Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэб-распрацоўшчык зь Менску Павал Каляда стварыў чат-бот шукаць згубленых катоў і сабак. Бот «Мазай» дапамагае знайсьці сваіх зьніклых гадаванцаў і ўладкаваць знойдзеных хатніх жывёл.

Павал Каляда стаў шчыльна займацца дапамогай хатнім жывёлам пасьля таго, як стаў гаспадаром трох сабак. Праграміст кажа Свабодзе, што ідэя стварыць альгарытм, які б дапамагаў у пошуку зьніклых гадаванцаў, выпрацоўвалася доўга. Сам чат-бот быў створаны за два дні. Даводзілася працаваць і начамі.

«Дзеяньні зоаабаронцаў, валянтэраў і суполак у сацыяльных сетках не заўжды добра скаардынаваныя і таму не такія эфэктыўныя», — тлумачыць цяжкасьці з уладкаваньнем знойдзеных жывёл Павал Каляда.

Як працуе чат-бот «Мазай»?

Скарыстацца чат-ботам можна праз Facebook Messenger па кароткай спасылцы m.me/Mazajcares або праз опцыю «Даслаць паведамленьне» ў фэйсбук-суполцы «Мазая».

Бот будзе карысны тым, хто знайшоў ці згубіў гадаванца ў любым месцы Беларусі. Цяпер валянтэры зьбіраюць інфармацыю і наладжваюць супольнасьць спэцыялістаў і зоаабаронцаў для асобных раёнаў краіны. Сетка кантактаў «Мазая» цяпер налічвае больш за сотню чалавек.

«Мы ставілі мэтай ня толькі навучыць «Мазая» распавядаць альгарытм дзеяньняў і генэраваць абвесткі для сацсетак, нам важна было стварыць супольнасьць валянтэраў-спэцыялістаў: лекараў, фатографаў, груэраў, кіроўцаў, піяршчыкаў, якія гатовыя апэратыўна прыйсьці на дапамогу ці даць параду», — кажа Павел Каляда.

Пасьля таго як вы пачняце размову з чат-ботам, ён прапануе вам альгарытмы: як агледзець жывёлу, як аказаць першую дапамогу, што рабіць, дзе паблізу знайсьці вэтэрынарную клініку. З дапамогай чат-бота таксама можна атрымаць бясплатную кансультацыю вэтэрынара або знайсьці чалавека, які давязе знойдзенага гадаванца да клінікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG