Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому гендырэктару B&B Insurance прысудзілі «хатнюю хімію»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Мінску 29 красавіка прызнаў былога генэральнага дырэктара страхавой кампаніі B&B Insurance Барыса Медніка вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці з прыбыткам у асабліва буйным памеры.

Пра справу адносна Барыса Медніка Сьледчы камітэт паведаміў у студзені 2019 году. Зь бізнэсоўца тады ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

Паводле ч.2 арт. 233 КК РБ яго маглі пасадзіць у турму на тэрмін да 5 гадоў. Але суд выбраў больш мяккае пакараньне: 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову і бяз штрафу, але з пазбаўленьнем права займаць распарадчыя пасады на 5 гадоў. Прысуд яшчэ не набыў сілу і можа быць абскарджаны.

Як сьцьвярджаецца на сайце суду, на пасадзе гендырэктара Барыс Меднік незаконна заключаў новыя дамовы страхаваньня пад выглядам дадатковых пагадненьняў па прыняцьцю на страхаваньне новых аб’ектаў (раней паведамлялася, што гаворка пра аўтамабілі), а таксама прымаў плацяжы па страхоўцы, хоць ліцэнзія ўжо была спыненая.

У выніку, як выявілі сьледчыя, ён атрымаў страхавыя ўнёскі на 170,5 тысячы беларускіх рублёў, а кампанія атрымала незаконны прыбытак на 110,8 тысячы. Падчас папярэдняга расьсьледаваньня прычыненая шкода была кампэнсваная ў поўным аб'ёме.

B&B Insurance працаваў на беларускім рынку ад 1995 году, 35% акцыяў належалі Мазырскаму НПЗ, яшчэ 34,53% — кампаніі Барыса Медніка «Транс Эўра Кансалтынг», яшчэ 30,47% — кампаніі «Гандлёвы дом „Белфут“. Некалі кампанія была найбуйнейшым прыватным страхавіком Беларусі.

Міністэрства фінансаў прыпыніла ліцэнзію B&B Insurance у канцы 2017 году. Паводле Мінфіну, у кампаніі «не забясьпечылі грашовымі сродкамі ў поўным аб’ёме сфармаваных страхавых рэзэрваў і мінімальнага памеру статутнага фонду». Кампанія спадзявалася вырашыць праблемы за кароткі час, ды гэта не ўдалося. У красавіку 2018 году Мінфін канчаткова спыніў дзеяньне ліцэнзіі. ААСТ «Бі энд Бі іншурэнс Ко» было ліквідаванае 3 красавіка паводле рашэньня менскага эканамічнага суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG