Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Менск быў горадам вялікага футболу


Менскі стадыён «Дынама» ў 1980 годзе
Менскі стадыён «Дынама» ў 1980 годзе

У Расеі бурная дыскусія пра рызыкоўныя паводзіны некаторых суайчыньніц — маўляў, аказаліся «маральна няўстойлівымі» перад навалай замежных заўзятараў і футбалістаў. Нехта пры гэтым дзеля эпатажу бярэ бок жанчын: расейскія мужчыны побач з замежнымі прайграюць па ўсіх пазыцыях! І толькі паасобныя цьвярозыя галовы кажуць: каб гэта быў футбольны чэмпіянат для жаночых камандаў, то карысталіся б попытам расейцы, а не расейкі!

Футбол пры Брэжневу

Як ня ўспомніць, што першы раз падобнае шчыльнае знаёмства на глебе сэксу ў часы вялікага футболу адбылося ў СССР у дні Алімпіяды-80. Апроч Масквы, матчы праводзіліся ў Ленінградзе, Менску і Кіеве. Казалі, што міліцыя мела задачу на час гульняў нейк ізаляваць жанчын вольных паводзінаў ды іншыя «асацыяльныя элемэнты», па магчымасьці выселіць за гарадзкую рысу. Тое ж самае адбывалася і ў горадзе-героі Менску.

Памятаю, як на «Дынама» паставілі тады высозныя слупы з пражэктарамі і над асноўнай чашай стадыёна ўзносілі новы, нечакана высокі «казырок» з дадатковымі трыбунамі. Каб не будаваць асобны стадыён на ўскраіне. Начальству трыбуна здавалася ня вельмі надзейнай. Каб выпрабаваць, загналі наверх курсантаў міліцэйскай школы і салдат так званага Белпалку.

​За год да мерапрыемства на рагу Леніна і Маркса адкрылася крама сувэніраў з алімпійскай сымболікай. Можна было набыць і штось карыснае. Напрыклад, у мяне былі плаўкі зь пяцьцю колцамі. Пасьля гульняў шыльду зьнялі, у краме сталі прадаваць пішучыя машынкі. Мы, студэнты журфаку, іх там куплялі, я таксама сваю пазьней набыў. Як запомнілася, выбіраць хадзілі з аднакурсьнікам Сяргеем Дубаўцом.

Паходня з алімпійскім агнём

Мы вывучалі фатасправу. Мне надарылася нагода зрабіць спартовы здымак у першы дзень гульняў. Ад чыгуначнага вакзалу на Цэнтральную плошчу (цяпер Кастрычніцкую) паходню з алімпійскім агнём даставіў бягун. З Масквы на цягніку агонь прывезла Вольга Корбут. 19 ліпеня. Быў моцны дождж, здымак атрымаўся ня вельмі. Запомнілася: абапал чалавека з паходняй беглі ланцужком спартоўцы. Зьлева — жанчыны, справа — мужчыны. За імі картэж на матацыклах зь люлькамі са сьцягамі «Дынама», «Працоўных рэзэрваў», спартовых таварыстваў.

Cпартовец з паходняй з алімпійскім агнём. Менск, 1980
Cпартовец з паходняй з алімпійскім агнём. Менск, 1980

У мяне была сьвядомасьць таго, што такая значная падзея «больш ніколі не паўторыцца». Але савецкія сувэніры мяне не задавальнялі. Каб засталася памяць, схадзіў на Галоўпаштамт, каб зрабіць гашэньне канвэртаў і паштовак.

Стадыён «Дынама» пасьля перабудовы атрымаў статус міжнароднага. Машэраў ганарыўся ім так, як цяпер Лукашэнка ганарыцца лядовымі палацамі.

На рагу Кірава і Сьвярдлова пабудавалі міжнародны прэс-цэнтар. Потым туды пераехала Міністэрства гандлю. Журналістаў пасялілі побач — у гасьцініцы «Беларусь» (потым стала называцца «Сьвіслач», калі не памыляюся). Бліжэй не бывае. І рукой падаць — адзін з найлепшых гастраномаў, называны ў народзе «Падковай».

Югаславы сталі лепшымі за іншых

Спачатку гулялі «мусульманскія» каманды, Альжыр з Сырыяй. 20 ліпеня. Першыя аказаліся мацнейшымі. Перамаглі — 3:0. Затым югаслаўская зборная перамагла фінскую — 2:0. Як вядома, ЗША ды іншыя заходнія краіны абвясьцілі байкот маскоўскім гульням. Праз савецкую інтэрвэнцыю ў Аўганістане. У выніку, напрыклад, не прыехалі футбольныя каманды Аргентыны, ЗША. Замест іранскай, між іншым, прыбыла сырыйская каманда. СССР наагул сябраваў з Сырыяй «на глебе» танкаў і самалётаў. А ў нас на журфаку навучаліся сырыйскія студэнты.

У менскай частцы гульняў удзельнічалі таксама каманды з Гішпаніі, Югаславіі, Фінляндыі, Коста-Рыкі, Іраку. Югаславы стануць першымі ў менскіх матчах у групе D. 27 ліпеня скончыцца менскі алімпійскі тыдзень.

З прысмакам міжнароднага байкоту

Ясна: гэта былі Алімпійскія гульні часоў халоднай вайны. Крэмль раздражняўся: Захад не разумее, што савецкая армія ў Аўганістане выконвае свой «інтэрнацыянальны доўг» і што гэта ніякая не інтэрвэнцыя. Але сьвята Леаніду Ільлічу і ўсяму Палітбюро было байкотам падпсавана істотна.

Мне падумалася: а якія былі анэкдоты пра Алімпіяду? І нічога напачатку ня змог прыгадаць, апроч такога: Брэжнеў на адкрыцьці гульняў пачынае, як звычайна з паперкі, зачытваць прывітаньне — «О-О-О...» Яму з-за сьпіны: «Леанід Ільліч, гэта алімпійскія кольцы...» Былі і іншыя. Жартавалі, што будуць прадстаўленыя новыя дысцыпліны — кіданьне сярпа з молатам і ралі на танках. Што ўвесь савецкі народ пасьля мерапрыемства будзе лапу смактаць разам з алімпійскім мішкам. Напругу з харчамі вайна ў Аўганістане, не сакрэт, толькі пагоршыла.

Брэжнеў на адкрыцьці Алімпіяды-80
Брэжнеў на адкрыцьці Алімпіяды-80

Як вядома, пры Пуціну зрабілі адкрыцьцё зімовай Алімпіяды ў Сочы (2014), каб яно перагукалася з брэжнеўскай. Адрозьненьне: «Brezhnev took Afghanistan» (як засьпяваў Pink Floyd у 1980-м) да Алімпійскіх гульняў, а Пуцін Крым захапіў — пасьля.

Каляалімпійскія справы

Cкончылася алімпійскае лета, мы прыйшлі на журфак, і на першай лекцыі наш прафэсар выдаў усе плёткі пра Алімпіяду. Напрыклад, што футбалісты каманды Сырыі патрабавалі жанчын «у нумары» («гэта непрыстойна, дый дзе іх узяць столькі?»). Што некаму не падабаліся маленькія гасьцінічныя пакоі, а нехта браў ежу з сабой, бо есьці на людзях у іх лічыцца непрымальным. Былі і маскоўскія «навіны». Як два замежнікі, ён і яна, «у строях Апалёна Бэльвэдэрскага і Вэнэры Мілоскай» хацелі ўчыніць «правакацыю» каля фантану. Але іх «хуценька скруцілі». Ясна хто — людзі ў цывільным.

Гэта была лекцыя па гісторыі КПСС, выкладчык быў з гістфаку, і яму, мабыць, самому карцела пераключыцца са Сталіна і Брэжнева на «алімпійскія сюжэты»...

Што да жаночых паводзінаў на мундыялі, матывы застаюцца, напэўна, ранейшыя. Калі ня браць пад увагу «працаўніц каханьня», для іншых на футбольным чэмпіянаце, мабыць, застаецца актуальнай мэта пазнаёміцца з замежнікам. Ну, а ў самой плоймы заўзятараў з-за кардону ў галаве зусім іншае, яны па натуры ня больш чым залётнікі. У выніку — «канфлікт інтарэсаў». Так было ў 1980-м, так будзе заўсёды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

1978, Брэжнеў у Менску: «Я хачу дамоў!» АРХІЎНЫЯ ФОТА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG