Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі за сэксуальныя дамаганьні ўвялі штрафы больш за $100


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Грузіі прыняў у трэцім і канчатковым чытаньні пакет паправак у Кодэкс адміністрацыйных правапарушэньняў і Працоўны кодэкс краіны, якія ўводзяць штрафы за сэксуальныя дамаганьні, піша Настоящее время.

Цяпер за гэтыя дзеяньні ў Грузіі пагражае штраф 300 лары (111 даляраў). Калі чалавек на працягу года ізноў зробіць падобнае правапарушэньне, яго аштрафуюць ужо на 500 лары (больш за 185 даляраў) або пакараюць папраўчымі працамі тэрмінам на год.

Яшчэ больш строга будзе карацца сэксуальнае дамаганьне ў дачыненьні да непаўналетняй асобы, цяжарнай жанчыны ці зьдзейсьненае ў прысутнасьці дзяцей: за гэта пагражае штраф ад 500 да 800 лары (больш за 196 даляраў). За паўторнае такое ж правапарушэньне пагражае штраф ад 800 да 1 тысячы лары (больш за 370 даляраў) або арышт на тэрмін да 10 дзён.

Дамаганьне дэпутаты вызначылі як выкарыстаньне фразаў сэксуальнага характару, дэманстрацыю геніталій, а таксама «фізычныя паводзіны сэксуальнага характару».

Аналягічныя штрафы за сэксуальныя дамаганьні ўжо дзейнічаюць у Францыі: там за прыставаньне пагражае штраф да 750 эўра.

У грузінскай грамадзкай арганізацыі «Сапары», якая займаецца абаронай правоў грузінскіх жанчын, кажуць, што да гэтага часу ў большасьці выпадкаў ахвяры дамаганьняў аддавалі перавагу маўчаньню, асабліва калі дамаганьні зыходзілі ад працадаўцы, і зьвязвалі гэта з кансэрватыўнасьцю грузінскага грамадзтва.

Сытуацыя пачала мяняцца ў 2016 годзе. Тады журналістка Тація Самхарадзе, якая працавала на адным з папулярных грузінскіх тэлеканалаў, публічна абвінаваціла ў дамаганьнях свайго працадаўцу, вядомага журналіста Шалву Рамішвілі, падала на яго ў суд і ўпершыню выйграла справу. Рамішвілі прысудзілі штраф 2 тысячы лары (прыкладна $ 750).

Сёньня ў грузінскіх судах разглядаюцца яшчэ некалькі падобных спраў, і новы закон можа дапамагчы ахвярам дамаганьняў іх выйграць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG