скасавалі ў 2007 годзе прэзыдэнцкім указам.

А ў 2013 годзе скасавалі статус «ліквідатара» і панізілі яго да статуса «пацярпелага». То бок зраўнялі тых, хто пражываў у «зоне» альбо прыяжджаў туды на пару дзён, і тых, хто працаваў непасрэдна каля рэактара.

Якія льготы забралі ў ліквідатараў (не інвалідаў):

  • бясплатны праезд;
  • бясплатныя лекі па рэцэптах;
  • штогадовае бясплатнае санаторна-курортнае лекаваньне;
  • бясплатнае пратэзаваньне зубоў;
  • магчымасьць выйсьці на пэнсію ў 55 гадоў.

Што цяпер маюць ліквідатары ў Беларусі

Ільготы для ліквідатараў (тут ідзецца пра тых, хто ня мае інваліднасьці) вызначаныя ў законе «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» (PDF). Гэта:

  • надбаўкі да пэнсіі 25% ці 50% (калі чалавек быў у зоне эвакуацыі) ад мінімальнага памеру пэнсіі па ўзросьце (цяпер яна складае 50 рублёў);
  • скарачэньне пэнсійнага ўзросту для тых, хто браў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы ў 10-кілямэтровай зоне ў 1986 годзе або ня менш як 10 сутак у 1987 годзе — на 10 гадоў;
  • права на сацыяльны адпачынак без захаваньня заробку на 14 каляндарных дзён;
  • стопрацэнтная аплата бальнічнага;
  • адпачынак у зручны час;
  • перавага ў пакіданьні на працы пры скарачэньні штату;
  • першачарговае абслугоўваньне ў лякарнях;
  • першачарговае ўступленьне ў гаражныя каапэратывы.
Ратавальнікі, якія былі ў ліку першых на месцы Чарнобыльскай катастрофы, 1986 год
Ратавальнікі, якія былі ў ліку першых на месцы Чарнобыльскай катастрофы, 1986 год

Што кажуць беларускія ліквідатары: «Здароўе мы пакінулі ў Чарнобылі, а ўлада з нас пасьмяялася»

Ліквідатар Аляксандар Ваўчанін, сябра грамадзка-кансультацыйнай рады пры дэпартамэнце па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС пры МНС Беларусі, сказаў у інтэрвію Свабодзе, што «вяртаць ільготы ў ранейшым сэнсе сёньня ніхто ня будзе».

Аляксандар Ваўчанін, архіўнае фота
Аляксандар Ваўчанін, архіўнае фота

«Сёньня самаму маладому ліквідатару 55 гадоў. І яны павінны былі ісьці на пэнсію ў 55 гадоў. Але гэтую льготу забралі (скарачэньне пэнсійнага ўзросту на 5 гадоў, пра што кажа Ваўчанін, пакінулі толькі для тых ліквідатараў, хто працаваў у 30-кілямэтровай зоне адчужэньня і пасьля атрымаў інваліднасьць. — РС.). У мяне цяпер, напрыклад, пэнсія 450 рублёў і 25 рублёў даплата. Я прапаную дэпутатам Палаты прадстаўнікоў даплачваць ліквідатарам не 25, а хаця б 150 рублёў у месяц».

Паводле Ваўчаніна, у Беларусі неабходна вярнуць статус ліквідатараў, як гэта ёсьць ва Ўкраіне і Расеі.

«Мы будуем АЭС, і ўсё можа быць. І як мы будзем прызываць людзей, калі нешта здарыцца? А яны скажуць — вы ж нашым бацькам і дзядам адмянілі льготы!» — кажа ліквідатар.

Ліквідатар Васіль Сіліверст падчас службы ў войску займаўся дэзактывацыяй тэрыторыі і вайсковай амуніцыі. Яму не ўдалося юрыдычна давесьці, што захворваньне, якое прывяло да інваліднасьці, зьвязана з удзелам у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. У правядзеньні незалежнай экспэртызы яму адмовілі.

Васіль Сіліверст
Васіль Сіліверст

«У ліквідатараў забралі ўсё. Наша заканадаўства па Чарнобылю найгоршае ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай. Тут няма ніякіх сацыяльных гарантый. Ліквідатарам за 33 гады абрыдла хадзіць і кланяцца. Здароўе мы пакінулі ў Чарнобылі, а ўлада з нас пасьмяялася. Тут мы ніхто».

Кадр з сэрыялу «Чарнобыль»
Кадр з сэрыялу «Чарнобыль»

Украіна

Ва Ўкраіне 1 мільён 800 тысяч ліквідатараў. Іхнія льготы гарантаваныя законам аб статусе і сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Што цяпер маюць ліквідатары ва Ўкраіне:

  • скарачэньне пэнсійнага ўзросту на 7–10 гадоў;
  • 50% ільготу на аплату ўсіх жыльлёва-камунальных паслуг;
  • бясплатны праезд у гарадзкім транспарце (50% зьніжка для праезду ў пэўны пункт ва Украіне, адзін раз на год);
  • бясплатнае лекаваньне ў спэцыялізаваных лякарнях, бясплатнае пратэзаваньне зубоў;
  • раз на год ліквідатар можа атрымаць бясплатную пуцёўку на аздараўленьне (мясцовыя ўлады аплочваюць дарогу туды і назад да месца аздараўленьня);
  • фінансавая дапамога на гадавіну аварыі і на дзень ушанаваньня ліквідатараў (15–20 эўра);
  • ільготы для членаў сям'і: у выпадку сьмерці кармільца-ліквідатара жонка атрымлівае 50% яго пэнсіі і за ёй захоўваюцца ўсе мужавы льготы;
  • бясплатныя лекі (даплата 5–6% ад кошту імпартных лекаў);
  • падатковыя льготы;
  • 25% -я кампэнсацыя на прадукты харчаваньня (для часткі ліквідатараў);
  • першачарговае забесьпячэньне жыльлём тых, хто мае патрэбу.
Дазымэтрыст Юрый Кабзар на подступах да лесьвіцы, якая вядзе ў цэнтральную рэактарную залю, 1991 год
Дазымэтрыст Юрый Кабзар на подступах да лесьвіцы, якая вядзе ў цэнтральную рэактарную залю, 1991 год

Што кажуць украінскія ліквідатары: «Мы гэта ўсё вырывалі сваімі пратэстамі»

Старшыня міжнароднай арганізацыі «Саюз Чарнобыль — Фукусіма» Валеры Макаранка кажа, што «ніводная дзяржава ў сьвеце» добраахвотна чарнобыльцам насустрач не ішла.

«Чарнобыльцы — арганізаваная сіла, якая патрабуе ад дзяржавы выкананьня абавязаньняў. Дзяржаве гэта не падабаецца. Бо яны ня любяць, калі слуг народу штурхаюць у адно месца. Таму мы гэта ўсё вырывалі сваімі пратэстамі, барацьбой, зьвярталіся ў міжнародныя арганізацыі. І працягваем гэта рабіць», — кажа Валеры Макаранка.

Жалобны пэрформанс памяці ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Украіна, 26 траўня 2019
Жалобны пэрформанс памяці ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Украіна, 26 траўня 2019

Валеры Макаранка падчас катастрофы працаваў журналістам, зрабіў першыя здымкі рэактара і саркафага. А праз два дні апынуўся ў рэанімацыі.

«Калі не прапускалі ніякай інфармацыі пра аварыю, мне ўдалося гэтую блякаду зламаць. Па зямлі праехаць да станцыі нельга было — чатыры кардоны стаялі. Я служыў у авіяцыі, меў сувязі ў Кіеўскай вайсковай акрузе — ды проста пераляцеў кардоны на верталёце, — прыгадвае Макаранка. — Каб не забралі мае здымкі, пайшоў на інтэрвію да кіраўніка дзяржаўнай камісіі Івана Сілаева. Адмяніць ягонае інтэрвію тады ніхто ня мог — а ён распавёў усё. І ўладам ужо не было сэнсу затыкаць рот журналістам».

Дазымэтрыст Ігар Міхайлаў у цэнтральнай рэактарнай залі, 1991 год
Дазымэтрыст Ігар Міхайлаў у цэнтральнай рэактарнай залі, 1991 год

Расея

Цяпер у Расеі каля 150 тысяч ліквідатараў. Зь іх каля 45 тысяч — інваліды ў выніку прац на ЧАЭС. Статус ліквідатара ў Расеі замацаваны ў адмысловым законе. Ільготы залежаць ад таго, ці зьяўляецца ліквідатар інвалідам, і ад пэрыяду працы ў чарнобыльскай зоне.

Што цяпер маюць ліквідатары ў Расеі

Ліквідатары 1986–87 гадоў і ліквідатары, якія працавалі ў 1988–90 гадах на аб’екце «Сховішча», маюць большы пакет сацыяльных гарантый, чым ліквідатары 1988–90 гадоў:

  • штомесячная грашовая выплата ад 33 да 41 даляра і набор сацыяльных паслуг (лекі, санаторна-курортнае лячэньне, праезд) — каля 17 даляраў (для інвалідаў гэтыя сумы большыя);
  • па пэнсійным заканадаўстве ліквідатары 1986–87 гадоў атрымліваюць дадаткова 198 даляраў;
  • магчымасьць выйсьці на пэнсію на 5–10 гадоў раней;
  • 50% аплаты за камунальныя паслугі;
  • бясплатнае забесьпячэньне жыльлём тых, хто мае патрэбу (жыльлёвы сэртыфікат). У чарзе па гэтай праграме засталося каля 8 тысяч чалавек;
  • штомесячная выплата на харчаваньне для ліквідатараў 1986–1987 гадоў — каля 10 даляраў;
  • штогадовая выплата на аздараўленьне — ад 5 да 14,5 даляра;
  • выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасьці ў памеры 100 працэнтаў сярэдняга заробку;
  • даплата да памеру ранейшага заробку пры пераводзе па мэдычных паказаньнях на працу зь ніжэйшай аплатай;
  • дадатковы аплатны адпачынак да 14 дзён.​
Пропуск для ўезду ў зону адчужэньня, 1987 год
Пропуск для ўезду ў зону адчужэньня, 1987 год

Што кажуць расейскія ліквідатары: «Многія будуць зьдзіўленыя, якія невысокія выплаты атрымліваюць ліквідатары»

Старшыня «Саюзу „Чарнобыль“ Расеі» Вячаслаў Грышын кажа, што пасьля катастрофы былі сакрэтныя загады пасылаць у Чарнобыль вайскоўцаў (у меншай ступені гэта тычылася цывільных спэцыялістаў), не маладзейшых за 25 гадоў і не старэйшых за 45 гадоў, прычым такіх, хто мае сям’ю і дзяцей.

«Для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны дзяржава зрабіла багата дадатковых захадаў сацыяльнай падтрымкі. У іх бясплатныя авіяпералёты па краіне, напрыклад. У Савецкім Саюзе дзейнічала пастанова, якая прыраўноўвала ліквідатараў да вэтэранаў. Але потым Савецкі Саюз распаўся...»

Расейскі «чарнобыльскі» закон карэктаваўся каля 30 разоў, кажа Вячаслаў Грышын.

«Я думаю, што пасьля прагляду сэрыялу „Чарнобыль“ многія будуць зьдзіўленыя тым, якія невысокія выплаты атрымліваюць ліквідатары. Хоць многія пасьля прагляду казалі, што яны ўратавалі ня толькі Эўропу, але і ўвесь сьвет».

Ва Ўкраіне і ў Расеі ёсьць грамадзкія арганізацыі ліквідатараў, у Беларусі няма.

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG