Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане назвалі колькасьць прэтэндэнтаў на прэзыдэнта


Пасяджэньне ЦВК Казахстану
Пасяджэньне ЦВК Казахстану

Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану назвала канчатковую колькасьць прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта краіны на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах, прызначаных на 9 чэрвеня.

Пасьля таго, як раней 29 красавіка адзін з прэтэндэнтаў зьняў сваю кандыдатуру, іх засталося восем. Тэрмін вылучэньня прэтэндэнтаў скончыўся 28 красавіка.

Цяпер да 11 траўня ў ЦВК будзе доўжыцца працэс рэгістрацыі кандыдатаў; магчыма, хтосьці з прэтэндэнтаў ня будзе зарэгістраваны.

Як чакаецца, ніводзін з вылучэнцаў не складзе сур’ёзнай процівагі дзейнаму прэзыдэнту Касым-Жамарт Такаеву, які пайшоў і на новыя выбары як вылучэнец кіраўнічай партыі «Нур Атан» («Сьвятло Айчыны»). Усе астатнія прэтэндэнты — пераважна малавядомыя дзеячы, якіх вылучылі праўладныя партыі і грамадзкія арганізацыі (самавылучэньня ў Казахстане няма).

Адзіная зарэгістраваная партыя, якая называе сябе апазыцыйнай да ўлады, Агульнанацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя, абвясьціла пра байкот гэтых выбараў. Партыя заявіла, што іншыя вылучэнцы — «марыянэткі», якія павінны дапамагчы абраньню Такаева, і вылучэньне свайго прэтэндэнта пры такіх умовах пашкодзіла б рэпутацыі партыі.

Папярэдні прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў, які нязьменна кіраваў Казахстанам амаль 30 гадоў, сышоў у адстаўку 19 сакавіка. Таму Касым-Жамарт Такаеў, на той час старшыня Сэнату, верхняй палаты парлямэнту Казахстану, згодна з Канстытуцыяй краіны, стаў новым прэзыдэнтам аўтаматычна — на тэрмін, які заставаўся да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Але ўжо 9 красавіка ён абвясьціў пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары на 9 чэрвеня — амаль на год раней за плянаваны тэрмін.

Як мяркуюць, гэты крок меў на мэце скараціць пэрыяд палітычнага пераходу ўлады і паменшыць небясьпеку нестабільнасьці пасьля адстаўкі Назарбаева. Былы кіраўнік краіны пакінуў за сабой старшынства ў партыі «Нур Атан», як і пасаду кіраўніка Рады бясьпекі краіны, і ганаровы тытул «лідэра нацыі»(«елбасы»), і адмысловы статус «першага прэзыдэнта Казахстану» з шэрагам прывілеяў.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG