Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч падпісала Праскі зварот у абарону дэмакратыі ў сьвеце


Сьвятлана Алексіевіч

Беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч названая ў ліку падпісантаў «Праскага звароту за аднаўленьне дэмакратыі». Зварот прынялі ўдзельнікі заснаванага Вацлавам Гаўлам «Форуму-2000» — штогадовай усясьветнай канфэрэнцыі дэмакратычных мысьляроў.

Зварот падпісалі таксама Фрэнсіс Фукуяма, Тоомас Хэндрык Ільвэс, Гары Каспараў, Міхаэль Жантаўскі, Эн Эплбаўм, Адам Міхнік, Карл Гершман, Фрэдэрык Вілем дэ Клерк ды іншыя інтэлектуалы, дзяржаўныя й грамадзкія дзеячы сьвету.

«Лібэральная дэмакратыя пад пагрозай, і ўсе, хто дбае пра яе, мусяць рушыць у яе абарону», — так пачынаецца зварот.

У дакумэнце згадваюцца «дэспатычныя рэжымы» Расеі, Кітаю ды іншых дзяржаваў, якія ўзмацняюць унутраныя рэпрэсіі ды пашыраюць сваю ўладу ў глябальным маштабе, запаўняючы вакуум, утвораны аслабленьнем моцы, уплыву і ўпэўненасьці даўно заснаваных дэмакратыяў. Антылібэралізм нарастае ў Турэччыне, Вугоршчыне, Філіпінах, Вэнэсуэле. У іншых краінах, нават з даўнім і сталым дэмакратычным ладам, падтрымка лібэральнай дэмакратыі спадае ў апошнія гады, асабліва сярод моладзі, якая ня памятае барацьбы супраць таталітарызму, а вера ў дэмакратычныя інстытуты зьмяншаецца, гаворыцца ў звароце.

Адпраўны пункт новай кампаніі за дэмакратыю — пацьвярджэньне асноватворных прынцыпаў, якія натхнялі сучасную дэмакратыю ад самага яе нараджэньня больш за два стагодзьдзі таму. Іх карані — вера ў годнасьць чалавечай асобы і перакананьне, што лібэральная дэмакратыя ёсьць палітычнай сыстэмай, якая найлепш можа абараніць гэтую годнасьць.

Сярод гэтых прынцыпаў — асноватворныя правы чалавека; палітычны і сацыяльны плюралізм; існаваньне дзейснай грамадзянскай супольнасьці; свабодныя і справядлівыя выбары, шырокія магчымасьці для грамадзян удзельнічаць у рашэньнях па-за межамі выбараў; празрыстасьць ураду, вяршэнства закону, свабодная ад карупцыі адкрытая рынкавая эканоміка; дэмакратычная культура талерантнасьці, далікатнасьці і нягвалту.

Новая Кааліцыя за дэмакратычнае абнаўленьне будзе служыць маральным ды інтэлектуальным каталізатарам ажыўленьня дэмакратычнай ідэі. Мэта — зьмяніць інтэлектуальны і культурны клімат, ведучы прынцыповую, інфармаваную і палымяную барацьбу ідэяў; абараняць дэмакратыю ад яе крытыкаў; умацоўваць інстытуты пасярэдніцтва і грамадзянскія асацыяцыі. Пераканаўчыя аргумэнты на карысьць лібэральнай дэмакратыі змогуць вызначаць хаду грамадзкай дыскусіі.

У той час як дэмакратыя ўвасабляе ўнівэрсальныя каштоўнасьці, яна існуе ў канкрэтным нацыянальным кантэксьце, які Вацлаў Гавэл называў «інтэлектуальнымі, духоўнымі ды культурнымі традыцыямі, што напаўняюць дэмакратыю зьместам і надаюць ёй сэнс», — нагадваюць аўтары Звароту думку заснавальніка «Форуму-2000».

Трэба перайсьці ў наступ супраць аўтарытарных апанэнтаў дэмакратыі, дэманструючы салідарнасьць з адважнымі людзьмі, якія змагаюцца за дэмакратычныя свабоды, і выкрываючы злачынствы клептакратаў, якія рабуюць і прыгнятаюць свае народы, фальсыфікуюць палітычную сытуацыю і гісторыю, імкнуцца падзяліць і зьняславіць стабільныя дэмакратыі.

Кааліцыя будзе шырокім ды інтэрактыўным форумам абмену думкамі, як найлепш адказаць на новыя выклікі перад дэмакратыяй — на спад узроўню жыцьця многіх грамадзянаў, рэакцыю на рост іміграцыі, зьяўленьне «палітыкі постпраўды» ў эпоху сацыяльных мэдыя, эрозію падтрымкі для лібэральнай дэмакратыі. Такі глябальны асяродак будзе адстойваць і заахвочваць эфэктыўныя дзеяньні дзеля адраджэньня веры ў дзейснасьць дэмакратычных інстытутаў.

Няма апраўданьня маўчаньню ці бязьдзейнасьці. Няможна ўпадаць у ілюзію бясьпекі ў час, калі дэмакратыя пад пагрозай. Цяперашні крызіс дае перакананым дэмакратам магчымасьць змабілізавацца, і мы павінны скарыстаць яе, падсумоўвае зварот.

XS
SM
MD
LG