Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менск — горад безь легендаў, у якім няма чаго паказаць


Ганна Севярынец. Фота Аліны Арловай

Калісьці ў Менску быў прыгажэнны вакзал. Пэрліна Лібава-Роменскай чыгункі. Яго руйнавалі ў кожную з войнаў апошняга стагодзьдзя, аднаўлялі, зноў руйнавалі, зноў аднаўлялі, а канчаткова зьнесьлі ў 1991 годзе, каб паставіць на ягоным месцы будыніну з шкла і бэтону.

Калісьці ў Менску быў касьцёл сьвятога Тамаша, адзін з найпрыгажэйшых касьцёлаў Усходняй Эўропы. За яго пераможаныя немцы нават сплацілі кампэнсацыю — на аднаўленьне. Кампэнсацыю ўзялі, вядома. А касьцёл — начыста зьнесьлі ўжо ў паваенны час, паставіўшы на ягоным месцы шэрую цагліну Палацу Рэспублікі.

Менскі вакзал, 1920-я гады
Менскі вакзал, 1920-я гады

Шмат чаго было ў Менску яшчэ зусім нядаўна: першая электрастанцыя, што давала сьвятло на вуліцы гораду і асобнай лініяй — у дамы народных пісьменьнікаў Купалы і Коласа, Маскоўскі аўтавакзал з кранальнай архітэктурай сярэдзіны стагодзьдзя, Няміга і Ракаўскае прадмесьце, Грушаўка... Усяго гэтага ўжо няма, затое ёсьць агульнапрынятая думка: Менск — горад безь легендаў, і штораз, калі да кагосьці едуць сваякі ці сябры з Варшавы, Прагі, Гданьску, Дубліну, у сацыяльных сетках гучыць адчайнае: «Менчукі!!! Куды павесьці людзей, што ў Менску наагул можна ім паказаць?!»

Менскія краязнаўцы-гіды, гераічныя барацьбіты зь менскім забыцьцём, самым хуткім забыцьцём у сьвеце, заўсёды прыходзяць да экскурсантаў з файлавай папкай, куды ўкладзеныя выдрукаваныя архіўныя здымкі: «Вось тут на гэтым месцы некалі было... А тут мы маглі б пабачыць... А вось так гэта выглядала... »

Муляжы "пад даўніну" на Нямізе
Муляжы "пад даўніну" на Нямізе

Мы не адзіны народ, які перажываў войны. Бомбамі былі зруйнаваныя ня толькі нашыя гарады. Кіеў, Варшава, Піцер, Дрэздэн пацярпелі ад бамбаваньняў страшэнна. Але экскурсіі для людзей з багатым уяўленьнем, якія ўмеюць натхняцца ад файлавых папак, водзяць толькі ў нас.

І гэта толькі ў нас людзі масава вераць — і нават запэўніваюць адзін аднаго, і нават спрачаюцца з тымі, хто спрабуе сказаць іншае — што наша гісторыя пачалася з 1917 году. Усё, што далей, усё, што ўглыб, — не зьмяшчаецца ў кароткую беларускую памяць.

І я ня думаю, што рэч у школьных настаўніках гісторыі, чыноўніках ці Міністэрстве культуры — каго там прынята вінаваціць у тым, што беларусы пазбаўленыя ўласнай гісторыі?

Зараз пад пагрозай зьнішчэньня аказаліся Вайсковыя могілкі. Некалькі тыдняў нешматлікія валянтэры кожны дзень без выходных і сьвятаў фарбуюць агароджы, падымаюць помнікі, дзяруць траву, садзяць кветкі на пахаваньнях, забытых сваякамі, — ратуюць унікальныя менскія могілкі, на якіх ляжаць беларускія пісьменьнікі, прафэсура БДУ, кансэрваторыі, мэдычнага інстытуту, Акадэміі навук, акторы, рэжысэры, кампазытары... У нас два пісьменьніцкія саюзы, Саюз мастакаў, Саюз тэатральных дзеячоў, прафэсійны саюз працаўнікоў асьветы...

​А ў валянтэраў на Вайсковых не хапае фарбы. Няхай саюзы ня лічаць патрэбным рэгулярна наглядаць за могілкамі, няхай не здагадваюцца прыслаць працоўны дэсант, хай сабе, але прывезьці да валянтэраў за кошт членскіх складак некалькі пляшак фарбы?

У нас працуе цэлы МЗС. А помнік на магіле першага беларускага савецкага дыплямата, паўнамоцнага прадстаўніка ўраду БССР пры ўрадзе РСФСР Міхася Мароза ставіла адна з валянтэрак за ўласныя грошы, бо калі б не паставіла — магілу зьнішчылі б. У нас надта ж шануюць памяць чэкістаў і супрацоўнікаў НКВД — а агароджу на магіле Апанскага ўжо выламалі і зьнесьлі на мэталялом. У нас безьліч празаікаў і паэтаў, а прыладзіць брамку да агароджы вакол помніка міжваеннаму паэту Алесю Гурло няма каму. Некалькі месяцаў сакрамэнтальная таблічка з прызывам да сваякоў прыйсьці і прыбрацца на магіле, а то яе зьнясуць, боўталася над пахаваньнем Бянігны Іванаўны Луцэвіч. Тыя, хто разьвешваў таблічкі, ня ведалі, хто яна такая і дзе яе сваякі.

Міхась Мароз, дарэчы, быў галоўным чалавекам у справе вяртаньня на Беларусь царкоўных званоў, вывезеных царскай арміяй пры адступленьні за першай усясьветнай. Як скончыліся войны, сяляне памкнуліся ў Маскву па званы, якія калісьці царскія шчэ афіцэры абяцалі вярнуць. Ага! Шукай ветру ў полі... Дык тыя званы шукаў па Расеі і вяртаў менавіта Міхась Мароз. Так, савецкі дыплямат. У нас безьліч царкоўных прыходаў, ува ўсіх ёсьць званы. А пра Міхася Мароза няма нават артыкула ў Вікіпэдыі.

На Вайсковых могілках ёсьць пахаваньні па-ангельску, па-француску, па-польску. Там ляжыць ці ня ўвесь беларускі міжваенны бамонд. Па Вайсковых могілках можна весьці пяць розных экскурсіяў — і ніводнага разу не паўтарыцца. Тут ёсьць што расказаць для навукоўцаў, літаратараў, музыкаў, мастакоў, гасьцей з Варшавы, Прагі, Дубліну... Пакуль што ёсьць. Бо нашыя старанныя і актыўныя працаўнікі спэцкамбінату вось-вось навядуць на Вайсковых славуты беларускі парадак — усім аднолькавыя намагільнікі, і каб ні гу-гу. Бо не зьмяшчаюцца Вайсковыя могілкі ў кароткую беларускую памяць.

Вайсковыя могілкі ў Менску
Вайсковыя могілкі ў Менску

А памяць, між іншым, справа нажыўная. Яе можна разьвіваць і выхоўваць. За ёю можна сачыць, да яе можна ўнутры сябе апэляваць. Іншы раз можна сябе і прымусіць зрабіць нешта такое, што пашырае і паглыбляе памяць. Гаспадарыць на сваёй зямлі можна толькі тады, калі ты наагул памятаеш, дзе на ёй што, — гэтаксама як гаспадарыць у хаце можа толькі той, хто добра памятае, што і дзе ляжыць.

І своечасова фарбуе тое, што патрабуе фарбы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG