Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч і дзясяткі інтэлектуалаў выступілі ў абарону Эўропы і супраць папулізму

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

30 сусьветна вядомых гісторыкаў і пісьменьнікаў, у тым ліку беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч апублікавалі ў шэрагу ўплывовых выданьняў сьвету, у тым ліку брытанскай газэце Guardian, маніфэст-папярэджаньне супраць росту папулізму і нацыяналізму. Інтэлектуалы заяўляюць, што Эўропа як ідэя «развальваецца на нашых вачах». Яны выступілі ў абарону Эўропы, свабоды і лібэральнай дэмакратыі, асудзілі папулізм, ксэнафобію і самаізаляцыю.

Лібэральныя каштоўнасьці ў Эўропе сутыкаюцца з праблемай, якую «не бачылі з 1930-х гадоў» — Вялікабрытанія пахіснулася ў сувязі з Brexit, нацыяналісты перакананыя ў посьпеху на выбарах у Эўрапарлямэнт, азначаюць вядучыя інтэлектуалы з 21 краіны сьвету.

«Мы павінны зараз стаць Эўропай ці загінем пад хвалямі папулізму», гаворыцца ў маніфэсьце.

Інтэлектуалы выказваюць сваё шкадаваньне з нагоды Brexit, які, паводле іх, магчыма, прывёў брытанска-эўрапейскія адносіны да самай нізкай кропкі з часоў Другой сусьветнай вайны.

Аўтары пішуць, што цяпер, праз тры чвэрці стагодзьдзя пасьля перамогі над фашызмам і праз 30 гадоў з моманту падзеньня Бэрлінскага муру, Эўропе патрэбная будзе новая бітва за цывілізацыю. Галоўная пагроза, на іх думку, зыходзіць ад папулістаў, якія заклікаюць аднавіць «нацыянальны дух» і «згубленую ідэнтычнасьць».

«Эўропу атакуюць ілжэпрарокі, ап’янёныя пачуцьцём крыўды і якія трызьняць магчымасьцю апынуцца ў цэнтры ўвагі. Яна пакінутая двума найвялікшымі хаўрусьнікамі, якія на працягу мінулага стагодзьдзя двойчы ратавалі яе ад самагубства; адным па той бок Ла-Манша і іншым, які знаходзіцца на другім баку Атлянтыкі. [Эўрапейскі] кантынэнт уразьлівы для ўсё больш нахабнага умяшальніцтва з боку гаспадара, што засеў у Крамлі.» — мяркуюць аўтары звароту.

Інтэлектуалы папярэджваюць, што, калі ня будуць зробленыя захады для барацьбы з нарастаючай хваляй папулізму, то эўразьвязаўскія выбары будуць «самымі згубным, якія мы калі-небудзь ведалі: перамога разбуральнікаў; ганьба для тых, хто яшчэ верыць у спадчыну Эразма Ратэрдамскага, Дантэ, Гётэ і Яна Амоса Коменскага; пагарда інтэлекту і культуры; выбухі ксэнафобіі і антысэмітызму; катастрофы».

Тэкст маніфэсту распрацаваў францускі філёзаф Бернар-Анры Леві. Сярод падпісантаў — ляўрэаты Нобэлеўскіх прэмій Сьвятлана Алексіевіч, Герта Мюлер, Архан Памук і Эльфрыда Елінэк, а таксама публіцыстка Эн Аплбаўм, пісьменьнікі Ісмаіл Кадарэ, Мілан Кундэра і Людміла Ўліцкая, грамадзка-палітычны дзеяч Адам Міхнік ды іншыя.

Адзін з падпісантаў маніфэсту пісьменьнік Салман Рушдзі сказаў Guardian:

«Эўропа знаходзіцца ў большай небясьпецы, чым у любы час на працягу апошніх 70 гадоў... У Вялікабрытаніі, я спадзяюся, што парлямэнт можа яшчэ мець мужнасьць, каб заклікаць да другога рэфэрэндуму. Гэта можа выратаваць краіну ад бедзтва Brexit і прайсьці доўгі шлях да выратаваньня Эўразьвязу».

Пісьменьнік Архан Памук сказаў, што ідэя Эўропы мае таксама важнае значэньне для незаходніх краінаў. «Без ідэі Эўропы, свабоды, правоў жанчын, дэмакратыі, эгалітарызму цяжка абараніць маю частку сьвету».

Выбары ў Эўрапарлямэнт пройдуць у траўні, упершыню без удзелу Вялікай Брытаніі. Большасьць назіральнікаў прагназуюць рост падтрымкі папулістаў, нацыяналістаў і антыіміграцыйных партый. Многія зь іх дамагліся значных посьпехаў падчас нацыянальных выбараў, адзначае Guardian.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG