Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскай «залатой» прыбіральні захрас інвалід на вазку


У Гомлі 26 траўня супрацоўнікі МНС ратавалі інваліда-вазочніка. Ён захрас пры спробе трапіць у нашумелую публічную прыбіральню ў парку на набярэжнай Сожа, будаўніцтва якой каштавала паўтара мільёна рублёў. Сьведкі здарэньня перадалі Свабодзе здымкі.

«Чалавек прасядзеў у пад’ёмніку ў падвешаным стане ня менш за 50 хвілін. Работніца прыбіральні ўсё некуды тэлефанавала і прасіла наведніка пачакаць яшчэ сорак хвілін. Але ён выклікаў МНС. Мы былі ў лёгкім шоку. Новая дарагая прыбіральня, а толку няма», — расказала Свабодзе сьведка здарэньня, якая не пажадала называць сваё імя.

Тыдзень таму другі інвалід-вазочнік, Андрэй Антоненка, таксама ня здолеў трапіць у прыбіральню.

«Мы папрасілі работніц уключыць пад’ёмнік. Яны адказалі, што няма ключа і што не прайшлі інструктаж. Мне хацелася ў прыбіральню пасьля прагулкі ў парку, і так сапсавалі настрой. Я пакінуў запіс у кнізе скаргаў», — пракамэнтаваў сытуацыю Андрэй Антоненка.

Празь пяць дзён яму патэлефанаваў галоўны інжынэр палацава-паркавага ансамблю і паведаміў, што прыбіральня працуе.

«А што такое здарылася, дык вінаватыя работніцы прыбіральні, і іх могуць звольніць. Так патлумачыў інжынэр. Але чаму яны ня мелі ключа, ён не адказаў. Прыбіральня за мільён даляраў — і столькі ўжо на яе нэрваў пайшло», — дадаў інвалід-вазочнік.

«Залатую» прыбіральню, ці «маўзалей», як яе называюць у Гомлі, пабудавалі да прыезду ў горад летась прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны. Пасьля ад’езду высокіх асоб закрылі. Прыбіральня каштавала, паводле тэндэру, каля 1,5 мільёна рублёў (прыкладна 750 тысяч даляраў). Дакладны кошт будаўніцтву аб’екта дагэтуль не назвалі. Улады распачалі будаваць другую, аналягічную прыбіральню на ўзьбярэжжы ракі Сож.

Галоўны інжынэр Гомельскага палацава-паркавага ансамблю Сяргей Пігуноў сказаў карэспандэнту Свабоды, што сёньня будуць разьбірацца ў здарэньні. «Пакуль нічога сказаць не магу», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG