Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя выявілі, што ў Горадні дзяўчынка ўчадзела пасьля праверкі кватэры кантралёрам


У Горадні сьледчыя завяршылі расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце сьмерці дзяўчынкі ад атручэньня чадным газам.

Абвінавачаньне прад’явілі 29-гадоваму кантралёру пячной гаспадаркі.

12-гадовая дзяўчынка загінула летась у лютым. Яна мылася ў ваннай, уключыўшы газавую калёнку. Паводле папярэдняй вэрсіі, яна атруцілася чадным газам ад калёнкі, самлела і захлынулася ў вадзе.

29-гадовага кантралёра пячной гаспадаркі Горадзенскага абласнога камбінату супрацьпажарных работ абвінавачваюць у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці (ч. 1 арт. 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі), паведамляецца на сайце Сьледчага камітэту.

Яму пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых працаў да двух гадоў, абмежаваньне або пазбаўленьне волі да трох гадоў.

Сьледчыя ўстанавілі, што спэцыяліст не да канца выканаў свае абавязкі. За месяц да здарэньня ён правяраў кватэру, дзе жыла школьніца, і знайшоў няспраўнасьці ў вэнтыляцыйным і дымавым каналах. Аднак нічога не зрабіў, каб іх выправіць, і не паведаміў у арганізацыі, якія абслугоўваюць газавае абсталяваньне.

У выніку дзяўчынка атруцілася чадным газам, бо дымавы канал быў непрыдатны.

Сваю віну ў злачынстве падазраваны прызнаў часткова. Цяпер ён пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.

Падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы сьледчыя выявілі ў арганізацыі дзейнасьці Горадзенскага абласнога камбінату супрацьпажарных работ, унітарнага прадпрыемства «Гродноблгаз» і УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні шэраг іншых парушэньняў, не зьвязаных са сьмерцю дзяўчынкі.

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG