Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і апазыцыя падрыхтавалі зьмены ў Закон «Аб палітычных партыях». Што ў іх?


Апазыцыя спадзяецца на выбары паводле зьмяшанай сыстэмы, паводле мажарытарнага прынцыпу і па партыйных сьпісах. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць гэта малаверагодным.

Мінʼюст рыхтуе зьмены «супраць партыйнай карупцыі»

У Міністэрстве юстыцыі рыхтуюць зьмены ў Закон «Аб палітычных партыях». Сёлета гэтыя зьмены маюць унесьці на разгляд сэсіі Палаты прадстаўнікоў ад імя ўраду.

Падрабязнай інфармацыі, што зьбіраюцца рэфармаваць улады, пакуль няма. Вядома толькі, што беларускія партыі хочуць абавязаць публікаваць у адкрытым доступе інфармацыю аб крыніцах свайго фінансаваньня. Пра гэта стала вядома ад супрацоўніка міністэрства, які наведаў круглы стол прадстаўнікоў палітычных партый у сакавіку 2019 году.

Паводле ягоных слоў, гэта робіцца, каб «забясьпечыць празрыстасьць фінансаваньня палітычных партыяў». Мяркуецца, што партыі мусяць называць толькі суму ахвяраваньняў, а ня прозьвішчы фундатараў.

Што ўлады сапраўды маюць такі намер, са спасылкай на міністра юстыцыі Свабодзе пацьвердзіў і апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Я разам зь Сяргеем Калякіным і Алегам Трусавым быў на прыёме ў міністра юстыцыі Алега Сьліжэўскага. І ён тады казаў нам пра гэтыя захады. Абгрунтоўваючы гэтую норму, міністар спасылаўся на рэкамэндацыі Групы дзяржаваў супраць карупцыі (Group of States Against Corruption, GRECO) — міжнароднай арганізацыі, створанай Радаю Эўропы. Мы на гэта адказалі, што апазыцыйныя партыі ў Беларусі і карупцыя ў іх — гэта гэтаксама несумяшчальна, як, напрыклад, не сумясьціць плянэты Зямля і Юпітэр», — кажа Лябедзька.

Яшчэ адна навэля з боку міністэрства — жаданьне скараціць абʼём пакету дакумэнтаў, якія падаюцца на рэгістрацыю. Але якія дакумэнты прызнаюць лішнімі, Мінʼюст пакуль не расшыфроўвае.

Лябедзька таксама паведаміў, што ўдзельнікі размовы ў міністэрстве дасягнулі дамоўленасьці аб працягу камунікацыі паміж Міністэрствам юстыцыі і палітычнымі партыямі:

«У рамках гэтай дамовы супрацоўнік Мінʼюста і прыходзіў на папярэдні круглы стол. Спадар Сьліжэўскі таксама паабяцаў, што нашы прапановы ў міністэрстве ўважліва ацэняць. Таму мы і перадаём літаральна заўтра-пасьлязаўтра наш канчатковы праект чыноўнікам».

6 найважнейшых прапановаў ад апазыцыі

15 траўня прадстаўнікі 11 дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў правялі ў Менску заключны круглы стол па падрыхтоўцы зьменаў у Закон «Аб палітычных партыях». Распрацоўшчыкі прэзэнтавалі свае прапановы. Канчатковы варыянт законапраекту накіруюць у Міністэрства юстыцыі.

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка

Віктар Карняенка — былы народны дэпутат СССР, адзін з распрацоўшчыкаў законапраекту, лічыць, што сытуацыя са становішчам палітычных партыяў у Беларусі набліжаецца да крытычнай:

«Яна пагаршаецца з году ў год. Ужо больш за 15 гадоў у краіне не рэгіструецца ніводная новая партыя. Хоць намаганьні — напрыклад, хрысьціянскімі дэмакратамі — прыкладаюцца велізарныя. І сытуацыя прынцыпова ня зьменіцца, калі ня будзе істотна абноўлены закон „Аб палітычных партыях“».

Паводле Карняенкі, апазыцыя спадзяецца на ўдзел у выбарах паводле зьмяшанай сыстэмы, у тым ліку па партыйных сьпісах. Карняенка назваў Свабодзе шэсьць, на ягоную думку, найважнейшыя навэлы ў дзейны закон аб палітычных партыях:

  1. Падчас выбарчых кампаніяў партыі павінны атрымаць права ствараць перадвыбарчыя блёкі, што дзейным законам не дазваляецца.
  2. Патрэбна ўвесьці дзяржаўнае фінансаваньне партыяў, як гэта робіцца ў бальшыні краін сьвету, чаго цяпер няма. Дзяржава павінна стварыць нармальныя ўмовы, выдзяляючы грошы партыям, якія падтрымае на выбарах пэўная колькасьць насельніцтва.
  3. Зьменшыць колькасьць заснавальнікаў палітычных партыяў да 500 замест цяперашняй тысячы.
  4. Спрасьціць сыстэму рэгістрацыі партыяў. Дазволіць рэгістраваць іх філіі ў рэгіёнах на кватэрах, а ня толькі на юрыдычным адрасе, як цяпер.
  5. Скараціць час прыпыненьня дзейнасьці палітычных партыяў зь цяперашніх шасьці месяцаў да трох.
  6. Дазволіць кандыдатам на прэзыдэнта ад палітычных партыяў не зьбіраць неабходныя цяпер 100 тысячаў подпісаў выбарнікаў.

Ярмошына: каб зрабіць выбары партыйнымі, трэба мяняць Канстытуцыю

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына лічыць, што партыі ў Беларусі не актывізуюцца да таго часу, пакуль ня будзе ўведзена галасаваньне па партыйных сьпісах альбо зьмяшанае. А гэта цяпер нерэальна.

«Зараз партыі абʼектыўна ня маюць асабістай зацікаўленасьці ва ўдзеле ў выбарах. Калі ж частку дэпутатаў будуць абіраць у акрузе, а частку праз партыйныя сьпісы, то сытуацыя зьменіцца. Партыйнае прадстаўніцтва аўтаматычна павялічыцца ў саветах усіх узроўняў. Але ў гэтым выпадку трэба мяняць Канстытуцыю. Пакуль жа ўсё знаходзіцца на стадыі разважаньняў, ніякіх канкрэтных подступаў да гэтага няма», — сказала старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG