Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскіх аўтобусных маршрутах № 1, 100 і 300 зьявіцца Wi-Fi


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дырэктар кампаніі «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Шкуратаў заявіў БЕЛТА, што цяпер «вырашаюцца тэхнічныя пытаньні» запуску пунктаў доступу Wi-Fi у менскім аўтобусным маршруце № 300э, які ідзе ад Цэнтральнага аўтавакзалу да Нацыянальнага аэрапорту Менск.

Доступ да інтэрнэту зьявіцца ў аўтобусах у межах падрыхтоўкі да ІІ Эўразійскіх гульняў. Таксама «Менсктранс» плянуе ўключыць Wi-Fi на аўтобусных маршрутах № 1 (ідзе ад чыгуначнага вакзалу па праспэкце Пераможцаў да Вясьнянкі) і № 100 (ідзе ад былога аэрапорту «Менск-1» па праспэкце Незалежнасьці да вуліцы Славінскага). Падключэньне W-Fi на двух апошніх маршрутах «на этапе заключэньня дамоваў».

Да ІІ Эўразійскіх гульняў Wi-Fi мае зьявіцца таксама на спартовых аб’ектах, у фан-зонах, студэнцкай вёсцы.

Шкуратаў таксама пацьвердзіў ранейшыя зьвесткі аб тым, што Wi-Fi зьявіцца на станцыях менскага мэтро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская», а «пры пасьпяховай рэалізацыі» — і на іншых станцыях (хоць спачатку дырэктар менскага мэтро называў гэта немэтазгодным і небясьпечным для пасажыраў).

Мабільная сувязь тым часам дазваляе карыстацца інтэрнэтам на плятформах менскага мэтро, але ў тунэлях між станцыямі сыгналу недастаткова ня толькі для інтэрнэту, але часам і для тэлефанаваньняў. Тры мабільныя апэратары запусьцілі тэставы 3G-участак між станцыямі «Малінаўка» і «Пятроўшчына» яшчэ ў чэрвені 2016 году, але пра пляны пашырыць праект на іншыя тунэлі дагэтуль ня кажуць.

***

Скарыстацца бясплатным публічным Wi-Fi у Беларусі можна, толькі даўшы пашпартныя зьвесткі (або паказаць пашпарт упаўнаважанаму чалавеку, каб атрымаць пароль, або атрымаць пароль праз SMS, бо пашпартнымі зьвесткамі тады падзеліцца апэратар). Да красавіка 2016 году для запуску Wi-Fi на транспарце быў патрэбен адмысловы дазвол.

«Пашпартнае» патрабаваньне называюць адной з прычынаў малога распаўсюду «вулічнага» інтэрнэту ў Беларусі, якім маглі б скарыстацца турысты і які распаўсюджаны ва ўсіх суседніх краінах. У Эўразьвязе цяпер заплянавалі зрабіць бясплатныя пункты доступу Wi-Fi нават у малых населеных пунктах.

У рэйтынгу самых «разумных» гарадоў сьвету няма беларускіх

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG