Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей распавёў, як трэба ўпарадкаваць Курапаты

абноўлена

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што Курапаты трэба ўпарадкаваць «акуратна, па-чалавечы», піша Tut.by.

Пасьля зносу крыжоў у Курапатах МЗС Беларусі сустрэўся з эўрапейскімі дыпляматамі, каб патлумачыць сытуацыю.

Паводле Макея, МЗС сам запрасіў дыпляматаў, «каб ня ўзьнікала нейкіх непатрэбных здагадак ці няправільных асацыяцый».

«Курапаты павінны быць мэмарыялам, мэмарыял мусіць быць добраўпарадкаваны. І мне здаецца, з пункту гледжаньня нармальнай агульначалавечай лёгіцы зусім апраўдана, каб гэта было месца, куды маглі б прыйсьці, хто хоча пакланіцца, аддаць даніну памяці тым, хто быў расстраляны і хто там пахаваны. Што тычыцца пытаньняў добраўпарадкаваньня, любы чалавек падтрымае гэта», — сказаў Макей.

Што тычыцца зносу крыжоў Макей заявіў, што трэба глядзець, ці адпавядала іх усталяваньне заканадаўству пра помнікі і памятныя месцы.

«Натуральна, паступаць трэба акуратна, па-чалавечаму. Але тут я лічу, з пункту гледжаньня наданьня гэтаму месцу значнасьці, сапраўднага народнага мэмарыялу, трэба зрабіць усе, каб гэта месца было агароджана з усіх бакоў, каб людзі змаглі зайсьці ўнутр, памаліцца», — сказаў Макей.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Будзе абноўлена

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG