Суд Наваградзкага раёну асудзіў былога дырэктара бярозаўскага шклозаводу «Нёман» Уладзімера Авутку на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а начальніка заводзкага ўпраўленьня продажаў шклаваты Івана Шышко — на 2 гады, абодвух — з канфіскацыяй маёмасьці.
Да таго ж асуджаным нельга будзе займаць пэўныя адказныя пасады цягам 5 гадоў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду Беларусі.
Асуджаныя незаконна ўзялі грошы ў прадстаўнікоў прадпрыемстваў, якім абяцалі бесьперабойна пастаўляць шклавату.
Хабар давалі прыватныя ўкраінскія фірмы за тое, каб ім пастаўлялі шклавату па-за чаргой, раней за ўсіх. Авутка атрымаў ня менш за 6 тысяч даляраў, Шышко — 1,2 тысячы даляраў.
Прысуд быў вынесены яшчэ 1 сакавіка. 23 траўня скаргу Шышко разгледзеў Горадзенскі абласны суд — і пакінуў прысуд бязь зьменаў. Цяпер ён уступіў у законную сілу.