Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбаўленыя права голасу на радзіме. Як беларускі галасавалі на эўрапейскіх выбарах


Ілюстрацыйнае фота.

Вынікі эўрапейскіх выбараў празь беларускі ракурс падсумоўваюць ураджэнкі Беларусі, якія галасавалі на выбарах у Эўрапарлямэнт — аніматарка праекту «Пашыраем веды пра міграцыю» Брусэльскага Свабоднага ўнівэрсытэту і Цэнтру разьвіцьця моладзі Маргарыта Тарайкевіч з Бэльгіі, кіраўніца беларускай суполкі «Скарына» у Чэхіі Рыта Гаціх, вядучая праграмы «Прасьвет» на тэлеканале Белсат Аліна Коўшык і дасьледчыца Вераніка Лапуцька, якія выбіралі эўрадэпутатаў ад Польшчы.

Сьцісла

  • Лапуцька: Гэта былі першыя ў жыцьці выбары, калі я ведала, што мой голас будзе штосьці значыць.
  • Гаціх: Я галасавала за Партыю піратаў, у праграме якіх пашырэньне колькасьці краінаў ЭЗ. Спадзяюся, што і Беларусь калісьці зможа далучыцца.
  • Коўшык: Людзі з больш высокім узроўнем адукацыі абіраюць больш адкрытае грамадзтва, галасуюць за партыі, якія выступаюць за эўрапейскія каштоўнасьці.
  • Тарайкевіч: Ідэі роўнасьці, антырасізму ў постсавецкім асяродку часам сустракаюць значны супраціў.
Наўпроставы лінк


«У роднай краіне я была пазбаўленая голасу як раб, быдла або дзіця»

Ганна Соўсь: Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Курс, якая жыве ў Польшчы і мае грамадзянства гэтай краіны, у нядзелю напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Мая маленькая драма ў тым, што ў роднай краіне я была пазбаўленая голасу як раб, быдла або дзіця. Апошні раз я галасавала ў 1994, пасьля таго выбараў у нас няма і ня будзе яшчэ невядома колькі. Сёньня я галасавала другі раз — на выбарах у Эўрапарлямэнт. Майму сыну амаль столькі ж, колькі мне было ў 1994 годзе». Вы ўсе — беларускі, якія, як і Сьвятлана, былі «пазбаўленыя голасу» на радзіме апошнія два дзесяцігодзьдзі праз адсутнасьць справядлівых выбараў. Зь якімі пачуцьцямі, чаканьнямі, спадзяваньнямі вы ішлі на гэтыя выбары? Чым быў абумоўлены ваш выбар? Якія асаблівасьці вынікаў выбараў эўрадэпутатаў у вашых краінах?

Маргарыта Тарайкевіч
Маргарыта Тарайкевіч

Маргарыта Тарайкевіч: Мне вельмі адгукаюцца гэтыя словы. Файна галасаваць і ведаць, што твой голас будзе палічаны, што ніякая цётачка нічога ня ўкіне. У Бэльгіі былі выбары ажно ў пяць парлямэнтаў — у Эўрапейскі, нацыянальны і тры рэгіянальныя Брусэльскі, Флямандзкі і Валёнскі. Ва ўсіх трох бюлетэнях я галасавала за сацыял-дэмакратаў, за традыцыйных левых. Для мяне прыярытэтныя каштоўнасьці сацыяльнай дзяржавы, сацыяльнай абароны, барацьба супраць дыскрымінацыі і ксэнафобіі, і, канечне, эўрапейская тэма.

«Я галасавала за жанчыну, бо лічу, што трэба падтрымліваць жанчын у палітыцы»

Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

Аліна Коўшык: У Беларусі апошні раз я галасавала, калі кандыдатам быў Уладзімер Ганчарык (прэзыдэнцкія выбары 2001 году — РС). Гэта хутчэй быў голас пратэсту, чым я разьлічвала, што нашыя галасы будзе нехта лічыць і прымаць пад увагу. Гэтыя выбары ў Эўрапарлямэнт не былі для мяне сьвятам, як заўсёды стараюцца ў Беларусі падкрэсьліваць значэньне выбараў, хоць рэальна ніякімі выбарамі яны не зьяўляюцца. Я проста выйшла ў школу каля нашага дому, узяла з сабой сына, сказала яму, што мне было б вельмі прыемна, каб ты пайшоў разам са мной і дапамог мне выканаць гэты грамадзянскі абавязак. Важна паказваць дзецям, што выбары — для кожнага, што гэта абавязак, што ад нас залежыць, як будзе разьвівацца краіна. Мы проста паставілі крыжык у адным з акенцаў.

Я галасавала за жанчыну, бо лічу, што трэба падтрымліваць жанчын у палітыцы. Нас усьцяж замала. У Эўропе таксама замала жанчынаў у палітыцы. Гэта жанчына, якую я ведаю асабіста. На жаль, яна не атрымала мандат, але атрымала маю асабістую падтрымку. Прыкладна праз гадзіну пасьля галасаваньня я была на літаратурным фэстывалі на сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч. І калі я туды прыйшла і села на вольнае месца, то апынулася, што літаральна праз некалькі крэслаў сядзела кандыдатка, за якую я галасавала. Гэта быў вельмі прыемны знак таго, што палітыка можа быць побач, і ў палітыцы могуць тыя людзі, за якіх хочацца аддаць свой голас. Гэтая жанчына займаецца абаронай правоў жанчын, і мне вельмі сугучна тое, што яна робіць. Я думаю, што такія палітыкі павінны быць у Эўропе.

«Для мяне было важна, каб гэтая асоба рабіла штосьці для Беларусі ў Польшчы ці ў Эўразьвязе»

Вераніка Лапуцька
Вераніка Лапуцька

Вераніка Лапуцька: У мяне быў цікавы дзень, напоўнены эўфарыяй, таму што для мяне гэта былі першыя ў жыцьці выбары, калі я галасавала і ведала, што мой голас будзе штосьці значыць. У Беларусі апошні раз я галасавала ў 2006 годзе, як толькі мне споўнілася 18 гадоў. Пасьля гэтага асабліва не было сэнсу хадзіць на выбары ў Беларусі. Я вельмі радасна ішла на выбарчы ўчастак і аддала голас за кааліцыю, якая падтрымлівае эўрапейскія каштоўнасьці. Я заўсёды зьяўляюся эўрааптымісткай. Для мяне ня быў важны пол кандыдата, а было больш важна, каб гэтая асоба рабіла штосьці для Беларусі ў Польшчы ці ў Эўразьвязе. І мой голас атрымала менавіта такая асоба.

«Я была назіральніцай на беларускіх і на чэскіх выбарах»

Рыта Гаціх
Рыта Гаціх

Рыта Гаціх: У нас у Чэхіі дэмакратыя, і чалавек сам можа вырашыць, за каго галасаваць. На выбары ў Чэхіі я ішла ўжо другі раз. Ішла з пачуцьцём адказнасьці і з упэўненасьцю, што мой голас будзе ўлічаны і паўплывае на вынікі галасаваньня. Я галасавала ў суботу, і ўжо а 9 раніцы на выбарчым участку была чарга зь людзей сталага, пэнсійнага ўзросту. Апошнім часам у Чэхіі мяне крыху расчаравала палітычная сытуацыя, і я доўга вагалася, за каго аддаць свой голас. Я вырашыла галасаваць за Партыю піратаў. Яны прывабліваюць сьвежымі ідэямі, простымі для рэалізацыі. Яны — рашучыя, маладога ўзросту, таму я думаю, што яны могуць рэальна паўплываць на палітыку.

Раней я была назіральніцай і на беларускіх, і на чэскіх выбарах. Самая галоўная розьніца ў тым, што на выбарчых участках у Чэхіі нас паўсюль прымалі вельмі спрыяльна, ніхто не баяўся, што мы прыходзілі, нам дазвалялі размаўляць з выбарцамі, прапаноўвалі гарбату, дазвалялі фатаграфаваць, лічыць бюлетэні разам зь сябрамі камісіі. Ніхто нікуды не адсоўваў і не прапаноўваў пасядзець за фіраначкай.

Чаму беларусы замежжа часта маюць антымігранцкія настроі і падтрымліваюць папулістаў

Ганна Соўсь: Некалькі месяцаў таму 30 эўрапейскіх інтэлектуалаў, у тым ліку і Сьвятлана Алексіевіч, выступілі з заклікам да эўрапейцаў падтрымаць праэўрапейскія сілы і спыніць марш нацыяналістаў і папулістаў. Ёсьць такая тэндэнцыя, што пэўная частка беларусаў, якія пераехалі жыць у краіны Эўразьвязу, мае антыэмігранцкія настроі і падтрымліваюць як раз нацыяналістаў і папулістаў. З чым вы гэта зьвязваеце?

Маргарыта Тарайкевіч: Гэта таямніца. У людзей, якія вырасьлі ў Савецкім Саюзе ці ў былым Савецкім Саюзе, якія здавалася б, маглі быць пад уплывам камуністычнай ідэалёгіі — амаль адсутнічае левасьць, левая ідэя! Ідэі роўнасьці, антырасізму ў постсавецкім асяродку знаходзяць менш падтрымкі, чым у некаторых іншых. Можа, гэта таму, што гэтыя ідэі былі дыскрэдытаваныя савецкім фэйкам. Я, прынамсі, левай стала толькі тут. У пост-СССР я не ўяўляла, што я — левая. Толькі тут я ўбачыла, што насамрэч значаць словы аб роўнасьці і сацыяльнай салідарнасьці.

Ёсьць і іншая вэрсія. У сацлягеры не было масавых міграцый у тым выглядзе, у якім яны былі ў Заходняй Эўропе, не было звычкі да вялікай прысутнасьці людзей іншых колераў скуры. Ёсьць такая тэндэнцыя: дзе мігрантаў больш, там да нас, мігрантаў, стаўленьне больш спрыяльнае. Гэта абвяргае тэорыю, што нібыта антымігранцкія настроі абумоўленыя нэгатыўным досьведам. Найбольш адкрыты і талерантны горад у нас — Брусэль, там сацыялісты — першая партыя, таксама вельмі ўзьняліся «зялёныя». А найбольш супраць мігрантаў галасуюць у асяродках, дзе іх амаль няма, напрыклад, у флямандзкіх вёсках. Хаця Антвэрпэн у гэтым пляне нетыповы горад паводле вынікаў выбараў, але там свой флямандзкі кантэкст, свая гісторыя дыскрымінацыі іхняй мовы і нацыянальнай ідэнтычнасьці, які мне, як беларусцы, магчыма, крыху больш зразумелы, чым маім суседзям-валёнцам.

Як ставяцца да іміграцыйнае тэматыкі беларусы? Беларусы маюць розныя погляды. Але калі казаць менавіта пра праявы ксэнафобіі, то ў мяне ёсьць адчуваньне, што ня толькі ў беларусаў, але ва ўсім постсавецкім асяродку гэта можа быць банальна зьвязана з агульнаэўрапейскай спадчынай каляніялізму і расізму. Мажліва, мы проста, як белыя, лічым сябе падсьвядома лепшымі за тых мігрантаў, якія паходзяць зь неэўрапейскіх краінаў, ці маюць іншы колер скуры. Напрыклад, мая знаёмая ізраільцянка кажа, што паводле яе адчуваньняў, сярод краінаў з былога сацлягеру сярод беларусаў — найвышэйшы адсотак людзей зь левымі поглядамі. (Тэрмін «левыя» у ізраільскім кантэксьце мае спэцыфічнае значэньне, у левых там меншы градус ксэнафобіі.)

«Часта нашыя палітычныя погляды зьвязаныя з узроўнем адукацыі»

Аліна Коўшык: Мне здаецца, што вельмі часта нашыя палітычныя погляды зьвязаныя з узроўнем адукацыі. Калі глядзець на вынікі выбараў у Польшчы, то там за партыю ПіС, якая выйграла выбары ў Эўрапарлямэнт, з большага галасавалі людзі не з вышэйшай адукацыяй. Мне здаецца, што вельмі часта тыя людзі, якія маюць высокі ўзровень адукацыі, абіраюць больш адкрытае грамадзтва, галасуюць за партыі, якія выступаюць за эўрапейскія каштоўнасьці. Што тычыцца беларусаў, то мне здаецца, што сярод нас ёсьць і такія, і такія, як у кожнай іншай нацыі. Гэта не зусім зьвязана толькі з нашым досьведам СССР і таталітарызму.

«У СССР быў вельмі нізкі ўзровень палітычнай культуры ў СССР, таму постсавецкім людзям цяжка арыентавацца»

Вераніка Лапуцька: Згодная, што нашая адкрытасьць да нейкіх поглядаў залежыць ад адукацыі. І левыя ідэі ў СССР — гэта зусім ня тыя левыя ідэі, пра якія мы зараз гаворым, калі размаўляем пра левыя партыі ў ЭЗ. Важна не падмяняць паняцьці, каб яны не блыталіся. Я б хацела абараніць нашых суайчыньнікаў і сказаць, што такія ж самыя карціны назіраюцца ў іншых народаў. Можна паглядзець на французаў, брытанцаў, італійцаў, якія галасуюць за нацыяналістаў, папулістаў. Яны сотні стагодзьдзяў жылі на сваёй зямлі, але ў іх усё роўна такія погляды.

Трэба не забывацца, што больш старэйшае пакаленьне людзей, якія зьяжджалі з СССР, найперш шукала лепшых эканамічных умоваў жыцьця. Такія людзе не заўсёды мелі добрую гуманітарную адукацыю, каб быць вельмі адкрытымі. І трэба не забыць пра вельмі нізкі ўзровень палітычнай культуры ў СССР, яе проста не было, бо не было альтэрнатывы, сапраўднай палітыкі, таму людзям цяжка арыентавацца ў безьлічы ідэалёгій, партый, іх адценьняў. Вельмі часта ім прасьцей за ўсё галасаваць за папулістаў, якая кажуць зразумелыя для іх рэчы, але пад сабой ня маюць ніякай слушнай ідэалёгіі.

«Склад эміграцыі такі, што прасьцей і лягчэй падтрымаць папулістаў»

Рата Гаціх: У мяне няма дадзеных, колькі беларусаў бралі ўдзел у гэтых выбарах у Чэхіі і за якія партыі яны галасавалі. Гэта з большага залежыць ад адукацыі і агульнага сьветапогляду чалавека. Проста часта склад эміграцыі такі, што прасьцей і лягчэй падтрымаць папулістаў. Беларусы — больш закрытыя. Мне падаецца, яны менш цікавяцца тым, што адбываецца навокал. Ім прасьцей прыняць простую ідэю, чым усё глыбока абдумваць, аналізаваць і прымаць нейкія рашэньні.

«Прычынаў біць трывогу я ня бачу, але ёсьць прычыны займацца адукацыяй грамадзтва»

Жанчыны ў нацыянальных вугорскіх строях галасуюць на выбарах у Эўрапарлямэнт на ўчастку непадалёк ад Будапэшту, 26 траўня 2019
Жанчыны ў нацыянальных вугорскіх строях галасуюць на выбарах у Эўрапарлямэнт на ўчастку непадалёк ад Будапэшту, 26 траўня 2019

Ганна Соўсь: Паводле вынікаў выбараў, праэўрапейскія сілы захавалі пераканаўчую большасьць у ЭП (перамогу атрымалі прыхільнікі эўраінтэграцыі і цэнтрысты: хрысьціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, лібэралы і зялёныя), хаця эўраскептычныя сілы і павялічылі сваё прадстаўніцтва. Самыя значныя посьпехі эўраскептыкаў — першыя месцы ў галасаваньні ў Францыі і Вялікабрытаніі. Як вы глядзіце ў пэрспэктыве на будучыню аб’яднанай Эўропы? І як рост эўраскептычных настрояў можа паўплываць на Беларусь?

Маргарыта Тарайкевіч: Я малюся за будучыню абʼяднанай Эўропы і гляджу на яе з аптымізмам. Мне эўрапейскі праект дарагі, я ўспрымаю яго як бастыён такіх каштоўнасьцяў, як дэмакратыя, правы чалавека і талерантнасьць. І гэты праект вельмі добра ўплывае і на эўрапейскія грамадзтвы, і на Эўропу па-за межамі ЭЗ, і на зьнешні сьвет. Што да цяперашняга ўзроўню пагрозы (спашлюся на экспэрта Аляксея Лявончыка), то толькі на адзін працэнт вырасьлі эўраскептыкі ці правыя папулісты ў Эўрапарлямэнце. Таксама зараз назіраецца вялікі рост у «зялёных», якія выступаюць за адкрытасьць і талерантнасьць.

Калі глядзець на выбары ў Бэльгійскі парлямэнт, то, на жаль, у нас «вырасьлі» ультраправыя флямандзкія нацыяналісты, але таксама болей стала «зялёных», якія лічацца прамэмігранцкай партыяй, моцныя пазыцыі захоўваюць сацыялісты, а таксама вырасьлі нечакана крайне левыя. Ня тое, каб я падтрымлівала крайне левых, але розьніца паміж крайне левымі і крайне правымі — адсутнасьць расізму. Калі глядзець у Бэльгіі на ксэнафобію і эўраскептыцызм, то зь першага погляду выглядае, што сытуацыя не зьмянілася за апошнія некалькі гадоў. Таму прычынаў біць трывогу я ня бачу, але ёсьць прычыны займацца адукацыяй грамадзтва.

«Беларусь знаходзіцца паміж абʼяднанай Эўропай і ўсё больш агрэсіўнай Расеяй»

Аліна Коўшык: Вельмі хацелася б, каб Brexit стаў пэўным урокам і мы зразумелі, што нельга рабіць, і пэўныя памылкі нам гісторыя не выбачыць. Радуе мяне той факт, што на гэтых выбарах у Эўрапарлямэнт была сапраўды вялікая яўка. У Польшчы гэта быў абсалютны рэкорд — 43% грамадзянаў аддалі свой голас. Звычайна выбары ў ЭП мелі ніжэйшую яўку, чым выбары ў мясцовы парлямэнт ці прэзыдэнцкі выбары. Гэта значыць, што людзі зразумелі, што нельга пакідаць справу іншым.

Што тычыцца будучыні абʼяднанай Эўропы, усё ж пакуль у ЭП пераважаюць эўрааптымісты. Хочацца спадзявацца на тое, што Эўрапарлямэнт будзе сапраўды сэрцам абʼяднанай Эўропы, якое дапаможа разьвівацца, рухацца далей і знайсьці выйсьце з таго відавочнага крызісу, у якім зараз знаходзіцца абʼяднаная Эўропа. Гаворка ідзе пра прыняцьце эмігрантаў, пра тое, якую далей весьці палітыку адносна іншых краінаў. Хочацца спадзявацца, што гэтая кадэнцыя прынясе новыя выклікі, і пра беларусаў ня будуць забывацца, бо гэта мы знаходзімся на мяжы, паміж абʼяднанай Эўропай і ўсё больш агрэсіўнай Расеяй.

«Найбольш буйныя і ўплывовыя фракцыі будуць у эўрааптымістаў»

Вераніка Лапуцька: Гэта добры паказьнік, што яўка ў Польшчы была неверагодна высокай. Калі ўчора я ў нядзелю прыйшла галасаваць, на маім участку ў чэргах было багата і моладзі, і людзей старэйшага ўзросту. Людзі ўсё больш уключаюцца ў палітычныя працэсы, і мне падаецца, што гэтая тэндэнцыя будзе расьці. Я зьвярнула ўвагу на вынікі галасаваньня ў Вялікабрытаніі і Францыі. На мой погляд, вялікай бяды няма. Паміж Макронам і Лё Пэн розьніца — толькі адзін працэнт. У Вялікабрытаніі, нягледзячы на тое, што ёсьць эўраскептыкі, расьце колькасьць вельмі лібэральных левых сілаў. У Вялікабрытаніі на 14 месцаў вырасла колькасьць лібэральных дэмакратаў у ЭП. Гэта неверагодны скачок і посьпех. Таксама вырасла колькасьць «зялёных». Калі глядзець на тое, як функцыяную Эўрапарлямэнт і Эўразьвяз, то гэта найперш фракцыі, і калі гэтыя партыі абʼяднаюцца ў фракцыі, то стане зразумела, што найбольш буйныя і ўплывовыя фракцыі будуць у эўрааптымістаў. Трэба заставацца аптымістамі і спадзявацца, што ва ўсім гэтым знойдзецца месца і для Беларусі.

Эўрапейскі торт на адным з выбарчых участкаў у Нямеччыне
Эўрапейскі торт на адным з выбарчых участкаў у Нямеччыне

Рыта Гаціх: Я аптымістка. Мне хочацца верыць, што ЭЗ працягне сваё пасьпяховае існаваньне. Я лічу, што вынікі гэтых вынікаў паказваюць, што Эўропа на добрым шляху, што эўрааптымісты перамагаюць і, спадзяюся, будуць перамагаць надалей. Я галасавала за Партыю піратаў, а ў іх у праграме напісана, што яны плянуюць пашыраць колькасьць краінаў ЭЗ. Я спадзяюся, што і Беларусь калісьці зможа далучыцца да ЭЗ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG