Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як для старшыні ўраду СССР на «Азоце» новую прыбіральню зрабілі


Першы намесьнік старшыні ўраду СССР Аляксей Касыгін падчас наведваньня беларускага заводу «Азот». 1968 год

Аляксандар Лукашэнка загадаў пабудаваць яшчэ адзін «Азот», каб у гарадзенцаў іх было два. У падтэксьце: каб зарабляць валюту. А пачынаў усё Хрушчоў. Зь якім Лукашэнку, між іншым, лучыць любоў прамаўляць «без паперкі». Можна яшчэ прыгадаць аграгарадкі, прыдуманыя Мікітам Сяргеевічам і рэанімаваныя «у асобна ўзятай рэспубліцы» «бацькам».

Калі «Азот» будаваўся, яго наведаў Аляксей Касыгін. Як вядома, ён узначальваў у Маскве савецкі ўрад.

Некалі новае і самае вялікае прадпрыемства Горадні і вобласьці называлася «азотна-тукавым». І было сярод важных будоўляў хрушчоўскай «сямігодкі». Старшынём ураду СССР быў тады, як вядома, сам Мікіта Хрушчоў. Першым намесьнікам — Аляксей Касыгін. Хоць канкрэтна яму і даводзілася займацца эканомікай. Калі Хрушчова зьнялі (у кастрычніку 1964-га) «за валюнтарызм», Касыгін стаў афіцыйна ўзначальваць Савет міністраў. Ім былі пачатыя не абы-якія рэформы: на падставе эканамічных разьлікаў, а не хрушчоўскіх хістаньняў з крайнасьці ў крайнасьць.

Першую прадукцыю «гігант на Нёмане», як пісалі пра яго ў газэтах, даў у 1963-м. Пазьней пачалося будаўніцтва другой чаргі прадпрыемства. І яго наведаў сам старшыня ўраду СССР Аляксей Касыгін. Гэта адбылося ў 1968 годзе, 15 лютага. Падзея для Горадні была не абы-якая.

Што хацелі тады паказаць Касыгіну на будоўлі, чым пахваліцца, якімі дасягненьнямі? Пра гэта сёньня расказвае гарадзенец Вітольд Іваноўскі, у той час уласны карэспандэнт рэспубліканскай газэты «Звязда».

На «Азоце» Касыгін нарэшце ўсьміхнуўся

Вітольд Іваноўскі
Вітольд Іваноўскі

У абласной «Гродненской правде» былі два фатакары. Абодва паехалі на «азотна-тукавы». Але аднаго не пусьцілі здымаць, успамінае Іваноўскі: «Таму што мат-перамат у яго быў». Між іншым, гэта праўда, сам памятаю гэтага чалавека. Ён быў ужо на пэнсіі, але зазіраў у рэдакцыю, калі я стаў працаваць у «Гродненской правде». Паходзіў з Расеі, быў на вайне і лічыў, што «салдацкая мова» ў газэце будзе да месца. І аўтарытэтаў для яго не існавала, мог і пры Касыгіну мацюкнуцца.

Калі той нарэшце прыехаў, здымкі рабіў другі фатакар абласной газэты, Краўчанка. Іваноўскі ўспамінае: «Першы раз яго зьнялі сярод рабочых. І што ён усьміхаецца. Ён жа ніколі не ўсьміхаўся. А рабочыя — давайце з намі зробім здымак. І ён пагадзіўся». «Яму спадабалася ў нас, — кажа стары журналіст і працягвае: — Гэта была зіма. Чаму я памятаю дакладна? Яму туалет прывезьлі, навазроблены, драўляны. І мы, журналісты, стаялі, былі сьведкамі. Туалет паднялі кранам. На два „ачкі“, „беленькі“, і паставілі на сьнег. І заскочыў чэкіст і рукою правёў у дзірках. Мы надта сьмяяліся».

Што, хіба на будоўлі не існавала прыбіральні, зьдзіўляюся я. Тлумачэньні Іваноўскага гучаць празаічна, але праўдзіва: «А быў мароз, у туалеце будаўнікоў была „гара“, замерзла ўсё».

Трактары закапалі

Высокі госьць павінен быў прыехаць туды, дзе знаходзіўся штаб будоўлі. Там галоўным быў кіраўнік 11-га трэста Кіціч, ён яго сустракаў. І ўсё начальства было.

Будавалі тады другую чаргу «капраляктаму», успамінае журналіст. Кіціч патэлефанаваў загадзя, пацікавіўся, што Касыгін пытае, што лепей паказаць госьцю. Асноўнае — каб парадак быў, адказалі, ён любіць, каб быў парадак.

Навокал нават трактары сапсаваныя стаялі, то іх закапалі, разраўнавалі, сьнегам прысыпалі і хадзілі зьверху — каб чыста ўсё было.

Што адразу пачалося, як пусьцілі тады бульдозэры! Навокал нават трактары сапсаваныя стаялі, то іх закапалі, разраўнавалі, сьнегам прысыпалі і хадзілі зьверху — каб чыста ўсё было, з усьмешкай прыгадвае Вітольд Іваноўскі.

«І машыны нейкія былі, і бэтонамяшалкі — усё ў зямлю, у зямлю хутчэй! І яму вельмі спадабалася, што парадак быў на будаўнічай пляцоўцы. А як гэта было заўсёды ў савецкія часы — „бардак“, а тут раптам парадак». Здолелі зрабіць, пакуль ён прыляцеў, пажарнымі тэмпамі, пасьпелі.

Карацей кажучы, на «азотна-тукавым» таварыша Касыгіна, можна сказаць, увялі ў зман. Грандыёзная гарадзенская будоўля нічым не адрозьнівалася ад тысяч іншых. Хоць і была «ўдарнай камсамольскай».

Каньяку ня выпіў

Затым высокага маскоўскага госьця павезьлі ў горад. Гарадзенец Анатоль Макушын сёньня ўспамінае, як на вуліцы Ажэшкі да лімузіна кінуўся п’яны — «Здароў, Лёха!» Макушын жыў тады на суседняй вуліцы.

Куды даставілі Касыгіна? У абкам партыі. Чалавек галодны! Паляну накрылі ў кабінэце першага сакратара абкаму. А гаспадар кабінэта толькі-толькі зьмяніўся, хацелася зрабіць уражаньне на другога чалавека ў СССР, якім быў госьць. Два тыдні як першым сакратаром абкаму ў Горадні стаў Іван Мікуловіч, папярэднік — Уладзімір Міцкевіч — пайшоў на падвышэньне ў ЦК.

Аляксей Касыгін увайшоў, расказвае Вітольд Іваноўскі:

«Налілі яму чарку каньяку, ён яго прыгубіў, нават не паспытаў і паставіў. Узяў пару грыбочкаў. І ўсё, на гэтым скончылася. Там сталы былі накрытыя будзь здароў, мы думалі, што нас запросяць. Але паявіўся загадчык фінсэктару, кульгавы, ён нам: усе, усё, ідзіце адсюль! Павыганяў і журналістаў, і чэкістаў».

Кепскае ўражаньне ад новабудоўляў

На будоўлі ў Наваполацку Касыгін сказаў: «Чаму мы так марудна і змрочна будуем? Чаму такі змрочны горад?»

А ў Горадню Касыгін прыляцеў з будоўлі ў Наваполацку, што запомнілася былому карэспандэнту «Звязды». Беларускае начальства хацела пахваліцца, як будуюцца мікрараёны ў новым горадзе. Захаваўся ўспамін аднаго з аўтараў праекту. Убачанае зрабіла на Касыгіна дрэннае ўражаньне, ён сказаў: «Чаму мы так марудна і змрочна будуем? Чаму такі змрочны горад? Што трэба, каб вы зьмянілі гэту сытуацыю? Мы ж будуем для сябе!»

Наваполацкаму праектавальніку запомнілася, што на будоўлю вялікі крамлёўскі начальнік трапіў пасьля паездкі ў Індыю, і пасьля «вялізнай колькасьці кветак і яркіх фарбаў» усё навокал выглядала шэра і блякла.

Пахваліліся ўгнаеньнямі

Ну а ў Горадні, як выходзіць, удалося пусьціць пыл у вочы таварышу Касыгіну. Між іншым, Іваноўскаму не далі нічога надрукаваць, наступны нумар «Звязды» выйшаў зь белтаўскім паведамленьнем пра высокі візыт на азотна-тукавы. У ім гаварылася: «А.М.Касыгін пабываў на Горадзенскім азотна-тукавым заводзе. Гігант вялікай хіміі выдае цяпер за суткі ў 3,3 раза больш угнаеньняў, чым за такі ж час у год пуску. Зьнізіўся сабекошт „вітамінаў зямлі“. Фабрыка ўраджаяў затрачвае цяпер на вытворчасьць адной тоны аміячнай салетры на 18 капеек менш, чым прадугледжана плянам».

Пра абкам пад заслону БелТА таксама ўспомніла: маўляў, высокі госьць «у абласным камітэце партыі» гутарыў зь мясцовым начальствам.

Спачатку Горадня, потым Карлавы Вары

Неўзабаве пасьля Горадні ЦК пашле Касыгіна разьбірацца з непаслухмянымі чэхаславакамі. Каб паездка ня кідалася ў вочы, Касыгін з унучкай спыніцца ў Карлавых Варах. Да яго прыставяць пяць чалавек аховы. Іроніяй лёсу стала тое, што натхнёныя касыгінскімі рэформамі ў СССР, кіраўнікі ЧССР пачнуць свае і захочуць пайсьці далей, і менавіта Касыгіна пашлюць напачатку, каб іх утаймаваў. І 1968 год стане часам спыненых гвалтам рэформаў у Чэхаславаччыне, а таксама пачаткам заканчэньня савецкіх. Крамлёўскае начальства моцна спалохалася: нічога нельга чапаць, хай усё будзе па-старому.

«Паплечнікі» Касыгіна любілі ў той час казаць: «Перажылі кукурузу, перажывем і рэформы».

Калі на азотна-тукавым таварыш Касыгін убачыў выраўнаваную для яго будаўнічую пляцоўку і навюткую прыбіральню, што пахне сьвежай драўнінай, ён яшчэ не падазраваў, што рэформам канец і што рэфармаваць эканоміку ў СССР наогул рэальна немагчыма. Ягоныя «паплечнікі» любілі ў той час казаць: «Перажылі кукурузу, перажывем і рэформы». Трэці чалавек у краіне — Мікалай Падгорны (старшыня Вярхоўнага Савету) сказаў на пасяджэньні: «На кой черт нам реформа? Мы плохо развиваемся, что ли?»

Быў улюбёнцам Сталіна

А пачынаў чалавек вельмі рана й удала. Яму было крыху больш за 35, калі Сталін прызначыў наркамам, міністрам. Празь невялікі час паставіў на чале ўраду. Ёсіф Вісарыёнавіч нават любоўна называў яго «Касыга» альбо «арыфмомэтар». Той мог сходу назваць любую лічбу, якая датычыла народнай гаспадаркі. Што праўда, калі на пачатку 1950-х пачалася «зачыстка» ленінградзкіх, Касыгіну таксама давялося чакаць па начах «варанка». Але абышлося. Аднойчы «айцец народу» фамільярна паляпаў па плячы са словамі «Ну як ты, Касыга? Нічога, яшчэ папрацуеш». І неўзабаве сканаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG