Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праезд у Менску мае каштаваць 2,10–2,85 рубля, каб акупляўся, — «Менсктранс»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўнае прадпрыемства «Менсктранс», якое забясьпечвае працу грамадзкага транспарту ў беларускай сталіцы, 17 красавіка адказала на пытаньні шэрагу журналістаў. Пра пэтыцыю кіроўцаў наконт умоваў працы і стану тэхнікі было сказана: «Ведалі, куды ішлі».

Як перадае Tut.by, намесьнік генэральнага дырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік заявіў: у краінах Балтыі праезд каштуе 1–1,2 эўра, у Расеі каля пяці гадоў таму — 1 даляр, і столькі ж ён павінен каштаваць у Беларусі, каб транспарт акупляўся.

Павялічыць цэны на праезд ягонае прадпрыемства прапаноўвала «яшчэ ўвосень», але рашэньне прымае Менгарвыканкам, а яго старшыня Анатоль Сівак казаў, што «трэба вывучыць абгрунтаванасьць» такога рашэньня.

Цэны на адну паездку ў грамадзкім транспарце Менску цяпер такія: 60 капеек ($0,29, або €0,25) за паездку ў звычайных аўтобусах, тралейбусах і трамваях, 65 капеек на мэтро (столькі ж на наземным транспарце, калі прадае кіроўца), 75 капеек у экспрэс-маршрутах. «Безьлімітны» праязны на месяц на ўсе названыя віды транспарту каштуе 49,61 рубля ($23,6, або €20,88). У недзяржаўных маршрутных таксі ў Менску звычайна просяць за праезд каля 2 рублёў.

Цяпер менчукі аплочваюць толькі 40–50% сабекошту праезду ў залежнасьці ад віду транспарту, заявіў першы намесьнік гендырэктара «Менсктрансу» Алег Дзюбенка. Ён дадаў, што цяпер больш за палову машынаў «Менсктрансу» трэба сьпісваць, сярэдні ўзрост аўтобусаў і тралейбусаў складае 9,5 года пры нарматыве 10 гадоў службы (у трамваяў узрост 11 гадоў, тэрмін службы — 15).

Пры гэтым Дзюбенка заявіў, што тэхнічны стан транспарту адпавядае нарматывам, а выпраўленьне няспраўнасьцяў залежыць ад таго, ці падае заяўку кіроўца. Так ён адказаў на калектыўны зварот кіроўцаў тралейбуснага парку № 3: у лютым тыя скардзіліся ў пракуратуру і Міністэрства працы на «лысую гуму» на колах, слабыя фары, няспраўныя дворнікі, а таксама зьніжэньне аплаты працы і надта кароткія нарматывы на час рэйсу.

Тозік прызнаў, што ў кіроўцаў «цяжкія ўмовы працы», але дадаў, што зрабіць больш зручныя ўмовы — напрыклад, выходны строга ў нядзелю або звычайны 8-гадзінны працоўны дзень, — няпроста. Наконт кіроўцаў ён заўважыў: «Чалавек ведаў, куды ішоў».

Пасьля публікацыі звароту кіроўцы скардзіліся на ціск з боку начальства, патрабаваньні адклікаць подпісы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG