Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму работнікаў «Хімвалакна» адпраўляюць у адпачынак


Магілёўскае акцыянэрнае таварыства «Хімвалакно»

Работнікаў найвялікшага ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно» адпраўляюць на чатыры дні ў адпачынак за ўласны кошт. Вытворчасьць на прадпрыемстве спыняцца ня будзе.

Работнікі сьцьвярджаюць, што «вымушаныя адпачынкі» ім патлумачылі зьмяншэньнем датацыяў і недахопам сыравіны. Гэта зьвязана з пастаўкамі «бруднай нафты» з Расеі.

Сьцісла пра магілёўскае «Хімвалакно» і яго ранейшыя праблемы

«Хімвалакно» — буйны вытворца хімічных паўфабрыкатаў, поліэфірных валокнаў і нітак. Больш за 65 працэнтаў прадукцыі экспартуецца ў 30 краінаў. Для Магілёва прадпрыемства горадаўтваральнае. На ім працуе больш за 5 тысяч чалавек. У даўнейшыя часы разам з сацыяльнай сфэрай колькасьць работнікаў сягала 25 тысяч.

Публічна праблемы на «Хімвалакне» ўпершыню прызналі ў 2010 году. Прадпрыемству не хапала сыравіны, якая пастаўлялася з Расеі. Дзеяньні партнэраў ацэньваліся як парушэньне міжурадавых пагадненьняў.

У 2014 году за правал мадэрнізацыі звольнілі генэральнага дырэктара «Хімвалакна» Сяргея Пузевіча: укладзеныя 200 мільёнаў даляраў не прынесьлі чаканага эфэкту. Замест Пузевіча прызначылі былога кіраўніка Магілёўскай вобласьці Пятра Рудніка. Той заявіў, што найгалоўнейшая задача — вызваліць прадпрыемства ад татальнай сыравіннай залежнасьці.

Работнікі прадпрыемства: «Сказалі ахвяраваць дзеля вырашэньня агульных праблемаў»

Паводле работнікаў «Хімвалакна», намер адправіць калектыў у «адпачынак» генэральны дырэктар Пётар Руднік агучыў на нарадзе да Дня хіміка. Неабходнасьць гэтага ён патлумачыў зьмяншэньнем датацыяў прадпрыемству ад канцэрну «Белнафтахім».

Руднік адзначыў, што аб’ёмы падтрымкі скараціліся, бо канцэрн цяпер пераадольвае праблемы, выкліканыя пастаўкамі з Расеі «бруднай нафты».

«Ён назваў адпачынкі за ўласны кошт „палітычным рашэньнем“ і сказаў, што калектыву трэба засьведчыць перад канцэрнам гатоўнасьць ахвяраваць дзеля вырашэньня агульных праблемаў», — кажа работнік прадпрыемства, які прысутнічаў на нарадзе.

«Лепей страціць чвэрць заробку, чым працу»

Па словах работнікаў, загаду «адпачыць» кіраўніцтва не выдавала. Калектыву «неафіцыйна і ветліва» прапаноўваюць выбраць чатыры дні для адпачынку ў траўні ці чэрвені. Сам кіраўнік прадпрыемства нібыта зьбіраецца ўзяць два дні ў чэрвені.

Агітацыйны стэнд на шашы на «Магілёўхімвалакно»
Агітацыйны стэнд на шашы на «Магілёўхімвалакно»

«Вядома ж, людзі незадаволеныя, але сьмельчакоў, хто б адмовіўся ад „адпачынку“, ня знойдзецца. Лепей страціць чвэрць заробку, чым працу наагул», — кажа яшчэ адзін работнік, які назваўся Сяргеем.

Паводле яго, заробак на прадпрыемстве блізкі да 1000 рублёў. «Такіх грошай зарабіць у Магілёве няма дзе», — заўважае ён.

Ягоныя калегі адзначаюць: за пяць гадоў, што прадпрыемствам кіруе Пётар Руднік, у адпачынак за ўласны кошт калектыў адпраўляюць упершыню.

Прафсаюзны камітэт: «Адміністрацыя абяцае кампэнсаваць страты ад вымушанага адпачынку»

Старшыня прафсаюзнага камітэту прадпрыемства Ўладзімер Падабед кажа, што генэральны дырэктар агучыў просьбу пра адпачынкі на сходзе прафсаюзнага актыву. Ён сапраўды аргумэнтаваў яе праблемамі з «бруднай нафтай», якія прывялі да недахопу сыравіны і не дазволілі прадпрыемству выканаць заплянаванае.

Падабед прызнае: просьба Рудніка — «непапулярны крок». Але пераконвае, што ў адпачынак пойдуць толькі тыя, хто выкажа такое жаданьне.

Пётар Руднік, генэральны дырэктар «Магілёўхімвалакна». Архіўнае фота 2009 году. У той час Руднік кіраваў Магілёўскім аблвыканкамам
Пётар Руднік, генэральны дырэктар «Магілёўхімвалакна». Архіўнае фота 2009 году. У той час Руднік кіраваў Магілёўскім аблвыканкамам

«Гэта вымушанае „палітычнае дзеяньне“, на якое Пётар Міхайлавіч зь цяжкасьцю наважыўся, — кажа ён. — Я запытаўся ў яго, ці будуць кампэнсаваныя страты таму, хто адгукнецца і пойдзе ў вымушаны адпачынак. Ён адказаў, што адміністрацыя не пакіне калектыў без кампэнсацыі, але гэтага не адбудзецца заўтра».

«Ад бруднай нафты пацярпела ня толькі магілёўскае „Хімвалакно“»

Уладзімер Падабед цьвердзіць, што словам Пятра Рудніка калектыў верыць, бо за час сваёй працы гендырэктар не пакараў ніводнага работніка капейчынай і прыкладае максымум намаганьняў, каб павысіць узровень заработнай платы.

Паводле старшыні прафсаюзнага камітэту, ад праблемаў з нафтай пацярпела ня толькі «Магілёўхімвалакно», але і іншыя прадпрыемствы нафтахіміі. Па яго словах, кожнае зь іх шукае свае рэсурсы, каб кампэнсаваць страты.

«Белнафтахім»: гэта зьвязана з капітальнымі рамонтамі на вытворчасьці

У канцэрне «Белнафтахім» карэспандэнту Свабоды сказалі, што цяпер на прадпрыемстве адбываецца «плянавы прыпыначны капітальны рамонт дзьвюх вытворчасьцяў — арганічнага сынтэзу і тэхнічных нітак».

«Гэтыя капітальныя рамонты адбываюцца з пэўнай пэрыядычнасьцю. У гэты час, калі пэрсанал не задзейнічаны на вытворчасьці, адміністрацыя ідзе насустрач работнікам і падпісвае іх заявы. Таму масавых прымусовых адправак няма, толькі па жаданьні людзей», — сказала прэс-сакратарка канцэрну Марына Касьцючэнка.

Паводле прадстаўніцы канцэрну, гэта не зьвязана з наступствамі паставак расейскай бруднай нафты ў Беларусь.

«Сёньняшняя сытуацыя зьвязаная з капітальнымі рамонтамі на вытворчасьці», — кажа яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG