Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатару падпольнага бардэлю ў Бараўлянах прысудзілі 14 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота

Суд Менскага раёну асудзіў арганізатара падпольнага бардэлю Вячаслава Казанава на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму і штраф у 10 200 рублёў, паведамляе БелаПАН.

Суд прызнаў яго вінаватым у згвалтаваньні, учыненым паўторна, а таксама ў арганізацыі прастытуцыі і ўтрыманьні прытона.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Казанаў зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы і старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі з просьбай узяць справу пад асабісты кантроль. Ён не прызнаў віны па ніводным з выстаўленых яму абвінавачаньняў і мае намер абскардзіць прысуд. Паводле Вячаслава Казанава, пратаколы былі сфальсыфікаваныя ад «а» да «я», а на сьведак чыніўся ціск.

Як раней паведамляла МУС, у ноч на 28 ліпеня 2018 году ў пасёлку Бараўляны Менскага раёну супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС сумесна зь міліцэйскім спэцназам спынілі дзейнасьць падпольнага бардэлю.

У ходзе апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў апэратыўнікі вызначылі, што з 2016 па 2018 год двое непрацуючых менчукоў наймалі катэдж для правядзеньня закрытых сэкс-вечарынак. Кліентаў шукалі сярод знаёмых, праз аб’явы ў інтэрнэце, у сацсетках і мэсэнджэрах. Кошт уваходу для мужчын складаў ад 200 да 370 рублёў, для пары — 120 рублёў. Жанчыны ўдзельнічалі ў мерапрыемстве бясплатна, для сталых чальцоў клюбу былі зьніжкі.

Акрамя выпадковых удзельнікаў, на вечарынках прысутнічалі прастытуткі, вядучыя тэматычных конкурсаў, бармэны і іншы абслуговы пэрсанал, паслугі якога ўваходзілі ў кошт наведваньня. Таксама ў аплату ўключалі алькаголь, ежу, карыстаньне саўнай і басэйнам. На момант спэцапэрацыі ў катэджы знаходзіліся 34 мужчыны і 18 жанчын. Іхні ўзрост — ад 20 да 45 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG