Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вяртаецца да свайго вобразу 1990-х гадоў


Выбарчая камісія, Менск. 2017 год

Лукашэнка зьбіраецца ісьці на выбары з палітычнай праграмай 1990-х гадоў, ва ўсякім разе на ўзроўні рыторыкі.

Сьцісла:

  • Пасланьне насіла яўны перадвыбарчы характар.
  • Лукашэнка зьвяртаўся да свайго электарату, выкарыстоўваючы танны папулізм.
  • Кіраўнік Беларусі вяртаецца да свайго вобразу 1990-х гадоў.
  • Ёсьць вялікія сумненьні, што Лукашэнка па-ранейшаму адчувае нэрв грамадзтва, размаўляе зь ім на адной мове.
  • Лукашэнка ня хоча прысьпешваць прэзыдэнцкія выбары, бо ня хоча паказацца слабым.

Пасланьне як піяр

Відавочны перадвыбарчы характар сёньняшняга пасланьня выяўляўся ва ўсім. Там выразна заўважны вельмі моцны піяраўскі складнік. Лукашэнка гаварыў даволі эмацыйна, выкарыстоўваючы ўсе прыёмы прамоўнага мастацтва. Раз-пораз праступала тая харызма, якая так эфэктыўна працавала ў 1990-я гады. Прамова была наскрозь палемічная, ён увесь час спрачаўся зь нейкімі ананімнымі апанэнтамі. Больш чым звычайна жартаваў.


Было добра бачна, як Лукашэнка наўпрост апэляваў да тых сацыяльных груп, якія ён лічыць сваім надзейным электаратам. То бок да людзей зь нізкімі даходамі: выхавацелек дзіцячых садкоў, пэнсіянэраў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, жыхароў рэгіёнаў, сельскага насельніцтва.

Піяраўскі складнік найбольш выяўляўся ў выглядзе папулізму, прычым, на што варта зьвярнуць увагу, вельмі таннага. Месцамі гэта было наўпрост вяртаньне да старой, немудрагелістай папулісцкай рыторыкі 1990-х гадоў.

Вяртаньне ў 1990-я гады

Існуе вялікі запыт на справядлівасьць у нашым грамадзтве, кажа Лукашэнка. І тут жа кідаецца змагацца з цэнамі. Гэтаму пытаньню быў прысьвечаны вялікі сюжэт, хоць цяпер інфляцыя як раз невялікая. Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю за тое, што яно не трымае цэны. Маўляў, «загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы», пляваць, што там скажуць на Захадзе. Але папрок на адрас міністэрства не мае рацыі, бо найболш як раз растуць рэгуляваныя цэны.


Лукашэнка некалькі разоў нэгатыўна казаў пра рынак, грэбліва выказаўся пра малы і сярэдні бізнэс («торбешнікі і мешочнікі»), пра фэрмэраў, якія пра сялян не думаюць. ІТ — гэта добра, але прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі зьяўляецца рэальны сэктар, «буйныя прадпрыемствы і вытворчасьці».

Адказваючы на пытаньне Канапацкай пра рынкавыя рэформы, ён адзначыў, што ягоны электарат ня ўпісваецца ў рынак, таму будзем захоўваць статус-кво.

Інакш кажучы, Лукашэнка зьбіраецца ісьці на выбары з палітычнай праграмай 1990-х гадоў, ва ўсякім разе на ўзроўні рыторыкі. У гэты канцэпт добра кладзецца і нядаўняя гучная гісторыя з бруднымі каровамі, і новы ўсплёск барацьбы з карупцыяй, і аплявуха беларускай мове, і крыжалом на Курапатах. Гэта пэўны адкат ад выбарчых кампаній і 2010, і 2015 гадоў, падчас якіх рэфарматарская рыторыка, апэляцыя на новых сацыяльных групаў грамадзтва была заўважнай.

Лукашэнка не заўважыў зьменаў у грамадзтве?

Адмаўляючыся ад рынкавых рэформаў, Лукашэнка імкнецца закансэрваваць старую сацыяльную структуру грамадзтва, каб штучна захаваць свой электарат. Ён лічыць, што работнікі дзяржаўнага сэктару — гэта яго прыхільнікі. А да тых сацыяльных слаёў, якіх ён не бачыць сваім электаратам, стаўленьне зьлёгку зьняважлівае. Айцішнікі — разумныя людзі, але ўсё ж пры любым разьвіцьці тэхналёгій малако будзе даваць карова. Да моладзі, якая хоча з’ехаць у пошуках лепшай долі: хочаце пасуду мыць на Захадзе? І ўсе беларускамоўныя ператопчуцца.


Аднак, ці не памыляецца Лукашэнка ў сваім зьвяртаньні да праграмы ці нават толькі рыторыкі 1990-х гадоў? Усё ж грамадзтва зьмянілася. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што большасьць беларусаў станоўча ставіцца да рынкавых адносін. Ёсьць вялікія сумненьні, што Лукашэнка па-ранейшаму адчувае нэрв грамадзтва, размаўляе зь ім на адной мове. Вось, напрыклад, параўнальна вялікую ўвагу ён надаў спорту. Наўрад ці ягонаму электарату так цікавыя дробязі і дэталі выступаў беларускіх спартоўцаў. Ці хто з насельніцтва лічыць галоўнай падзеяў году ў краіне Эўрапейскія гульні?

Выбары і Канстытуцыя

Нарэшце ў пасланьні праясьнілася загадка з выбарамі. Не спраўдзіліся шматлікія прагнозы наконт таго, што першымі будуць прэзыдэнцкія выбары, і яны пройдуць гэтым годам? Лукашэнка фактычна растлумачыў: не хачу «вярцець» з выбарамі. Перакладаю на зразумелую мову. Прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 2019 год, то бок на год раней канстытуцыйнага тэрміну — гэта значыць паказаць, што ён чагосьці баіцца, што ён слабы, няўпэўнены. А гэта дрэнны сыгнал чынавенству, замежным суб’ектам.

Пра новую Канстытуцыю. Лукашэнка зазначыў, што менавіта новаму складу Палаты прадстаўнікоў давядзецца прымаць новы Асноўны Закон. Аднак справа ў тым, што паводле дзейнай Канстытуцыі, тыя артыкулы, якія тычацца сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, павінны прымацца на рэфэрэндуме.


Нарэшце аб тым, чаго хацела пачуць, але не пачула палітызаваная частка грамадзтва. Маю на ўвазе важнейшую сёньняшнюю палітычную праблему краіны — беларуска-расейскі канфлікт. Думаю, Лукашэнка ня хоча падліваць алей у агонь, абвастраць адносіны з Расеяй далей нейкай мяжы. І пакуль імкнецца, каб гэтая праблема была вынесена на пэрыфэрыю грамадзкай увагі. Таму гіпотэза амбасадара Бабіча, што Лукашэнка будзе ладзіць выбарчую кампанію ў вобразе абаронцы незалежнасьці, пакуль не спраўджваецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG