Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрыманы ўраджэнец Менску, галоўны акцыянэр банку «Югра» Аляксей Хоцін


 Наручники в суде
Наручники в суде

Расейскі прадпрымальнік, галоўны акцыянэр банку «Югра» Аляксей Хоцін затрыманы ў рамках расьсьледаваньня справы аб крадзяжы 7,5 млрд расейскіх рублёў. Пра гэта ў пятніцу паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.

Заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб растраце. У сьледчых мерапрыемствах удзельнічалі супрацоўнікі ФСБ і МУС Расеі.

У ліпені 2017 году Банк «Югра», які ўваходзіў у сотню найбуйнейшых крэдытных арганізацый Расеі па аб’ёмах актываў, у пятніцу пазбавіўся ліцэнзіі. Перад гэтым Цэнтрабанк увёў у ім зьнешняе кіраваньне. У банку гэтае рашэньне назвалі незаконным. Адмяніць яго запатрабавала як кіраўніцтва крэдытнай арганізацыі, так і Генэральная пракуратура Расеі, у якой заявілі, што банк не парушаў свае абавязацельствы.

Уладальнікі банку — Юры Хоцін і ягоны сын Аляксей.

Хоціны — выхадцы з Беларусі, займацца бізнэсам сталі пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі — у 1994 годзе. Першым іх прадпрыемствам стала кампанія па вытворчасьці беларускай касмэтыкі і парфумэрыі «Белкосмекс». Ужо ў 1997 годзе бацька і сын пераяжджаюць у Маскву.

Маёмасьць Аляксея Хоціна ацэньвалася ў 950 млн даляраў. Ягоным капіталам называліся «больш за 2 млн м² камэрцыйнай нерухомасьці ў Маскве», гатэль Four Seasons Moscow, кампанія Exillon Energy і банк «Югра».

Аляксей Хоцін нарадзіўся ў Менску ў 1974 годзе. У 1991 годзе скончыў Менскую сувораўскую ваенную вучэльню, у 1997 — Расейскі эканамічны ўнівэрсытэт імя Пляханава. Прадпрымальнік у 2016 годзе заняў 95 месца ў рэйтынгу 100 найбагацейшых людзей Расеі паводле рэйтынгу часопіса Forbes.

Па дадзеных «Беларускага партызану», сямейны бізнэс Хоціных актыўна падтрымліваўся беларускімі чыноўнікамі і сілавікамі, якія, як і прадпрымальнікі, перабраліся ў Расею. Іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што заступнікам Хоціна зьяўляецца сам Аляксандар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG