Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сынод у Кіеве ня змог пераканаць патрыярха Філарэта, што ён больш не галоўны


Філарэт (зьлева) і Эпіфаній, кастрычнік 2018
Філарэт (зьлева) і Эпіфаній, кастрычнік 2018

Сынод Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ) 24 траўня абмеркаваў сытуацыю з расколам унутры арганізацыі, але яму так і не ўдалося пераканаць былога кіраўніка Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП), ганаровага патрыярха ПЦУ Філарэта.

«Мы дыскутавалі, размаўлялі, пераконвалі, але сьвяцейшы патрыярх Філарэт, на жаль, застаецца перакананым у сваім меркаваньні», — сказаў кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Эпіфаній пасьля пасяджэньня Сыноду.

ПЦУ толькі некалькі месяцаў таму атрымала Томас аб аўтакефаліі ад Сусьветнага патрыярха Варфаламея, але ўжо сутыкнулася зь першым сур’ёзным расколам: былы кіраўнік царквы Філарэт і яе цяперашні кіраўнік мітрапаліт Эпіфаній вядуць барацьбу за ўладу ў новай арганізацыі. Філарэт лічыць, што ў сілу свайго патрыяршага статусу менавіта ён павінен кіраваць новай Праваслаўнай царквой Украіны. А Эпіфаній настойвае, што паводле дакумэнтаў (Томасу і Статуту аб кіраваньні), улада належыць яму.

Эпіфаній у прыватнасьці казаў, што Філарэт працягвае карыстацца афіцыйнымі блянкамі Кіеўскага патрыярхату, выдае ад імя гэтай структуры ордэны і мэдалі, публікуе ад імя Кіеўскага патрыярхату распараджэньні і патрабуе іх выкананьня ад япіскапаў і сьвятароў ПЦУ.

На пасяджэньні Сыноду ў Кіеве таксама было прынята некалькі іншых рашэньняў, якія рэгулююць жыцьцё сьвятароў новай царквы, і яны былі падтрыманы адзінагалосна. У прыватнасьці архірэям і клірыкам ПЦУ цяпер будзе забаронена браць удзел у выбарах у Вярхоўную Раду. Выключэньне — мясцовыя выбары, і толькі з адпаведнага блаславеньня.

У чым сутнасьць канфлікту?

Супярэчнасьці паміж двума герархамі шмат у чым зводзяцца да няяснага статусу самога Філарэта. Цяпер яго называюць ганаровым патрыярхам з прычыны павагі да яго і ягоных заслугаў перад украінскай царквой. Аднак афіцыйна такі яго статус не прадугледжаны ні адным дакумэнтам.

Больш за тое, Праваслаўная царква Украіны — мітрапалічная царква, то бок найвышэйшы тытул у ёй — мітрапаліт. Таму патрыярху проста няма месца ў такой царкве. У дакумэнтах Сусьветнага патрыярхату, які рэабілітаваў Філарэта і прызнаў яго анафэму ад РПЦ несапраўднай, ён фігуруе як «былы мітрапаліт Кіеўскі».

З чаго пачаліся супярэчнасьці?

Канфлікт паміж двума герархамі паўстаў яшчэ зімой, аднак у публічную плоскасьць быў вынесены ў сярэдзіне траўня. Пачалося ўсё з таго, што Філарэт запрасіў япіскапаў на сьвята сьвятога Макарыя. Запрашэньні разаслалі на блянках былога Кіеўскага патрыярхату.

Патрыярхату не існуе паводле дакумэнтаў, бо новая Праваслаўная царква Ўкраіны была створаная ў сьнежні 2018 году шляхам зьліцьця дзьвюх цэркваў: Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Больш за тое, Філарэт сам падпісаў дакумэнт аб ліквідацыі Кіеўскага патрыярхату.

Дзьве названыя царквы былі распушчаныя, і на іх базе створаная новая аб’яднаная інстытуцыя — ПЦУ. Кіраўніком гэтай царквы абралі мітрапаліта Эпіфанія — правую руку Філарэта, яго афіцыйнага пераемніка.

Але як стала нядаўна вядома, перад самім стварэньнем царквы, 15 сьнежня 2018 году Філарэт, Эпіфаній і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заключылі вусную дамоўленасьць. Паводле гэтай дамоўленасьці Эпіфаній абіраўся прадстаяцелем (кіраўніком) царквы, але яго паўнамоцтвы павінны былі адносіцца толькі да міжнароднай дзейнасьці, гэта значыць, ён станавіўся гэткім міністрам замежных спраў. А Філарэт працягваў бы прымаць рашэньні па ўнутраных пытаньнях царквы на тэрыторыі Ўкраіны.

Экспэрты сьцьвярджаюць, што Філарэт, пагражаючы сарваць аб’яднаньне цэркваў, шантажаваў Парашэнку, для якога Томас стаў краевугольным каменем выбарчай кампаніі.

Пасьля аб’яднаньня царквы Эпіфаній не захацеў саступаць Філарэту. Тады гэты апошні вырашыў памяняць Статут царквы і вярнуць сабе ўладу. Задума Філарэта заключалася ў тым, каб абвясьціць патрыярхат і ўзначаліць царкву на правах патрыярха.

Якая пазыцыя Філарэта?

Філарэт працягвае настойваць, што ён — легітымны патрыярх, і паколькі тытул патрыярха вышэй тытула мітрапаліта, менавіта ён, Філарэт, павінен кіраваць царквой. Таму Філарэт, уласна, і вырашыў запрасіць да сябе япіскупаў, каб ацаніць колькасьць неабходных для зьмены Статуту галасоў. Абраная дата сымбалічная: 14 траўня — гэта дзень памяці сьвятога Макарыя, апекуна былога Кіеўскага патрыярхату.

Што думае на гэты конт Эпіфаній?

Мітрапаліт Эпіфаній настойвае, што згодна з асноўнымі дакумэнтамі царквы — Томасам і статутам — яе кіраўніком зьяўляецца мітрапаліт Кіеўскі, якім быў абраны ён, Эпіфаній. Калі ён аддасьць Філарэту паўнату ўлады, кажа мітрапаліт, і Томас, і статут будуць парушаныя, а гэта зьяўляецца дастатковай падставай для таго, каб Томас наогул быў адкліканы.

Падобныя прэцэдэнты ўжо былі. У 1878 годзе Томас аб аўтакефаліі атрымала ад Сусьветнага патрыярхату румынская царква, але адразу ж парушыла яго палажэньні. Томас быў імгненна адкліканы, і для вырашэньня канфлікту спатрэбілася яшчэ сем гадоў, пакуль ў 1885 годзе Сусьветны патрыярхат канчаткова ня выдаў румынскай царкве Томас аб аўтакефаліі.

Як рэагуюць вернікі і сьвятары?

Канфлікт не атрымаў бы рэзанансу без актыўнага ўдзелу царкоўнай грамадзкасьці. Суполка неабыякавых вернікаў новай царквы пад назвай «10 тэзісаў для ПЦУ» выступіла з адкрытым зваротам супраць дзеяньняў Філарэта.

У выніку, сярод больш чым 60 япіскапаў Філарэта падтрымалі ўсяго толькі чатыры, прычым трое зь іх жывуць у Расеі, а адзін — у анэксаваным Крыме. Тады Філарэт даў прэс-канфэрэнцыю, падчас якой і распавёў пра кулюарныя дамоўленасьці з прэзыдэнтам Парашэнкам, незадаволенасьці Эпіфанія і намерах абвясьціць Кіеўскі патрыярхат і самастойна кіраваць царквой. Удзельнікі руху «10 тэзісаў» асудзілі такія дзеяньні Філарэта, а аўтарытэт Эпіфанія нечакана для яго самога ўмацаваўся: яму дасылаюць лісты падтрымкі прадстаўнікі царквы ў рэгіёнах.

Што далей?

Цяпер герархі выказаліся, і канфлікт, можна сказаць, пастаўлены на паўзу: ніякіх рашэньняў пра лёс Філарэта і Эпіфанія прынята не было. Мяркуецца, што Сынод можа паставіць пытаньне аб адпраўцы Філарэта на царкоўную пэнсію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG