Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «надмагільле Пуціну» актывіста арыштавалі на 9 сутак


Кастрычніцкі раённы суд расейскага Санкт-Пецярбургу арыштаваў актывіста руху «Агит Россия» Андрэя Жэксімбаева на дзевяць сутак за правядзеньне акцыі без падачы паведамленьня (частка 2 артыкул 20.2 КаАП), паведамляе Аб’яднаная прэс-служба судоў гораду.

Па вэрсіі суду, Жэксімбаеў нібыта ўсталяваў насупраць Ісакіеўскага сабору «надмагільле» прэзыдэнту Расеі Ўладзіміра Пуціна. Сам актывіст заявіў, што ня згодны з адміністрацыйным пратаколам і наогул не выходзіў з дому тыдзень, піша «Медиазона».

Таблічка з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна насупраць Ісакіеўскага сабору ў Санкт-Пецярбургу зьявілася 3 красавіка. На ёй былі пазначаны дата нараджэньня кіраўніка Расеі і — праз злучок — лічба «2019». Ніжэй напісана «Здрадзіў народу Расеі».

Пазьней актывісты руху «Агит Россия» паведамілі ў твітэры, што таблічку ўсталявалі яны.

«Што мы хацелі гэтым сказаць: за прынятыя антынародныя законы, пастаянную хлусьню і агіднае праўленьне Пуцін памёр для грамадзянаў Расеі», — гаварылася ў публікацыі «Агит России».

Па словах актывістаў, Пецярбург «прыняў эстафэту», як гэта раней зрабілі Масква і Набярэжныя Чоўны. Там у сакавіку зьявіліся падобныя «надмагільлі», піша Настоящее время.

12 сакавіка суд у Набярэжных Чоўнах арыштаваў на 28 сутак мясцовага актывіста Карыма Ямадаева, які ўсталяваў інсталяцыю ў выглядзе магілы Ўладзіміра Пуціна ля будынку Сьледчага камітэта. На актывіста склалі пратакол па артыкуле аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня акцыі. У студзені Ямадаева прыцягвалі да адказнасьці за ўстаноўку помніку ахвярам палітычных рэпрэсій. Помнік з надмагільлем Пуціна з фота прэзыдэнта і надпісам «1952-2019» зьявіўся ля будынку СК 10 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG