Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былую «галоўную эканамістку» Гомельскай вобласьці асудзілі на 5 гадоў з адтэрміноўкай


Эльвіра Карніцкая з адвакатам, архіўнае фота
Эльвіра Карніцкая з адвакатам, архіўнае фота

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 26 красавіка вынес пастанову па крымінальнай справе ў дачыненьні да былой старшыні камітэту эканомікі аблвыканкаму.

За злоўжываньне ўладай Эльвіру Карніцкую пакаралі пазбаўленьнем волі на 5 гадоў з адтэрміноўкай на 2,5 года. Адтэрміноўка значыць, што яна застаецца на волі, але калі зноў парушыць закон на працягу двух з паловай гадоў — пойдзе адбываць 5 гадоў за кратамі.

Таксама суд абавязаў яе выплаціць 78 тысяч рублёў матэрыяльнай шкоды.

Эльвіра Карніцкая мае 40 гадоў працоўнага стажу, 25 гадоў адпрацавала на дзяржаўнай службе, 15 — узначальвала камітэт эканомікі аблвыканкаму. Летась у дачыненьні да яе была распачата крымінальная справа. Зяць чыноўніцы быў адным з заснавальнікаў прыватнай фірмы «Аркабалена Груп». Гэтае прадпрыемства ў 2013 годзе заключыла з аблвыканкамам інвэстыцыйную дамову на арганізацыю вытворчасьці фарбаваных фасадаў. Тэрмін дзеяньня дамовы быў потым падоўжаны, і ўрэшце аблвыканкам пастанавіў лічыць праект рэалізаваным, са стварэньнем 10 працоўных месцаў у Рэчыцы. Пазьней, у 2016 годзе, зяць Карніцкай выйшаў са складу заснавальнікаў фірмы, а яшчэ пазьней вытворчасьць спынілася.

«Спрыяла фірме зяця»

На погляд абвінавачаньня, інвэстыцыйны праект ня быў рэалізаваны ў час, тэрміны здачы абʼекту зацягваліся. Эльвіра Карніцкая ўваходзіла ў Раду па інвэстыцыях аблвыканкаму. Абвінавачаньне лічыць, што яна спрыяла, каб фірму, якая ня выканала інвэстыцыйную дамову, вызвалілі ад налічэньня пені, штрафаў за пратэрміноўку, пазбаўленьня ільготаў, дадзеных як інвэстару (падатак на дададзеную вартасьць пры ўвозе абсталяваньня з-за мяжы).

Паводле абвінавачаньня, вытворчасьць так і не наладзілі, але аблвыканкам прыняў абʼект як рэалізаваны. Пракурор лічыў віну Эльвіры Карніцкай даказанай і прасіў пакараць яе пазбаўленьнем волі на пяць гадоў.

«Не нажыла ні кватэры, ні аўтамабіля — адны хваробы і аўтарытэт»

Сама чыноўніца была ня згодная з абвінавачаньнем і не прызнавала сваёй віны. У апошнім слове на судзе Эльвіра Карніцкая казала, што падоўжыць тэрмін інвэстыцыйнага праекту пастанавіла калегіяльна Рада па інвэстыцыях пры аблвыканкаме. Яе ўзначальваў былы старшыня аблвыканкаму Ўладзімір Дворнік. Апроч кіраўніка рэгіёну, у склад Рады ўваходзілі вышэйшыя службовыя асобы вобласьці, у тым ліку прадстаўнікі сілавых і кантрольных структур. Роля Карніцкай на Радзе была толькі ў тым, каб зачытаць інфармацыю пра інвэстыцыйны праект. Інфармацыю рыхтавалі яе падначаленыя. Чальцы Рады маглі спраўдзіць інфармацыю.

Паводле абвінавачанай, Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, а пазьней — Сьледчы камітэт, бралі пад увагу толькі тыя матэрыялы, якія маглі кінуць цень на Карніцкую. Доказы на карысьць былой чыноўніцы, паводле абвінавачанай, проста ігнараваліся.

Яна лічыць, што праект быў рэалізаваны, інвэстыцыйная дамова была выкананая, хоць сьледзтва трымаецца іншай думкі. «Усе доказы пабудаваныя на здагадках, прамых доказаў маёй віны няма», — заўважыла экс-старшыня камітэту.

У апошнім слове яна зазначала, што часам працавала па 16–18 гадзін, лічыць, што спрыяла разьвіцьцю эканомікі Гомельскай вобласьці.

«За час працоўнай дзейнасьці я не нажыла ні кватэры, ні аўтамабіля, ні лецішча, толькі хваробы і аўтарытэт у сяброў і калегаў», — заўважыла на судзе Эльвіра Карніцкая.

Яна папрасіла прабачэньня ў мужа і дачкі, што ўсё жыцьцё прысьвяціла працы, а родныя былі абдзеленыя ўвагай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG