Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе Лукашэнка на інаўгурацыю шостага прэзыдэнта Ўкраіны?


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Як вырашыцца канфлікт паміж абраным прэзыдэнтам Украіны і большасьцю Вярхоўнай Рады? Якой будзе палітыка Ўладзіміра Зяленскага адносна Данбасу і Крыму? Ці паедзе кіраўнік Беларусі на інаўгурацыю Зяленскага?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і карэспандэнтка беларускай Свабоды ва Ўкраіне Алена Літвінава.

  • Пасьля выхаду фракцыі «Народнага Фронту» з урадавай кааліцыі юрыдычна роспуск парлямэнту немагчымы
  • Аднак ня выключана, што будзе дасягнутая дамоўленасьць паміж асноўнымі гульцамі аб самароспуску Вярхоўнай Рады
  • Грамадзяне Ўкраіны вельмі мала ведаюць пра тое, што насамрэч думае Зяленскі
  • Ключы ад вырашэньня праблемы Данбасу – у Крамлі, а ня ў Кіеве
  • Сёлета адбываюцца выбары ў Эўрапарлямэнт, там можа адбыцца зьмена пазыцыяў і, магчыма, не на карысьць Украіны
  • Лукашэнка вызнае прынцып нязьменнасьці ўлады, ён спрабуе перанесьці гэты прынцып і на суседнія краіны
  • Калі Лукашэнку запросяць на інаўгурацыю, то ён, зразумела, паедзе

Жарсьці вакол даты інаўгурацыі – 19 ці 20 траўня

Дракахруст: Вярхоўная Рада Ўкраіны прызначыла інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага на 20 траўня. Сам Зяленскі настойваў на прывядзеньні інаўгурацыі 19 траўня. Гэта чыста тэхнічны момант ці большасьць у парлямэнце прадэманстравала, што не зьбіраецца дагаджаць кіраўніку дзяржавы?

Алена Літвінава
Алена Літвінава

Літвінава: Я лічу, што тут ня трэба шукаць ніякай кансьпіралёгіі. Розьніца паміж жаданьнем Зяленскага і рашэньнем Вярхоўнай Рады – адзін дзень. Тут не было мэты прадэманстраваць нязгоду.

Уся праблема была ў тым, што Зяленскі прапанаваў правесьці інаўгурацыю ў дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, калі па ўсёй Украіне праходзяць мэмарыяльныя мерапрыемствы.

У парлямэнце большасьць патрыятычна настроеных дэпутатаў. І для іх цырымонія інаўгурацыі была проста немагчымая ў такі дзень. Ва Ўкраіне да гэтай даты асаблівае стаўленьне.

Дракахруст: А Зяленскі менш патрыятычны, чым гэтыя дэпутаты?

Грамадзяне Ўкраіны вельмі мала чулі пра тое, што насамрэч думае Зяленскі

Літвінава: Складана рабіць пэўныя высновы. За ўсю выбарчую кампанію грамадзяне Ўкраіны вельмі мала чулі пра тое, што насамрэч думае Зяленскі. Гаварылі прадстаўнікі яго каманды. Але што мяркуе сам Зяленскі – гэта дагэтуль застаецца невядомым. І гэта тычыцца ня толькі стаўленьня да дня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта тычыцца фактычна ўсіх вострых для Ўкраіны тэмаў.

Дынько: Зь Беларусі гэта бачыцца, як тыповае постсавецкае палітыканства. Палова тых дэпутатаў да прызначэньня даты інаўгурацыі і ня ведала, што 19 траўня – дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

За гэтым, відаць, стаяла жаданьне хоць на дзень працягнуць тэрмін жыцьця старога рэжыму. Пакуль Зяленскі не заняў пасаду, ранейшыя асобы застануцца на ранейшых пасадах.

Літвінава: Я не пагаджуся. Большая частка парлямэнту ўшаноўвае гэты дзень. З 2003 году дзень 19 траўня адзначаецца на дзяржаўным узроўні з удзелам кіраўнікоў органаў улады.

І паколькі розьніца ўсяго адзін дзень, нельга казаць, што справа была ў тым, каб працягнуць існаваньне старога рэжыму.

У заканадаўстве ёсьць недасканаласьць. Паўнамоцтвы Парашэнкі заканчваюцца 7 чэрвеня. Калі б было вострае жаданьне пратрымаць яго паўнамоцтвы, то дату інаўгурацыі прызначылі б на апошнія дні перад сканчэньнем тэрміну яго паўнамоцтваў.

Ці распусьціць Зяленскі Вярхоўную Раду?

Дракахруст: Некаторыя называлі Зяленскага «катом у мяху». Вы, Алена, таксама пра гэта сказалі. Нават пасьля абраньня ён ня вызначыў сваю пазыцыю шмат па якіх пытаньнях, ад яго і яго каманды заходзяць супярэчлівыя сыгналы альбо працягваецца няпэўнасьць.

Ці абвесьціць ён датэрміновыя выбары ў парлямэнт? Існуе меркаваньне, што для гэтага няма юрыдычных падставаў. Прадстаўнікі каманды прэзыдэнта-электа кажуць адваротнае. Сам Зяленскі робіць намёкі, што мае намер распусьціць Раду. 17 траўня фракцыя «Народнага Фронту» выйшла з урадавай кааліцыі, Рада мае месяц на фармаваньне новага ўраду, а празь месяц Раду ўжо па законе будзе забаронена распускаць. Дык ці адбудзецца гэта?

Зяленскага і ў гэтым «шчоўкнулі» па носе? Ці ёсьць нейкі палітычны ход, хітрык, каб распусьціць парлямэнт?

Літвінава: Зараз, пасьля прыпыненьня дзейнасьці ўрадавай кааліцыі, любая спроба распусьціць парлямэнт будзе канфліктам з заканадаўствам. Калі б нават фракцыя «Народнага фронту» ня выйшла з кааліцыі, Зяленскаму было б юрыдычна складана абгрунтаваць роспуск Вярхоўнай Рады.

Ва Ўкраіне шмат якія пытаньні вырашаюцца па матывах палітычнай мэтазгоднасьці, калі асноўныя палітычныя гульцы дамаўляюцца

Але і цяпер застаецца магчымасьць правядзеньня датэрміновых выбараў. Як гэта характэрна для Ўкраіны, шмат якія пытаньні вырашаюцца па матывах палітычнай мэтазгоднасьці, калі асноўныя палітычныя гульцы дамаўляюцца. Менавіта гэтак, празь дамоўленасьць, адбыліся датэрміновыя выбары ў 2007 годзе.

Але пры цяперашнім складзе Вярхоўнай Рады дамовіцца аб пазачарговых выбарах будзе даволі складана. Некалькі партыяў, якія маюць фракцыі ў цяперашнім парлямэнце, ня маюць шанцаў абрацца ў наступны. Гэта тычыцца найперш як раз «Народнага Фронту».
Цяпер гэтая партыя вядзе перамовы з прэм'ерам Уладзіміра Гройсманам аб стварэньні новага палітычнага праекту, зь якім яны зьбіраюцца ўдзельнічаць у наступных парлямэнцкіх выбарах.

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Дынько: У цяперашняй дэмагагічнай спрэчцы пра датэрміновыя выбары і дату інаўгурацыі я бачу, што ўкраінская палітыка застаецца такой, якой мы яе бачылі апошнія дзесяцігодзьдзі. Спрэчкі вядуцца вакол пытаньняў, якія ня маюць вялікага значэньня. Гэта замена рэальных дзеяньняў палітычным гаварэньнем. Калі гэта будзе працягвацца, Зяленскі ня будзе моцна адрозьнівацца ад сваіх папярэднікаў.

Украінская палітыка застаецца такой, якой мы яе бачылі апошнія дзесяцігодзьдзі

Я ня бачу прынцыповага значэньня, будзе інаўгурацыя 19 траўня ці 20-га, ці 6-га чэрвеня. Асабліва калі параўнаць гэта з рэальнымі выклікамі, перад якімі стаіць Украіна: вайна, галеча, поўная дэградацыя інфраструктуры, эпідэмія.

Дракахруст: Палітыку ніхто не адмяняе. Сытуацыя канфліктная, навідавоку канфлікт ня толькі палітычны, але і ідэалягічны. Тут ёсьць пэўны разьлік. Зараз партыя Зяленскага набрала б на выбарах шмат галасоў, калі выбары ў Вярхоўную Раду адбудуцца ўвосень, вынік партыі «Слуга народу» можа быць значна горшым. Палітыкі, якія складаюць большасьць у Радзе, прымаюць рашэньні, сыходзячы з гэтага. Гэта так бессаромна?

Дынько: У краінах разьвітай дэмакратыі ў такой сытуацыі парлямэнт бы абвесіў самароспуск і былі б абвешчаныя датэрміновыя выбары.

Ці спыніць вайну прэзыдэнт Зяленскі?

Дракахруст: Якую палітыку будзе весьці Зяленскі адносна Данбасу і Крыму? Ён рэзка адрэагаваў на рашэньне Крамля пра спрошчаную выдачу расейскіх пашпартаў жыхарам сэпаратысцкіх рэгіёнаў Украіны.

Зь іншага боку, Зяленскі абнародаваў зварот лідэраў шэрагу рэлігійных грамадаў да жыхароў Данбасу і Крыму, у якім некаторыя ўбачылі намёк на перамовы з сэпаратыстамі. Цікава адзначыць, што ў звароце ўдзельнічаў Філярэт – ганаровы патрыярх ПЦУ, але яго не падтрымаў кіраўнік ПЦУ Эпіфаній. Дык якой будзе палітыка новага прэзыдэнта Ўкраіны адносна Данбасу і Крыму?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дынько: Пытаньне – ці ўстановіцца мір у Данбасе?

Дракахруст: Ці ўстановіцца мір у Данбасе – залежыць ня толькі ад Кіева, але і ад Крамля. Але пытаньне, што будзе рабіць ці спрабаваць рабіць новы прэзыдэнт Украіны для разьвязаньня канфлікту.

У пытаньні Данбасу, а тым больш у пытаньні Крыму, Зяленскі можа толькі рэагаваць на дзеяньні Расеі

Дынько: Я думаю, што ў пытаньні Данбасу, а тым больш у пытаньні Крыму, Зяленскі можа толькі рэагаваць на дзеяньні Расеі. Ініцыятыва – за Расеяй. Ад Зяленскага ў гэтай сытуацыі будзе мала што залежаць.

Ёсьць уражаньне, што расейскае грамадзтва стамілася ад гэтай вайны, ад войнаў увогуле. Я бачыў вынікі сацыялягічных апытаньняў у Расеі, паводле якіх людзі хацелі б спыненьня ўдзелу РФ у канфліктах за яе межамі, хацелі б засяродзіцца на сваёй краіне.

Украіна ня можа сілай вярнуць сабе Крым і нават Данбас. Для Ўкраіны было нечаканасьцю рашэньне Расеі аб выдачы пашпартоў у Данбасе. Зяленскі мусіў рэагаваць рэзка, бо ўкраінская грамадзкая думка любіць прыгожыя позы ў падобных сытуацыях.

Але і ў гэтым пытаньні Ўкраіна ня можа нічога практычнага супрацьпаставіць. Тая альтэрнатыва, якую яна прапануе – выдача пэнсіяў жыхарам сэпаратысцкай часткі Данбасу – яна мінімалісцкая.

Я б на месцы Зяленскага засяродзіўся б найперш на эканамічных пытаньнях, на пытаньнях эканамічнага росту і пераразьмеркаваньня нацыянальных даходаў.

Літвінава: Усе добра разумеюць, што ключ ад вырашэньня пытаньня Данбасу – у Крамлі. Ёсьць тэарэтычныя спадзяваньні, што Зяленскі можа перахапіць ініцыятыву, улічваючы крэатыўнасьць ягонай каманды. Ён неаднаразова казаў, што сілай вярнуць Данбас немагчыма. Паводле яго трэба палепшыць эканамічную сытуацыю ва Ўкраіне, каб зацікавіць Данбас вярнуцца ва Ўкраіну без усялякіх аўтаномных статусаў.

Сёлета адбываюцца выбары ў Эўрапарлямэнт, там можа адбыцца зьмена пазыцыяў і, магчыма, не на карысьць Украіны

Сытуацыя на Данбасе залежыць і ад пазыцыі Захаду, Эўропы. Сёлета адбываюцца выбары ў Эўрапарлямэнт, там можа адбыцца зьмена пазыцыяў і, магчыма, не на карысьць Украіны.
Для Зяленскага гэтая праблема будзе, напэўна, самай складанай.

Ці прыгадае Зяленскі Лукашэнку прагноз наконт украінскіх выбараў?

Дракахруст: Ці паедзе Аляксандар Лукашэнка на інаўгурацыю Ўладзіміра Зяленскага? І калі так, то ці будуць яны абмяркоўваць прагнозы Лукашэнкі, які падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне казаў, што прэзыдэнтам там будзе Парашэнка?

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, Кіеў, 21 ліпеня, 2017
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, Кіеў, 21 ліпеня, 2017

Дынько: Мой прагноз, што паедзе. А наконт прагнозу – аджартуецца неяк, у яго ёсьць пачуцьцё гумару. Яму не ўпершыню падтрымліваць кіраўнікоў Украіны, нягледзячы на іх малыя шанцы на посьпех.

Ён у свой час падтрымліваў Юшчанку. Wikileaks публікаваў дакумэнты, паводле якіх Лукашэнка спрабаваў сфармаваць кааліцыю кіраўнікоў усходнеэўрапейскіх краінаў, каб яны выступілі ў падтрымку Юшчанкі.

Лукашэнка вызнае прынцып нязьменнасьці ўлады, ён спрабуе перанесьці гэты прынцып на суседнія краіны. Гэта ўсе разумеюць і ў Беларусі, і за яе межамі. Таму да адпаведных прагнозаў ставяцца, як да добрага анэкдоту.

Літвінава: Калі Лукашэнку запросяць на інаўгурацыю, то ён, зразумела, паедзе. Перад ім стаіць задача працягнуць тую супрацу, якая адбывалася апошнія 5 гадоў, ва ўмовах вайсковага канфлікту Ўкраіны і Расеі.

Я мяркую, што ніхто ня будзе нагадваць яму яго прагнозы. Трэба рухацца наперад.

Як стала вядома, міністар замежных справаў Паўло Клімкін, калі сустракаўся зь Зяленскім, параіў зьвяртаць асаблівую ўвагу на Беларусь з улікам таго, што яна зьяўляецца буфэрнай зонай паміж Расеяй і Ўкраінай.

Таму і Лукашэнка, і Зяленскі зацікаўленыя ў прадаўжэньні тых напрацовак, якія былі зробленыя ў часе прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG