Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковец з роду Казіміра Малевіча напісаў кнігу пра Менск свайго дзяцінства


Гісторыі грушаўскіх завулкаў ад Ігара Малевіча
Гісторыі грушаўскіх завулкаў ад Ігара Малевіча

Прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук, дыплямат Ігар Малевіч прэзэнтаваў кнігу гарадзкіх апавяданьняў «Грушаўскія завулкі мільянэраў», прысьвечаную раёну Менску.

Падчас імпрэзы гучалі ўспаміны вядомых ураджэнцаў і жыхароў раёну, дэманстраваўся дакумэнтальны фільм «Грушаўка», а таксама працавала фотавыстава рарытэтных здымкаў з выявамі колішняй ускраіны на розных гістарычных адрэзках.

Асобную падзяку аўтар выказаў мастаку Алесю Марачкіну. Той падарыў два дзясяткі графічных рысункаў, якія найлепш перадаюць атмасфэру незабыўных паваенных гадоў, калі людзі не былі разьяднаныя, а сьвяткавалі і гаравалі разам.

Імправізаваная фотавыстава
Імправізаваная фотавыстава

Грушаўка мусіла быць з кулакамі

Ігар Аляксандравіч належыць да славутага роду мастака-авангардыста Казіміра Малевіча, які стаяў ля вытокаў супрэматызму. Фамільная галіна навукоўца ідзе ад Паўла, старэйшага брата мастака. Пра славутага сваяка ён выдаў грунтоўнае мастацка-біяграфічнае дасьледаваньне «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу».

Ігар Малевіч быў адным зь першых савецкіх навукоўцаў, перад кім адчыніліся дзьверы NASA — амэрыканцы па заслугах ацанілі ягоную сыстэму лазэрнай лякацыі Месяца і спадарожнікаў. Супрацоўнічаў з Эўрапейскім касьмічным агенцтвам, выкладаў у вядучых унівэрсытэтах Заходняй Эўропы, працаваў у беларускіх дыпляматычных місіях у Кітаі і Паўднёвай Карэі.

Навуковец і пісьменьнік Ігар Малевіч
Навуковец і пісьменьнік Ігар Малевіч

Гэтым разам Ігар Малевіч выступіў у якасьці летапісца раёну свайго дзяцінства, дзе па вайне менчукі вярталіся да мірнага жыцьця. Аўтар тады быў дашкольнага ўзросту (нарадзіўся ў 1941 годзе).

«Грушаўскія завулкі мільянэраў» — працяг тэмы ранейшага гарадзкога рамана «Разумнікі, альбо Музыка музэю глухіх». У абодвух выпадках героямі зьяўляюцца менчукі, абʼяднаныя адной тэрыторыяй сталеньня і гартаваньня. Як прызнаецца пісьменьнік, у той час было не жыцьцё, а сапраўдная барацьба за выжываньне.

Паводле Ігара Малевіча, тагачасную Грушаўку можна лічыць клясычным узорам праблемнага раёну. Дэмабілізаваныя салдаты і афіцэры, ня маючы працы, вымушаныя былі займацца рабаўніцтвам і бандытызмам. Ня дзіва, што добрая частка мужчынскага насельніцтва прайшла праз турмы і вольныя пасяленьні. Таму байцоўскія якасьці даводзілася дэманстраваць ад самага маленства.

Грушаўка ў фатаграфічных выявах
Грушаўка ў фатаграфічных выявах

«Куды б ня рухаўся, мусіў быць гатовым, што цябе будуць па-сурʼёзнаму шманаць, — згадвае ён. — Найперш гадаванцы дзіцячага дома. У іх ужо былі адпрацаваныя прыёмы: робяць „падкацік“, ты ляціш дагары нагамі, тым часам партфэль вытрасаюць, пускаюць па коле. Не пасьпееш ачомацца, як справу „канфіскацыі“ давяршаюць ужо старэйшыя мясцовыя „кантралёры“. Гэта месца, дзе кожны перажыў ня толькі прыемныя часы дзяцінства, але і загартаваўся ў жорсткіх рэаліях».

Высьпятак ад салдата вэрмахту

Ігар Малевіч таксама ўспамінае, што на тэрыторыі Грушаўкі ў так званым «Белпалку» доўгі час трымалі палонных немцаў, якіх штодня выганялі на аднаўленьне разбуранага Менску. Да гэтага эпізоду ў будучыні давялося вярнуцца нечаканым чынам.

«Мая жонка — прафэсар-лінгвіст. Яна германістка, таму мы шмат кантактавалі зь нямецкімі дыпляматамі. Дык вось расказвалі, што Ганс-Георг Вік (у 1998-2001 гг. кіраўнік Кансультацыйнай назіральнай групы АБСЭ ў Менску. — РС) збудаваў рэзыдэнцыю ў Грушаўцы на вуліцы Разінскай. Чаму ў такім непрэзэнтабэльным месцы? Аказалася, ягоны бацька быў палонным і ўтрымліваўся ў тым самым „Белпалку“. Пазнаёміўся з жанчынай, якая жыла побач з тым месцам, угаварыў, каб прадала гэты дом, а потым купілі і суседні. Вось яны і былі пераабсталяваныя ў рэзыдэнцыю».

«Грушаўскім завулкам» папярэднічалі «Разумнікі»
«Грушаўскім завулкам» папярэднічалі «Разумнікі»

Суразмоўца ўспамінае, што з малымі сябрукамі часьцяком даймалі палонных немцаў, і аднойчы нават атрымаў ад былога салдата вэрмахту добрага высьпятка — шнары ў памяць пра той дзень захавалася да сёньня.

«За „Белпалком“ стаялі хлеўчукі, на якія мы ўзлазілі і дражнілі тых палонных, — расказвае карэнны грушавец. — Ну і дагуляліся. Аднойчы руды немец ня вытрымаў, заскочыў на дах і сьпіхнуў мяне. А ўнізе ляжаў у вялікіх скрутках калючы дрот... Весткі пра тое, што „забілі малога Ігара“, хутка разьляцелася па раёне. Бабуля Ульляна (жонка дзеда Паўла, роднага брата Казіміра Малевіча), пакуль перабегла рэчку-сьмярдзючку, на хаду нажавала нейкіх зёлак, аблажыла ранкі і такім чынам спыніла крывацёк. І калі стаў дарослым і займаўся альпінізмам, мяне пастаянна пыталіся: „Зь якой гэта гары ты так зваліўся?“»

Паваенная Грушаўка
Паваенная Грушаўка

Хто ня сеў за краты, стаў чалавекам

Ігар Малевіч перакананы, што Грушаўка займае асаблівае месца на мапе сталіцы. І ілюструе гэта пералікам вядомых людзей, якіх раён даў беларускай навуцы, культуры, спорту.

«Цяжка зразумець, як дзьве школы — № 3 і № 14 — згенэравалі такі магутны інтэлектуальны патэнцыял. Той жа акадэмік, філёзаф і сацыёляг Яўген Бабосаў. Мая мама ў дзяцінстве нават палохала: ня будзеш слухацца, Бабосу скажу. Нейкі час тут жыў і вучыўся ў 3-й школе мой даўні сябра, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Жарэс Алфёраў. Народны мастак Леанід Шчамялёў ствараў у майстэрні-хлеўчуку на Разінскай славутыя карціны. Адна зь іх — партрэт Леніна ў абстрактным стылі, за які яму дапякала савецкая ўлада, — знаходзіцца ў Музэі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку».

Ігар Малевіч зь сябрамі-грушаўцамі
Ігар Малевіч зь сябрамі-грушаўцамі

У сьпісе, агучаным Ігарам Малевічам, таксама фізыкі сусьветнага ўзроўню: прафэсар Уладзімер Барышэўскі, вядомы ракетчык Руслан Есьман, прафэсарка Ірына Новік, якая падрыхтавала блізу 80 кандыдатаў і дактароў навук. Таксама дзяржаўныя службоўцы Ўладзімер Гілеп і Ўладзімер Даманеўскі, мастакі Віктар Нямцоў, Алег Маціевіч, Ігар Бархаткоў, Сяргей Крыштаповіч, музыка гурту «Ляпіс Трубяцкой» Павал Булатнікаў, трэнэр чэмпіёнаў сьвету і Алімпійскіх гульняў у стральбе Эдуард Яраш ды многія іншыя.

Ігар Малевіч падчас прэзэнтацыі новай кнігі
Ігар Малевіч падчас прэзэнтацыі новай кнігі

Ігар Малевіч нарадзіўся 13 лістапада 1941 году ў сталічным раёне Грушаўка. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут і асьпірантуру фізфаку БДУ. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысэртацыі, паўтара дзясятка гадоў узначальваў навуковую лябараторыю прыкладных фізычных праблемаў.

Ад канца 1970-х супрацоўнічаў з навуковымі ўстановамі ЗША: прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Цэнтар астрафізыкі), прафэсар лазэрнай фізыкі ўнівэрсытэту Род-Айленду, прафэсар паліталёгіі ўнівэрсытэту Браўна.

У сярэдзіне 1990-х — дарадца ў навуцы амбасады Беларусі ў Кітаі, цягам 1997–2000 гадоў кіраваў дыпляматычнай місіяй Беларусі ў Паўднёвай Карэі.

Аўтар кніг «Увага, Кітай!», «Калі ў Эўропе яшчэ ўчора, у Карэі ўжо заўтра», «Азіяцкі трохкутнік драконаў», «Тайваньскі дзёньнік», «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу», «Разумнікі, альбо Музыка музэю глухіх», «Грушаўскія завулкі мільянэраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG