Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія бізнэсоўцы ахвяравалі 300 млн эўра на аднаўленьне сабора Парыскай Божай Маці


Сабор Парыскай Божай Маці падчас пажару 15 красавіка

Францускія мільярдэры ўжо ахвяравалі 300 мільёнаў эўра на рэстаўрацыю сабора Парыскай Божай Маці, які напярэдадні моцна пацярпеў ад пажару.

Сям'я францускага бізнэсоўцы-мільярдэра Бэрнара Арно і яго кампанія LVMH (француская транснацыянальная кампанія, вядомы вытворца прадметаў раскошы пад гандлёвымі маркамі Louis Vuitton, Givenchy, Guerlain, Chaumet, Moët & Chandon, Hennessy і інш.) ахвяруюць 200 мільёнаў эўра, каб дапамагчы адрамантаваць парыжскі сабор Нотр-Дам, гаворыцца ў заяве, зробленай ад імя Арно, паведамляе Reuters.

«Сям’я Арно і група LVMH хацелі б прадэманстраваць сваю салідарнасьць падчас нацыянальнай трагедыі і аб’яднацца, каб дапамагчы аднавіць гэты незвычайны сабор, які зьяўляецца сымбалем Францыі, яе спадчыны і францускага адзінства», — сказана ў заяве.

Пра ахвяраваньне 100 млн эўра на рэстаўрацыю сабору таксама заявіў францускі мільярдэр Франсуа-Анры Піно.

«Гэтая трагедыя, якая закранае усіх французаў. Усе хочуць як мага хутчэй аднавіць гэтую каштоўнасьць нашай агульнай спадчыны», — заявіў Піно. Сродкі выдзеліць кампанія Artemis, якая належыць мільярдэру, паведамляе DW.

Пажар у саборы Парыскай Божай Маці пачаўся напярэдадні вечарам і працягваўся дзевяць гадзін. Паводле папярэдніх дадзеных, прычынай узгараньня сталі рамонтныя работы. У выніку пажару абрынуліся шпіль і дах сабора. Пажарнікам удалося выратаваць каркас Нотр-Дама.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў, што сабор будзе адноўлены. Ён заявіў, што пажарным удалося пазьбегнуць найгоршага разьвіцьця падзей — абвальваньня сьцен храма.

Хто яшчэ дапаможа аднаўляць сабор

​Францускі фонд захаваньня культурнай спадчыны заявіў, што адкрые сайт для збору сродкаў на рэстаўрацыю сабора. Грошы пачалі зьбіраць на краўдфандынгавых плятформах, ужо ў першыя гадзіны пасьля пажару толькі на адной зь іх было сабрана 12 тысяч даляраў. Пазьней адпаведны разьдзел «Выратуем Нотр-Дам» зьявіўся на сайце фонду. Карыстальнікам прапануецца зрабіць унёсак на суму ад 50 да 500 эўра — ці ўказаць любую іншую суму на выбар.

Нью-ёркскае Таварыства францускай спадчыны і краўдсорсынгавая плятформа Gofundme прапанавалі таксама дапамагчы сабору. «Нотр-Дам, несумненна, архітэктурны шэдэўр і помнік, які, безумоўна, неабходна аднавіць», — заявіла выканаўчая дырэктарка таварыства Джэніфэр Герлайн.

Герлайн не змагла паведаміць, колькі сродкаў сабрала яе арганізацыя ў панядзелак. Летась таварыства выдзеліла два гранты на агульную суму больш як $ 430 тысяч на праекты, зьвязаныя з рэстаўрацыяй Нацыянальнай бібліятэкі Францыі.

У Арганізацыі ААН па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) таксама заявілі, што сочаць за сытуацыяй з саборам Парыскай Божай Маці пасьля пажару 15 красавіка і абяцаюць спрыяць у аднаўленьні помніка.

У Эўразьвязе гатовыя надаць любую дапамогу Францыі ў сувязі з пажарам у рамках мэханізму грамадзянскай абароны — выратавальную тэхніку, транспарт, спэцыялістаў, мэдпэрсанал і іншыя рэсурсы.

Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG