Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я буду прэм’ерам усіх ізраільцян»: Нэтаньягу ўзначаліць урад Ізраіля ў рэкордны пяты раз


Біньямін Нэтаньягу
Біньямін Нэтаньягу

Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Ізраілі, якія прайшлі ў аўторак, 9 красавіка, дазволяць бягучаму прэмʼер-міністру краіны Біньяміну Нэтаньягу застацца на пасадзе на рэкордны пяты тэрмін, сфармаваўшы правую рэлігійную кааліцыю і атрымаўшы большасьць у парлямэнце.

Афіцыйна пра гэта яшчэ не абвешчана, але прэзыдэнт Ізраіля Рэўвен Рывлін пачне на наступным тыдні кансультацыі з партыямі, якія прайшлі ў Кнэсет (парлямэнт).

Па выніках падліку 97% галасоў кіруючая правакансэрватыўная партыя «Лікуд», якую ўзначальвае Нэтаньягу, і левацэнтрысцкі блёк «Кахоль Лаван» (у яго кіраўніку стаяць генэрал Біньямін Ганц і ізраільскі лібэральны журналіст Яір Лапід) атрымліваюць па 35 мандатаў. Раней і Ганц, і Нэтаньягу абвясьцілі пра сваю перамогу ў твітэры.

Аднак партыю Нэтаньягу «Лікуд» падтрымліваюць больш партый, якія атрымалі месцы ў парлямэнце. І гэта, па падліках экспэртаў, дазволіць прэмʼеру стварыць кааліцыю з правацэнтрысцкіх і рэлігійных сілаў і атрымаць мінімум 65 месцаў, гэта значыць больш, чым яму трэба для большасьці (усяго ў Кнэсеце засядаюць 120 дэпутатаў).

Ізраільскі палітоляг Арыка Эльман у размове з тэлеканалам «Настоящее время» выказаўся, што адна з галоўных прычынаў, па якой ізраільцяне вырашылі аддаць свае галасы на выбарах Нэтаньягу, «палягае ў тым, што яны аддаюць перавагу мець на гэтым этапе такога кіраўніка сваёй краіны, у якога ўжо ёсьць досьвед працы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам»:

«Вядома ж, у Трамп настроі ў адносінах з сусьветнымі лідэрамі вельмі часта мяняюцца: дастаткова ўспомніць зьмяненьне яго пазыцыі ў адносінах да Эрдагана або да лідэраў Пакістану. Але ў Трампа ёсьць базісная праізраільская схільнасьць, якую ён ніколі не хаваў. А калі да яго падабраць ключы — яе можна ператварыць у нейкі сталы палітычны вэктар», — заўважае экспэрт. Паводле яго слоў, у Нэтаньягу гэтыя «ключы» да Трампа падабраць атрымалася: вынікам гэтага ўжо стаў перанос амбасады ЗША ў Ерусалім і тое, што ЗША прызналі Галянскія вышыні тэрыторыяй Ізраіля.

Па дадзеных ЦВК, яўка выбарнікаў у Ізраілі склала 67,9% (на выбарах у 2015 годзе яўка складала 72,3%). Лібэральны блёк «Кахоль Лаван», які зрабіў сваім асноўным лёзунгам супрацьстаяньне Нэтаньягу, перамог у Тэль-Авіве і ўнівэрсытэцкай Хайфе, а партыя «Лікуд» выйграла ў Ерусаліме і на пэрыфэрыі.

****

Нэтаньягу абвясьціў датэрміновыя выбары ў лістападзе 2018 году пасьля таго, як распалася папярэдняя кіруючая кааліцыя. Да распаду прывяла адстаўка міністра абароны Авігдора Лібэрмана: у міністра, які займае жорсткую пазыцыю ў адносінах да палестынскіх тэрыторыях, паўсталі рознагалосьсі з урадам па далейшых кроках у Паласе Газа.

У сьнежня 2018 году паліцыя Ізраіля рэкамэндавала выставіць Нэтаньягу абвінавачваньні ў карупцыі па так званай «Справе 4000». Паліцыя сьцьвярджае, што знайшла дастаткова доказаў хабарніцтва і махінацый з боку кіраўніка Ізраіля і яго жонкі.

Усяго супраць прэмʼер-міністра ўжо некалькі гадоў вядуцца пяць розных расьсьледаваньняў па падазрэньні ў хабарніцтве і ціску на СМІ. Аднак сам прэмʼер сьцьвярджае, што не парушаў закон. У сьнежні 2017 году каля 20 тысяч ізраільцян прынялі ўдзел у антыкарупцыйнай дэманстрацыі ў Тэль-Авіве, патрабуючы прыцягнуць Нэтаньягу да адказнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG