Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра сабор Парыскай Божай Маці, дзе адбыўся пажар


Cабор Парыскай Божай Маці, 2009 год
Cабор Парыскай Божай Маці, 2009 год

Магутны пажар увечары 15 красавіка зьнішчыў усе драўляныя канструкцыі даху ў саборы Парыскай Божай Маці. У выніку абрынуўся шпіль будынка. Мы сабралі цікавыя факты пра гатычны шэдэўр, які адзначыў свой 850-гадовы юбілей у 2013 годзе.

Першы камень закладзены ў 1163 годзе

Будаўніцтва сабора Парыскай Божай Маці распачалося падчас праўленьня Людовіка VII. Тады сярэднявечны горад рос колькасна, набываючы рысы палітычнага і эканамічнага цэнтру каралеўства Францыі.

Асноўныя будаўнічыя работы працягваліся да 1260 году, то бок 100 гадоў. У XVII-XVIII стагодзьдзі сабор перажыў капітальную рэканструкцыю і дабудовы. Сьцены і вітражы адлюстроўваюць вобразы і ўрокі з Бібліі.

Вежы з хімэрамі

Даміноўнымі ў архітэктуры сабору ёсьць вежы-званіцы XIII стагодзьдзя. Яны не «блізьняты», як можа здацца на першы погляд. Паўночная крыху большая за паўднёвую.

Пераадолеўшы 387 прыступак да вежаў, наведнікі трапляюць у галерэю хімэраў — мітычных істотаў. Самая вядомая зь іх — гаргульля Le Stryge — назірае за Парыжам зь вяршыні сабора. Нягледзячы на сваю гатычнасьць, скульптуры хімэраў і гаргульляў не сярэднявечныя — іх мяняюць прыблізна кожныя 150 гадоў.

Нотр-дамская гаргульля
Нотр-дамская гаргульля

Лес пад дахам

Для ўзьвядзеньня даху 128-мэтровай бажніцы спатрэбілася сьсекчы 21 гэктар дубовага лесу. Кожная папярэчына канструкцыі даху ўяўляе сабой адно дрэва. Такім чынам, на будаўніцтва пайшло 1300 дубоў, некаторыя зь якіх датуюцца ІХ стагодзьдзем. Цяпер усё гэта багацьце згарэла.

Барэльефы на саборы
Барэльефы на саборы

Рэліквіі сабора

У цэнтральным шпілі сабора захоўваліся тры рэліквіі: фрагмэнт цярновага вянка Хрыста, рэліквіі сьвятога Дзянісія (Сэн-Дэні, першы біскуп Парыжу) і сьвятой Жэнэўевы, апякункі Парыжу.

Месца раману «Сабор Парыскай Божай Маці»

Сабор Парыскай Божай Маці стаў эпіцэнтрам клясычнага рамана Віктора Гюго «Notre-Dame de Paris». Галоўны герой Квазімода, які наводзіць жах на парыжан пачварнай зьнешнасьцю, знаходзіць прытулак у саборы, дзе працуе ў якасьці званара. Твор перажыў новую хвалю папулярнасьці ў ХХ стагодзьдзі са зьяўленьнем Галівуду і тэатральных мюзіклаў.

Чэргі турыстаў і французкі салдат ля сабору Парыскай Божай Маці. Архіўнае фота
Чэргі турыстаў і французкі салдат ля сабору Парыскай Божай Маці. Архіўнае фота

Самы папулярны турыстычны аб’ект Парыжу

Больш за 13 мільёнаў наведнікаў праходзяць праз сабор кожны год. Гэта азначае каля 35 тысяч наведнікаў штодня. 99% гарадоў у Францыі маюць меншае насельніцтва.

Вульлі на даху

У 2013 годзе на даху рызьніцы паставілі вульлі, якія вырабіў вядомы ў Францыі пчаляр Нікаля Жэан. Для Нотр-Даму выбралі пчол Бакфаст, якія зьбіралі пылок у маляўнічым садзе ля сьценаў храма. Іхны мёд раздавалі жабракам. Лёс пчальніку пасьля пажару невядомы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG