Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты аднавілі поўную карціну катастрофы SSJ 100 у Шарамецьцеве


Навальнічны разрад, які ўдарыў у самалёт Sukhoi Superjet 100 кампаніі «Аэрафлот», што загарэўся 5 траўня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева пасьля жорсткай пасадкі, стварыў праблемную, але не крытычную сытуацыю на борце, піша «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцу, блізкую да расьсьледаваньня катастрофы.

Крытычнай, паводле вэрсіі экспэртаў, яе маглі зрабіць самі лётчыкі: перад прызямленьнем яны рэзка павялічылі рэжым работы рухавікоў і адначасова апусьцілі нос самалёта.

Яшчэ адной памылкай экспэрты назвалі рашэньне працягваць пасадку пасьля пачатку адскокаў ад пасадачнай паласы: у такіх выпадках інструкцыі загадваюць пачынаць тэрміновы ўзьлёт.

Паводле суразмоўцы выданьня, цяпер сьледзтву трэба будзе ўстанавіць, хто з двух пілётаў зрабіў гэтыя памылкі.

Пасьля таго, як у самалёт ударыла маланка, яго навальнічная абарона адключыла генэратары і перавяла працу на акумулятарныя батарэі. На борце ўключыўся рэжым прамога кіраваньня палётам, і бартавы кампутар перастаў карэктаваць магчымыя памылковыя дзеяньні пілётаў. Парадак дзеяньняў экіпажу ў такой сытуацыі апісаны ў кіраўніцтве лётнай эксплюатацыі «Супэрджэт 100». Самалет зь непрацоўнымі генэратарамі, як сьцьвярджае вытворца, можа знаходзіцца ў паветры «дастатковы час», каб экіпаж мог спакойна даляцець да найбліжэйшага аэрадрому.

Паводле дадзеных расшыфроўкі перамоваў пілётаў з дыспэтчарамі, яны, згодна з інструкцыяй, падалі сыгнал аб аварыйнай сытуацыі на борце, якая не пагражае жыцьцю і здароўю пасажыраў. З гэтай прычыны самалёт, які загарэўся адразу пасьля прызямленьня, не сустрэлі на паласе пажарнікі, распавялі суразмоўцы «Коммерсанта».

Увечары 5 траўня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева загарэўся пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet 100, які выконваў рэйс авіякампаніі «Аэрафлот» SU-1492 у Мурманск. Загінуў 41 чалавек, у тым ліку 1 чалец экіпажу. Выратавацца ўдалося 37 пасажырам, частка зь іх знаходзяцца ў шпіталях.

Расейскі ўрад пасьля катастрофы ня стаў уводзіць часовыя абмежаваньні на палёты гэтага тыпу самалёта, аднак кампанія «Аэрафлот» стала касаваць рэйсы самастойна. За тыдзень кампанія скасавала каля 50 рэйсаў SSJ 100.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG