Насупраць Ісакіеўскага сабору ў Санкт-Пецярбургу зьявілася стылізаваная пад надмагільле шыльда з выявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. На ёй пазначаны дата нараджэньня кіраўніка дзяржавы і праз злучок лічба «2019». Ніжэй напісана «Здрадзіў народу Расеі», паведамляе Настоящее время.
Таблічку сфатаграфаваў пецярбурскі журналіст Давід Фрэнкель, праз прыкладна паўгадзіны рух «Агит Россия», нікнэйм якога таксама намаляваны на «надмагільлі», паведаміў у твітэры, што таблічку ўстанавілі яго актывісты.
12 сакавіка суд у расейскіх Набярэжных Чоўнах арыштаваў на 28 сутак мясцовага актывіста Карыма Ямадаева, які зрабіў інсталяцыю ў выглядзе магілы Ўладзіміра Пуціна ля будынка Сьледчага камітэту. На актывіста склалі пратакол паводле артыкулу аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня акцыі. У студзені Ямадаева прыцягвалі да адказнасьці за ўстаноўку помніку ахвярам палітычных рэпрэсій. Помнік з надмагільлем Пуціна з фота прэзыдэнта і надпісам «1952-2019» зьявіўся ля будынка СК 10 сакавіка.