Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьмерць людзей ад газу ў Барысаве пакаралі сьлесараў

абноўлена

Слесараў-газавікоў Аляксея Лукаша і Аляксандра Чысьцякова прызналі вінаватымі і асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні. Лукаша ўзялі пад варту ў судзе, Чысьцякова забяруць з дому — ён на бальнічным, у суд не прыйшоў.

Гэта дакладна тое пакараньне, якога прасіў пракурор. Прысуд вынес судзьдзя Аляксей Болатаў. Таксама суд часткова задаволіў грашовыя пазовы чатырох пацярпелых да Менскаблгазу.

Лукаш перад прысудам сказаў Свабодзе: Калі разабраліся, дык не асудзяць, але не падобна. Хутчэй зробяць крайнімі.

5 студзеня ў Барысаўскім раённым судзе пачаўся разгляд справы супраць двух сьлесараў «Барысаўгазу», якіх абвінавачваюць у прычыненьні сьмерці празь неасьцярожнасьць: у канцы студзеня 2016 году ад працяканьня газу ў Барысаве загінулі 6 чалавек.

45-гадовы Аляксандар Чысьцякоў і 36-гадовы Аляксей Лукаш, сьлесары «Барысаўгазу», прызнаныя вінаватымі ў прычыненьні сьмерці празь неасьцярожнасьць. Даўшы паказаньні, яны заявілі, што ня згодныя з абвінавачаньнем, бо не разумеюць ягонай сутнасьці. Паводле крымінальнага заканадаўства абодвум пагражала да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле сьледзтва, супрацоўнікі «Барысаўгазу» падчас рамонту парушылі абавязковыя нормы і правілы карыстаньня бытавым газавым абсталяваньнем і ня выявілі парушэньняў у працы воданагравальнай калёнкі «Нява 4510», што прывяло да ўтварэньня вокісу вугляроду (чаднага газу) у небясьпечна высокай канцэнтрацыі і да сьмерці 6 чалавек.

Пацярпелымі ў справе праходзяць сваякі загінулых. Кожны з пацярпелых папрасіў спагнаць зь Менскаблгазу па 50 тысяч рублёў як кампэнсацыю за маральную шкоду.

Прадстаўнік Менскаблгазу Сяргей Курашэвіч сказаў пасьля суду, што арганізацыя ня згодная з выракам адносна частковага задавальненьня пазоваў і будзе яго абскарджваць. Тром пацярпелым суд прысудзіў кампэнсацыю па 15 тысяч рублёў, яшчэ аднаму — 30 тысяч.

Адвакат Аляксея Лукаша Ігар Іваноў сказаў пра вырак:

«У суду было дастаткова доказаў нашай невінаватасьці, але суд нас не пачуў».

Адвакат мяркуе, што асноўныя вінаватыя ў трагедыі — «самі спажыўцы газу».

«Калі ім сказалі, што ў вас няма цягі і нават што цяга адваротная, што трэба прачысьціць каналы, а яны нічога не зрабілі і працягвалі карыстацца калёнкамі, як раней, — то хто вінаваты?».

Адвакат Іваноў пацьвердзіў, што вырак раённага суду будзе абскарджаны.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG